viasna on patreon

Год "хатняй хіміі" запрасілі для дзяўчыны, якая перарабіла гімн у асабістым твітары

2021 2021-06-25T18:47:32+0300 2021-06-25T19:08:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vazhnik_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна пачаў разглядаць справу 26-гадовай Ганны Важнік, якую абвінавацілі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алена Жывіца, бок абвінавачання падтрымлівае пракурор Заварзін. Абвінавачаную абараняе адвакат Андрэй Доўнар. 

Ганну абвінавачваюць у тым, што ў асабістым акаўнце ў твітары яна перарабіла адзін куплет гімна, пачаўшы з фразы "Мы экстремисты — мирные люди..." Згодна з абвінавачаннем, яна здзейсніла здзек над дзяржсімвалам — гімнам.

Дзяўчына працуе настаўніцай музыкі. Яе затрымалі 28 красавіка, а 30 красавіка выпусцілі на волю пад асабістае паручальніцтва бацькоў. Да справы далучаныя станоўчыя характарыстыкі і падзякі з месцаў вучобы і працы.

Што распавядалі на судзе?

Ганна Важнік распавяла, што лічыць здзейсненае памылкай, яна не мела намеру здзеквацца над гімнам, а пераробкай хацела паказаць на людзей, якія прадпрымалі разбуральныя дзеянні супраць улады. Абвінавачаная падкрэсліла, што яна апалітычная — як і ўся яе сям'я.

Сведкі — маці дзяўчыны і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы школы, дзе выкладае Ганна, — падкрэслілі апалітычнасць Ганны і кажуць пра яе толькі добрыя словы. На допыце ў СК намеснік дырэктара сказала, што лічыць пераробку гімна зневажальнай для народа Рэспублікі Беларусь: на паседжанні пасля некалькіх пытанняў суддзі яна пацвердзіла гэтыя словы.

Маці ўпэўненая, што дачка шкадуе аб учынку. 

Што ў матэрыялах справы?

Падчас вобшуку ў кватэры Ганны нічога не вынулі. Доказы ў справе — сам твіт, скрыншоты каментароў да яго, асабістае прызнанне — у тым ліку, на відэа, якое размясцілі ў тэлеграм-канале МУС. Згодна з вынікамі лінгвістычнай экспертызы, у твіце няма негатыўнай ацэнкі, заклікаў да гвалту, ёсць падабенства з гімнам. 

Што казалі ў спрэчках?

Дзяржабвінаваўца палічыў доказамі віны прызнанне, інфармацыю з тэлефона і сацсетак, а таксама каментары да твіта. Ён папрасіў пакараць абвінавачаную абмежаваннем волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі", а таксама канфіскаваць тэлефон. 

Адвакат упэўнены, што ў справе няма складу злачынства: не даказаны намер, няма перадумоў. Ягоная падабаронная не ўдзельнічала ў мерапрыемствах, не прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, няма доказаў яе ўдзелу ў дэкструктыўных каналах. Ён упэўнены, што ў справе мусіць быць апраўдальны прысуд альбо прымяненне іншага пакарання — напрыклад, штрафа.

Прысуд будзе агучаны 28 чэрвеня ў 10.00. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства