Фігурант "справы 11-ці ўдзельнікаў чата": Карпянкоў асабіста здымаў "пакаяльнае відэа" на камеру
У судзе Ленінскага раёну Мінску ўжо амаль месяц ідзе судовае разбіральніцтва па масавай крымінальнай справе, якая вырасла з телеграм-чата "радыкальнай накіраванасці". 11 чалавек затрымалі ў канцы верасня, жорстка збілі і прад'явілі абвінавачванні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:ч. 2 арт. 293, ч. 3 арт. 218, ч. 2 арт. 295. На лаве падсудных — у тым ліку, палітвязні Юрый Бялько, Сяргей Плоніс, Аляксандр Рэзнік, Расціслаў Стэфановіч, Павел Нядбайла, Яўген Прапольскі, Дзмітрый Ластоўскі, Арцём Касакоўскі. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Астапенка. Суд праходзіць фактычна ў закрытым рэжыме, туды не пускаюць нават усіх сваякоў. Адзіным абвінавачаным па справе, які знаходзяцца на волі, з'яўляецца 22-гадовы Давід Слашчаў. 21 чэрвеня яго абвясцілі ў вышук, бо ён не з'яўляўся на паседжанні. Яго справу вылучылі ў асобную. Пазней стала вядома, што Давід Слашчаў з'ехаў ад пераследу ў іншую краіну. Цяпер Давід распавёў "Вясне" аб гэтай крымінальнай справе, аб збіцці і ціску, якому падвергнуліся яго фігуранты і пра тое, што асабіста яму давялося перажыць падчас следства.
У чым усіх абвінавачваюць?
Пяць чалавек, якія потым сталі фігурантамі гэтай справы, у тым ліку Давіда Слашчава, затрымалі 29 верасня ў 22:30 каля станцыі метро "Уручча", дзе ў іх была прызначаная сустрэча. Там удзельнікаў чата чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яшчэ шэсць чалавек былі затрыманыя або да гэтага, або пасля.
Усіх 11 фігурантаў гэтай крымінальнай справы абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у телеграм-чаце "радыкальнай накіраванасці". Акрамя гэтага, усіх абвінавачваюць у наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці групай асоб (ч. 3 арт. 218 КК). У віну ім ставяць пашкоджанне трох "Табакерок" праз тое, што ўвечары 29 верасня яны нібыта збіраліся пашкодзіць адну з іх. Дырэктар "Табакерак" падчас следства напісаў заяву, што ніякай шкоды прычынена не было і што ён не мае ніякіх прэтэнзій, але абвінавачванні з фігурантаў так і не знялі. Акрамя гэтага, палітвязню Юрыю Бялько прад'яўляюць ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі). Пры ператрусе ў гаражы мужчыны знайшлі два пісталета: адзін – у машыне, другі – у металаломе.
Удзельнікі чата – супрацоўнікі ГУБАЗіКа
Як высветлілася на судзе, у чат з двух акаўнтаў удзельнікаў пісалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Двух чалавек з чата затрымалі раней за астатніх, і ад іх імя "пісалі правакацыйныя рэчы ў чат", падбухторвалі да агульнай сустрэчы.
"Я быў падпісаны ў тэлеграме на некаторыя чаты, якія падтрымлівалі радыкальныя метады барацьбы з рэжымам. Там сабралася невялікая група людзей, якія вырашылі зрабіць свой асобны чат. Я быў сярод гэтых людзей. Там я пазнаёміўся з людзьмі, якія цяпер з'яўляюцца фігурантамі гэтай крымінальнай справы. Раней я іх не ведаў.
Калі 29 верасня мы прыйшлі на сустрэчу, там нас ужо чакала група супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Яны затрымалі ўсіх і пагрузілі ў аўтобус", — узгадвае Давід.
Тых, хто не быў на сустрэчы, затрымалі да гэтага ці пазней пасля затрымання асноўнай часткі людзей. Усіх вылічылі праз чат і па мабільных тэлефонах.
"Мяне збівалі берцамі — потым было вельмі шмат сінякоў"
"Калі нас "бралі", то жорстка збівалі ўсю ноч. Калі нас затрымалі і запіхнулі ў бусік, то казалі, што ўсе "паедзем" на 16 гадоў і пачалі жорстка збіваць — "выбіваць паказанні", так бы мовіць. Білі па галаве нагамі, дубінкамі, рукамі... Проста тапталіся ўсюды. Калі прывезлі ў РУУС Першамайскага раёна, то па кабінетах таксама дубасілі. Адзінае, калі хтосьці пачынаў плакаць або спасылаўся на нейкія праблемы са здароўем, то іх не чапалі. Я асабіста губляў прытомнасць. Я ім казаў: "Спыніцеся, я губляю прытомнасць". Яны мне казалі: "Кладзіся на падлогу!" і далей працягвалі біць. Мяне збівалі берцамі — потым было вельмі шмат сінякоў".
Карпянкоў сказаў: "Ці ты цяпер кажаш, што табе заплаціў каардынатар тысячу даляраў, або прама цяпер "едзеш" на 16 гадоў"
Як распавёў Давід, пасля затрымання, калі ўсіх даставілі ў дворык РУУС Першамайскага раёна, то да яго ў бус падсеў Мікалай Карпянкоў (цяпер намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі, раней узначальваў ГУБАЗіК), які сам здымаў з Давідам "пакаяльнае відэа на камеру". Потым яно ўвайшло ў нарэзку для навін БТ.
"Пры гэтым быў Карпянкоў і здымаў усіх на камеру. Я тады рэальна спалохаўся. На відэа ў навінах БТ я казаў, што мне заплаціў каардынатар "ОГСБ" [атрад грамадзянскай самаабароны] тысячу даляраў за гэтую справу. Гэта няпраўда, мне ніхто нічога не плаціў і нават такой размовы не было. Чаму я так вырашыў сказаць? Калі нас адразу пасадзілі ў бусік, то пачалі пытацца, хто каму колькі заплаціў. І калі мы казалі, што нам ніхто не плаціў, нас білі. Калі я сказаў, што мне не плацілі нічога, мяне пабілі. Потым я вырашыў нахлусіць і сказаў, што мне заплацілі. Калі мяне на відэа здымаў Карпянкоў, то ён мне сказаў: "Ці ты цяпер кажаш, што табе заплаціў каардынатар тысячу даляраў, або прама цяпер "едзеш" на 16 гадоў". Натуральна, калі мяне першы раз затрымліваюць, вельмі жорстка збіваюць, то я падумаў, што мяне наогул забіць могуць, а не вельмі хацелася..." — узгадвае Давід.
Прымушалі пісаць прызнальныя і ілжывыя паказанні пад руляй пісталета
Як распавёў Давід, на судзе палітзняволены Дзмітрый Ластоўскі казаў, што да яго галавы пісталет прыстаўлялі і прымушалі пісаць прызнальныя і ілжывыя паказанні пад руляй пісталета. Таксама, паводле паказанняў абвінавачаных на судзе, прымушалі пісаць ілжывыя паказанні пасля збіцця ў кабінетах яшчэ аднаго фігуранта справы.
"Тады я падумаў, навошта мне хлусіць, калі я магу проста распавесці праўду"
Давід Слашчаў з'яўляецца адзіным абвінавачаным па справе, якія знаходзяцца на волі. Астатнія 10 чалавек з канца верасня ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах. 21 чэрвеня абвясцілі ў вышук і Давіда, бо ён не з'яўляўся на паседжанні. Справу Слашчава выдзелілі ў асобную вытворчасць і ў выпадку затрымання яго будуць судзіць асобна. Але Давіду ўдалося з'ехаць у бяспечнае месца.
"Я да гэтага часу задаюся пытаннем, чаму я адзіны на волі. Я быў вельмі актыўны ў тым чаце і шмат чаго прапаноўваў… Як я зразумеў, пасля затрымання ў першыя 72 гадзіны ўсе наогул адмаўлялі свой удзел. Пры першым допыце ў Следчым камітэце ў мяне павінен быў быць дзяжурны адвакат, але следчы прапанаваў узяць у мяне паказанні, пакуль яна [адвакатка] едзе. Я раней не затрымліваўся і не ведаў, што без адваката лепей не даваць ніякіх паказанняў. Тады я падумаў, навошта мне хлусіць, калі я магу проста распавесці праўду. Я не разумеў, навошта ісці на адмову, калі нас "узялі" на месцы злачынства, так бы мовіць: чаты не былі пачышчаныя, уся інфармацыя ў іх была. Мяне пужалі вельмі вялікімі турэмнымі тэрмінамі: ад 8 да 16 гадоў. І я распавёў, як усё было. Атрымліваецца, што ўсе пайшлі ў адмову, а я — не. Я нікога не здаваў, сілавікі на ўсіх выйшлі самі. І, калі мяне прывялі ў Следчы камітэт, то там ужо сядзеў апошні чалавек, якога яны затрымалі дома. Магчыма, таму я на волі, бо даў нейкія паказанні. Але мне тады не казалі, што, калі я буду даваць паказанні, то пайду дадому. Гэта было асабіста маё рашэнне. І я лічу, што зрабіў правільна, бо ўся інфармацыя і так ёсць у чаце. Я проста казаў усё, што ёсць і ўсё".