viasna on patreon

Праваабаронца "Вясны" распавёў пра збіццё супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Ён падае на іх заяву ў межах універсальнай юрысдыкцыі

2021 2021-07-05T16:45:31+0300 2021-07-05T16:55:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salaueu_909.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў рыхтуе заяву на супрацоўнікоў ГУБАЗІКа да далучэння да крымінальнай справы, узбуджанай у адной з краінаў Еўрапейскага саюзу ў межах механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі па фактах збіцця і катаванняў грамадзянаў Беларусі ў 2020-2021 гадах. Праваабаронца з'яўляецца падазраваным па крымінальнай справе супраць "Вясны" па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Зміцер распавёў, як падчас масавых ператрусаў у праваабаронцаў і актывістаў 16 лютага яго збілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Ён шукае іншых пацярпелых ад тых самых супрацоўнікаў.

Зміцер Салаўёў. Фота: spring96.org
Зміцер Салаўёў. Фота: spring96.org

Затрымлівалі два разы. Пераслед праваабаронцы 

Нагадаем, што падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага ў дом Змітра Салаўёва пад Мінскам уварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіКа і правялі ператрус, канфіскавалі тэхніку. Ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК. Пасля ператрусу праваабаронца быў затрыманы. 18 лютага Салаўёў быў асуджаны на 12 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. На яго доме ўбудаваны бетонны барэльеф з "Пагоняй", і суддзя суда Мінскага раёна Анжаліка Казлова палічыла гэта пікетаваннем. 28 лютага яго вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання.

1 сакавіка Зміцера зноў затрымалі. У аэрапорце "Мінск-2" чатыры невядомыя ў форме памежнікаў знялі яго з пасадкі пасля праходжання мытнага і памежнага кантролю. Праваабаронцу даставілі ў Следчы камітэт, дзе яму паведамілі, што ён з'яўляецца падазраваным па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Праваабаронца і Праваабарончы цэнтр "Вясна" лічыць пераслед Зміцера палітычна-матываваным за дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам і ўдзельніцам мірных сходаў.

"Удары ў галаву, удары па нагах". Як збівалі праваабаронцу 16 лютага

Цяпер праваабаронца падрабязна апісвае сваё затрыманне і ўзгадвае абставіны таго дня:

"16 лютага 2021 года прыкладна ў 7 гадзінаў раніцы супрацоўнікі ГУБАЗІКА разам з умацаваннем (АМАП, САХР) – каля 10 чалавек разам, выламалі усе дзверы ў маім доме, дзе знаходзіўся я з жонкай і дачкой. Падчас вобшуку супрацоўнік ГУБАЗіКа, які кіраваў штурмам і вобшукам, пачаў мяне збіваць (удары ў жывот, галаву), пасля да збіцця падключыліся іншыя асобы ў масках – удары ў галаву, удары па нагах. У адказ на патрабаванье выдаць копію пратаколу вобшуку – удар па назе ад асобы ў чорным у масцы (так званая "падсечка", пасля каторай ляцеў патыліцай аб падлогу)". 

Па словах Зміцера, пасля вобшуку яго перавозілі на мікрааўтобусе сіняга колеру, дзе таксама збівалі:

"Падчас перавозкі невядомы ў масцы ўдарыў мяне ззаду кулаком у патыліцу – у выніку праявы ЧМТ, пашкоджанне шыйнага аддзелу пазваночніка. У РАУС Мінскага раёну высветлілася, што старэйшы оперупаўнаважаны падпалкоўнік Валадзько (па-расейску – В.М. Володько) і старэйшы оперупаўнаважаны падпалкоўнік Рудэнка (па-расейску – В.В. Руденко) склалі рапарт, адпаведна катораму ў мяне на доме размешчана выява Пагоні, што на іх думку з'яўляецца масавым мерапрыемствам (за што я і атрымаў 12 сутак па рашэнні суддзі Казловай)".

Цяпер Зміцер шукае пацярпелых ад дзеянняў старэйшага оперупаўнаважанага падпалкоўніка Валадзько і старэйшага оперупаўнаважанага падпалкоўніка Рудэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства