viasna on patreon

У Леаніда Судаленкі, Дзяніса Івашына, Дзяніса Урада і яшчэ 6 палітвязняў з'явіліся "хросныя"

2021 2021-06-30T22:51:34+0300 2021-06-30T22:51:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sean-haughey-632x843.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў еўрапейскіх краін далучыліся да кампаніі # WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco - Партнёрства за правы чалавека.

helena-kennedy.jpg

Хелена Кэнэдзі, член Палаты лордаў, стала "хроснай" Мікіты Емяльянава. Яна заявіла:

"Гісторыя свабоды - гэта гісторыя супраціву", - казаў Вудра Вільсан. Я вырашыла падтрымаць Мікіту Емяльянава, якому было ўсяго 19 гадоў, калі яго асудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі за пашкоджанне маёмасці. Непамерны прысуд за падобны акт непадпарадкавання. Яго смелы ўчынак быў накіраваны на прыцягненне ўвагі да жорсткага абыходжання з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і дэспатычнага характару дзяржавы. Я падтрымліваю яго і ўсіх палітвязняў, за якіх ён выступаў".

david_joseffson.jpg

Давід Ёзэфсан, дэпутат шведскага Рыксдага, узяў на сябе апякунства над Паўлам Спірыным. Ён выказаўся з гэтай нагоды:

"Павел Спірын мог бы быць мной, я мог бы быць Паўлам Спірыным. Мы, па сутнасці, рабілі адно і тое ж - заяўлялі пра сябе ў сацыяльных сетках і былі кандыдатамі ў дэпутаты. Але пакуль я працую ў шведскім парламенце Рыксдаг, Павел Спірын сядзіць у турме. Паміж маім родным горадам Гетэборгам і Мінскам прыкладна 1000 км. Гэта так жа далёка, як паміж Гетэборгам і Лулеа на поўначы Швецыі. Дыктатура тут, побач з намі. Рэпрэсіі ў Беларусі агідныя і іх варта асуджаць. Падтрымку дэмакратычнага руху трэба ўзмацніць. Павел Спірын і ўсе іншыя палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызваленыя. Цяпер у Беларусі павінна запанаваць дэмакратыя і свабода слова".

margrete_auken.jpg

Маргрэтэ Аукен, член Еўрапейскага парламента, стала "хроснай" Анатоля Хіневіча. З нагоды свайго апякунства яна заявіла:

"Я падтрымліваю Анатоля Хіневіча, палітычнага зняволенага ў Беларусі. Анатоль Хіневіч не зрабіў нічога, акрамя таго, што мужна супрацьстаяў карумпаванаму рэжыму Аляксандра Лукашэкі, які займаецца фальсіфікацыяй выбараў і парушае асноўныя палітычныя і грамадзянскія правы. Я ўзрушана такім неправамерным і беззаконным абыходжаннем з Анатолем і далучаюся да галасоў міжнароднага грамадства, патрабуючы спыніць масавыя арышты. Незалежныя і бесстароннія судовыя органы і доступ да справядлівых судовых разбіральніцтваў з'яўляюцца краевугольнымі камянямі дэмакратыі. Таму я заклікаю да неадкладнага вызвалення Анатоля і іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Лукашэнка павінен прыслухацца да апазіцыі і забяспечыць свабодныя выбары. Дыктатуры ў Беларусі павінен быць пакладзены канец!"

birgit-sippel.jpg

Біргіт Зіпель, член Еўрапейскага парламента, узяла на сябе апякунства Эдуардам Кудынюком і сказала наступнае:

"Разам з арганізацыяй Libereco я хацела б падтрымаць Эдуарда Кудынюка "хросным бацькоўствам" і звярнуць увагу на сур'ёзную сітуацыю ў Беларусі! Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку: неадкладна вызваліце Эдуарда і сотні іншых палітычных зняволеных! Народ змагаецца ў Беларусі за дэмакратыю і свабоду. Час прыгнёту павінен скончыцца!"

Канстанцін фон Нотц, дэпутат нямецкага Бундэстага, стаў "хросным" Леаніда Судаленкі і заявіў:

"Леанід Судаленка, "хросным бацькам" якога я маю гонар стаць, ужо больш за дваццаць гадоў змагаецца як добраахвотны абаронца правоў беларусаў і беларусак ад парушэнняў з боку дзяржавы. Нягледзячы на рэгулярныя спробы запалохвання з боку ўрада, гэты сусветна прызнаны праваабаронца ніколі не пераставаў смела і рашуча адстойваць сваіх суграмадзян. Цяпер самы час праявіць салідарнасць з ім, а таксама з усімі іншымі актывістамі, якія кожны дзень змагаюцца за дэмакратычныя асновы, павагу правоў чалавека і вяршэнства закона. Як дэмакрат, я заклікаю да неадкладнага выканання працэсуальных нормаў і вызвалення Леаніда Судаленкі і іншых несправядліва зняволеных у Беларусі людзей. Беларускі ўрад павінен неадкладна спыніць гвалт, рэпрэсіі і адвольныя арышты, гарантаваць свабодныя і справядлівыя выбары і, нарэшце, забяспечыць дэмакратыю і вяршэнства закона".

Марыя Нойхль, дэпутатка Еўрапейскага парламента, стала "хроснай" Вольгі Клімковай. З гэтай нагоды яна заявіла:

"19 красавіка 2021 года Вольга Клімкова была асуджаная да 3,5 гадоў пазбаўлення волі. Яна - палітычная зняволеная, і  я, у якой была магчымасць выхоўвацца ў дэмакратычнай дзяржаве са свабодай меркаванняў і свабодай прэсы, магу расцэньваць абвінавачванні ў яе адрас толькі як самавольства таталітарнага рэжыму. Вольга ведае, на што здольны рэжым у Беларусі, і не падае духам. Яна змагаецца за свае правы і правы ўсіх людзей у Беларусі. Мужнасць і пазіцыя Вольгі вартыя пераймання. Яна і ўсе палітычныя зняволеныя - гэта святло ў цемры дыктатуры ў Беларусі. Таму неабходна падтрымаць дэмакратычны рух, і я адназначна заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць Вольгу і ўсіх палітычных зняволеных!"

erin_mcgreehan-339x280.jpg

Эрын Мак-Грыхан, член Ірландскага сената, узяла на сябе апякунства над Ігарам Букасам і адзначыла:

"Я лічу важным заявіць аб сваёй салідарнасці з такімі палітычнымі зняволенымі, як Игар Букас. Выклікае вялікую занепакоенасць, што ён атрымаў такі суровы прысуд за тое, што выглядае як надуманыя абвінавачванні, накіраваныя на запалохванне і прымус да маўчання. Гэта няправільна. Грамадзяне ў кожнай краіне павінны мець права збірацца, каб аспрэчваць рашэнні, не асцерагаючыся турэмнага зняволення. Я дасылаю свае найлепшыя пажаданні вам, Ігар, і вашаму сыну Алегу. Як ірландскі парламентарый, які вельмі верыць у дэмакратыю, я спадзяюся, што прынцыпы дэмакратыі неўзабаве будуць падтрымлівацца і паважацца ў Беларусі".

Шон Хогі, член Палаты прадстаўнікоў Ірландыі, прыняў "хроснае бацькоўства" над Дзянісам Івашыным і заявіў:

"Для мяне вялікі гонар ўзяць апякунства над Дзянісам Івашыным. Дзяніс - выбітны журналіст-расследавацель, які выкрыў працу беларускага рэжыму і яго сувязі з незаконнай дзейнасцю "Беркута". Свабода СМІ з'яўляецца краевугольным камянём любой ліберальнай дэмакратыі, і журналісты маюць права выконваць сваю працу без страху, запалохвання і пераследу. Дзяніс - палітычны зняволены і павінен быць неадкладна вызвалены з турмы разам з іншымі палітычнымі зняволенымі ў Беларусі".

Енс Гаер, член Еўрапейскага парламента, ахвотна стаў "хросным" Дзяніса Урада. Спадар Гаер заявіў:

"Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі ў цяперашні час знаходзіцца на сумным узроўні: па дадзеных праваабарончай арганізацыі "Вясна", у турмах знаходзяцца больш за 500 чалавек. Адзін з іх - 30-гадовы Дзяніс Урад, якога я "ўсынавіў" на гэтым тыдні ў супрацоўніцтве з Libereco. Дзяніс распавёў апазіцыйнаму Telegram-каналу Nexta, заснаванаму Раманам Пратасевічам, што Міністэрства ўнутраных спраў плануе накіраваць тысячы салдат для гвалтоўнага падаўлення будучых пратэстаў. За гэты смелы ўчынак ён быў асуджаны ў закрытым рэжыме да 18 гадоў пазбаўлення волі за меркаваную дзяржаўную здраду. Прысуд не можа быць абскарджаны. У панядзелак ЕС прыняў рашэнне аб далейшых санкцыях, якія ўпершыню закрануць і дзелавой сектар. Гэта важны крок для аказання ціску на рэжым не толькі ў палітычным, але і ў фінансавым плане. Лукашэнка ўжо амаль тры дзесяцігоддзі змагаецца з уласным народам. Замест таго, каб адказаць на патрабаванні аб правядзенні сумленных выбараў, ён жорстка душыць мірныя пратэсты грамадзян і іх імкненне да дэмакратычнага самавызначэння. Гэтаму, нарэшце, павінен быць пакладзены канец. Дзяніс і сотні іншых палітычных зняволеных павінны быць неадкладна вызваленыя!"


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства