viasna on patreon

За абразу намесніка міністра ўнутраных спраў - паўтары гады "хатняй хіміі" і тысяча рублёў кампенсацыі

2021 2021-07-08T10:57:03+0300 2021-07-08T11:04:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novikava-alena-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Новікава ў судзе.

Алена Новікава ў судзе.

У судзе Мінскага раёна 8 ліпеня вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхаркі Ждановічаў Алены Новікавай. Яе вінавацяць ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 КК.

Справу разглядае суддзя Анжаліка Казлова, дзяржабвінаваўца - памочнік пракурора  Крысціна Касінская.

Па матэрыялах следства, 5 сакавіка Новікава з выкарыстаннем інтэрнэту ў ТГ-канале “Тыповая Беларусь” пакінула зняважлівы каментар пад матэрыялам пра намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча.

Новікаву затрымалі 27 красавіка, а 30 красавіка адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Сваю віну прызнае цалкам. Кажа, што слова “сука” тычылася не канкрэтна Казакевіча, а артыкула ўвогуле.

7 ліпеня пацярпелы ў суд не з’явіўся, просіць суд разгледзець справу ў яго адсутнасць. Таксама заяўляе матэрыяльную прэтэнзію у якасці кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў.

“Новікава спрабавала сваім каментаром перашкодзіць мне выконваць свае абавязкі”, - напісаў Казакевіч у заяве.

Абвінавачаная прыйшла на працэс без адваката. Суддзя запыталася - чаму без адваката, па матэрыяльных прычынах?  Новікава адказала, што так, па матэрыяльных.

novikava-alena-sud-2.jpg
Суддзя Анжаліка Казлова

У ТГ-канале быў змешчаны артыкул аб мітынгах, дзе Казакевіч назваў пратэстуючых наркаманамі, алкаголікамі, дармаедамі.

Суддзя пытаецца, адкуль Новікава ведае, хто ходзіць на мітынгі, самі хадзілі?

Новікава:

- Толькі 16 жніўня, але ёсць знаёмыя, якія наведваюць. Столькі няма ў нас наркаманаў-дармаедаў.

 - Якія мэты пераследавалі? – пытаецца суддзя.

- Ніякіх, напісала і напісала.

Між тым, у справе ёсць паказанні, што Новікава апублікавала гэты каментар з помсты Казакевічу за ягоныя дзеянні.

 - Тады я не разумела, што гэтым словам абражаю. Проста тады не спадабаўся артыкул,  -тлумачыць яна.

У судзе дапытваюць сведку Яўгена Калінку,  супрацоўніка Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС:

- Калі 16 красавіка мы прыйшлі з ператрусам у кватэру да Новікавай, яна сама выдала тэлефон, разам агледзелі ТГ, знайшлі каментар. Не адмаўляла, што гэта зрабіла яна на эмоцыях, прачытала артыкул і каментары, слова адрасавалася Казакевічу. Размяшчала каментар пад сваім імем Алена Новікава.

У справе - вынікі экспертызы, у якой зроблены агляд ўсіх каментароў да гэтага артыкула. У каментары Новікавай дадзеная негатыўная ацэнка Казакевіча, у тым ліку, слова "сука".

Сёння суддзя вынес прысуд: адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Абавязковае працаўладкаванне.

Задаволены матэрыяльны пазоў у памеры 1 000 рублёў.

Тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства