viasna on patreon

«Хацелася б пабачыць доказы». На працэсе па «справе студэнтаў» скончаны допыт абвінавачаных

2021 2021-07-08T10:05:00+0300 2022-05-12T19:01:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/studenty_sud_kalazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фігуранты "справы студэнтаў". Калаж mediazona.by

Фігуранты "справы студэнтаў". Калаж mediazona.by

7 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска працягнуўся допыт абвінавачаных па «справе студэнтаў», піша Радыё Свабода.

Нагадаем, студэнтак і студэнтаў сталічных ВНУ Ксенію СырамалотЯгора КанецкагаІллю ТрахтэнбергаТаццяну ЕкельчыкКасю БудзькоЯну АрабейкаВікторыю ГранкоўскуюАнастасію БулыбенкаМарыю КаленікГлеба Фіцнера, выпускніцу БДМУ Алану Гебрэмарыям і выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). 

З усіх фігурантаў справы сваю віну прызнае толькі Глеб Фіцнер, астатнія настойваюць на сваёй невінаватасці

Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляюць Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.

"Я за мірную і квітнеючую Беларусь". У судзе па "справе студэнтаў" дапыталі частку абвінавачаных

У судзе Савецкага раёну Мінску 1 і 2 ліпеня крымінальны працэс па "справе студэнтаў" працягваўся допытам абвінавачаных.

З папярэдняга пасяджэння выдалілі больш за 20 наведнікаў, якія, паводле суду, парушылі парадак слуханняў. Тады ў залі суду людзі сустрэлі воплескамі словы абвінавачанай Тацяны Якельчык, што яна «выступае за мірную і квітнеючую Беларусь». Відавочна ў той дзень былі таксама дапытаныя Алана Гебрэмарыям, Кася Будзько, Марыя Каленік і Яна Арабейка.

7 ліпеня на працэс прыйшло ўдвая больш наведнікаў. У тым ліку назіраць за разглядам «справы студэнтаў» пажадалі два замежныя дыпламаты.

Допыт Ксеніі Сырамалот: «Хацелася б бачыць доказы. Хто гэтак гаворыць?»

Суд адразу перайшоў да допыту студэнткі БДУ Ксеніі Сырамалот. Дзяўчына не прызнала віны і адмовілася адказваць на пытанні, але падрабязна расказала пра тое, як ставіцца да прад'яўленных абвінавачанняў.

Адразу Ксенія адзначыла, што з 11 фігурантаў справы ведала да затрымання толькі траіх, таму, на яе думку, пра ўдзел у змове нельга казаць. Пра навіны ў студэнцкім асяродку Ксенія даведвалася з чатаў, яе хвалявалі пытанні бяспекі студэнтаў і тое, што супраць мірных пратэстоўцаў ужывалі гвалт.

«Пра гэта і была перапіска ў чатах», — заўважыла дзяўчына.

Свой намер дапамагаць адлічаным студэнтам яна патлумачыла звычайнай чалавечай спагадай. Ксенія Сырамалот зняпраўдзіла звесткі следства, што яна нібыта брала ўдзел у студэнцкім страйку 26 кастрычніка.

«Ні на адным фота мяне няма, я нічога не арганізоўвала і нічога не каментавала. Увогуле ніякіх пастоў у чатах пра гэтую падзею не размяшчала», — сказала падсудная Сырамалот.

Ксенія прызнала, што толькі адзін раз брала ўдзел у сустрэчы студэнтаў, якую некаторыя называюць акцыяй. Гэта было 6 кастрычніка: у дворыку ўніверсітэту студэнты сустрэліся, пілі гарбату.

«Мы стаялі, размаўлялі, дзяліліся навінамі. Сімволікі не было. Гэта быў звычайны збор студэнтаў, як на вялікім перапынку», — кажа Сырамалот.

Паводле Ксеніі, яе фота на гэтай сустрэчы — адзіны доказ таго, што яна ўдзельнічала хоць у якой акцыі. Але сама яна тую сустрэчу акцыяй не лічыць.

Палітзняволеная не адмаўляе, што брала ўдзел у відэаканфэрэнцыях, на якіх абмяркоўвалі розныя пытанні студэнцкага жыцьця. Паводле следства, на гэтых канфэрэнцыях рыхтаваліся масавыя акцыі, але Ксенія Сырамалот гэта абвяргае. Па словах дзяўчыны, на першай канфэрэнцыі «гаварылі пра навучанне за мяжой, нічога пра арганізацыю акцыі там не было». На другой канфэрэнцыі сапраўды абмяркоўвалі падзеі ў БДУ і акцыі студэнтаў, але яна асабіста нікога да акцый не заклікала, а толькі давала ім ацэнку: «шмат студэнтаў БДУ ад акцый стаміліся», а таксама, «што пратэсты не павінны парушаць грамадзкі парадак».

Ксеніі Сырамалот распавяла, што яна не абмяркоўвала ў чаце «БДУ-97» пытанняў страйку студэнтаў.

«А да іншых чатаў, згаданых у справе, наагул не маю дачынення, ніколі ў іх не ўдзельнічала і не адміністравала», — заявіла Сырамалот.

Паводле Ксеніі, следства яе вінаваціць у адміністраванні чату, які распаўсюджваў інфармацыю пра студэнцкія акцыі.

«Хацелася б бачыць доказы. Хто гэтак гаворыць? Бо я настойваю, што гэта няпраўда», — заявіла суду Ксенія Сырамалот.

Дзяўчына знялася ў відэазвароце студэнтаў і выкладчыкаў БДУ супраць гвалту. Ад словаў, агучаных на запісе, яна не адмаўляецца.

«Вывучэнне гуманітарных навук, чым я займалася, немагчымае без дыскусій і выказвання асабістых думак», — сказала студэнтка.

Толькі аднойчы яна размясціла ў чаце абвестку пра тое, што шукае працу адміністратара, і не лічыць гэта парушэннем закону.

Допыт Вікторыі Гранкоўскай: «Я ўсяго толькі займала актыўную грамадзянскую пазыцыю»

Пасля паказанні суду дала студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ Вікторыя Гранкоўская.

Вікторыя нагадала, як у жніўні-верасні 2020 году студэнты абурыліся гвалтам з боку сілавікоў і спрабавалі наладзіць дыялог з рэктарам БНТУ. Вікторыя збірала подпісы пад зваротам да адміністрацыі ВНУ, каб студэнтам дазволілі праводзіць акцыі ў час, калі няма заняткаў. Яна асабіста сабрала больш за 100 подпісаў, але неўзабаве яе затрымалі і асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Яна адбыла арышт, але не была адлічаная, атрымала вымову і працягвала вучыцца.

25 кастрычніка яе і яшчэ 10 студэнтаў запрашалі на сустрэчу ў рэктарат БНТУ. Пасля той сустрэчы, успамінае Вікторыя, да яе прэтэнзій ніхто не выказваў. У акцыі 26 кастрычніка Вікторыя ўдзелу не брала. У той дзень было вольнае наведванне, яна прыехала ў ВНУ на кансультацыю і ўбачыла каля галоўнага ўваходу групу студэнтаў, але ў акцыі ўдзелу не брала.

27 кастрычніка яе выклікалі ў рэктарат і азнаёмілі з загадам аб адлічэнні. Дзяўчына гэтым абураная:

«Я добра вучылася і мела 100% наведвальнасць, атрымлівала павышаную стыпэндыю».

Паводле Гранкоўскай, пасля адлічэння яна ва ўніверсітэце не была.

«Нікога да страйку не заклікала», — сказала суду Вікторыя Гранкоўская.

Таксама яна адхіліла абвінавачанне ў распальванні палітычнай і ідэалагічнай варожасці, бо выступае за вольную і мірную Беларусь.

«Я ўсяго толькі займала актыўную грамадзянскую пазыцыю», — сказала ў канцы выступу Вікторыя Гранкоўская.

Кіраўніка следчых у суд не пазавуць

Абаронцы абвінавачаных заявілі апошнія хадайніцтвы.

Абаронца Аланы Гебрэмарыям хадайнічала аб далучэньні да матэрыялаў справы грамат і дыпломаў, атрыманых дзяўчынай як вучаніцай гімназіі і студэнткай БДМУ. Алана Гебрэмарыям скончыла гімназію з залатым медалём, у медуніверсітэце была старастай групы, не толькі вучылася, але і займалася навуковай дзейнасцю — мае тры навуковыя працы і шэраг перамог у навуковых конкурсах. Суд пастанавіў далучыць гэтыя матэрыялы.

Таксама суд далучыў матэрыялы, якія характарызуюць палітвязня Ягора Канецкага.

Вольга Філатчанкава хадайнічала аб тым, каб яе сыну вярнулі ноўтбук, які забралі падчас вобшуку, бо следства высветліла, што гэты ноўтбук не мае дачыненьня да справы, яго абяцалі вярнуць, але так і не вярнулі. Суддзя Фёдарава сказала, што гэтае хадайніцтва разгледзяць падчас вынясення прысуду.

Таксама суд адхіліў хадайніцтва абвінавачанага Ільлі Трахтэнберга, які прасіў дапытаць у судзе кіраўніка следчай групы.

У працэсе абвешчаны перапынак да 9 ліпеня, калі пачнуцца судовыя спрэчкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства