viasna on patreon

"Я супрацоўнік сам разумееш якога падраздзялення". У пісьмовых матэрыялах па справе антыфашыстаў аператыўныя апытанні, праслухоўка

2021 2021-06-03T15:52:11+0300 2021-06-03T15:52:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/serabranka_23.09.2020.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Падзеі ў Серабранцы 23 верасня. Скрыншот з відэа

Падзеі ў Серабранцы 23 верасня. Скрыншот з відэа

Судовыя паседжанні 2 і 3 чэрвеня над антыфашыстамі Цімурам і Тамазам Піпія, Дзянісам Болтуцем і Віталём Шышловым працягнуліся допытам сведак і азнаямленнем з пісьмовымі матэрыяламі справы.

Нагадаем, палітвязняў вінавацяць па шэрагу артыкулаў за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года:

  • Цімура Піпію, Віталія Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса;
  • Цімура Піпію ячшэ і арт. 419 КК;
  • а Тамаза Піпію толькі па ч. 2 арт. 293 КК.

Справу вядзе суддя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Раман Бізюк. Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаў, але на судовае пасяджэнне яны не з’явіліся.

Ніхто з абвінавачаных не прылічаў сябе да "радыкалаў" ці "фашыстаў". У судзе па справе антыфашыстаў дапыталі сведак

На пасяджэннях, якія прайшлі 28 траўня і 1 чэрвеня, суд дапытаў сведак і азнаёміўся з першым томам пісьмовых матэрыялаў справы.

Пра што казалі сведкі?

Так, сведка Аляксандр Працько распавёў, што ўсе абвінавачаныя яму знаёмыя: з Тамазам і Цімурам – сябры, з Дзянісам і Віталём – прыяцелі.

Ведае, што мянушка "Болт" належыць Дзянісу Болтуцю, а "Суслік" – Віталю Шышлаву. Усе абвінавачваныя з'яўляліся футбольнымі фанатамі «МТЗ-РЫПА». З інтэрнэту даведаўся, што абвінавачаныя затрыманыя; з хлопцамі аб удзеле ў масавых мерапрыемствах не размаўляў, яны не прапаноўвалі яму далучыцца. На допыце ў следчага сведку ўключалі таксама запіс тэлефонных размоваў, на якой ён пазнаў галасы братоў Піпія. Аляксандр памятае толькі тое, што ў размове Тамаз і Цімур абмяркоўвалі, што трэба патэлефанаваць яму, каб ён на працы перадаў знаёмаму, што трэба звязацца яшчэ з кімсьці. Але сведку так ніхто і не тэлефанаваў.

Сведка Кірыл Вайтовіч знаёмы з Цімурам і Тамазам Піпія, Дзянісам Болтутем, а з Віталём Шышлава – не знаёмы. Пытанні, звязаныя з пратэстамі, з абвінавачанымі не абмяркоўвалі, сваё стаўленне да супрацоўнікаў МУС яны не выказвалі. З прыяцелем падвозілі Тамаза Піпія да крамы "Суседзі" каля ст. м. Спартыўная ўвечары 10 або 11 жніўня.

Бачыў відэаролік у сацсетках з прызнальнымі паказаннямі аб распыленні газавага балончыка, чалавека на відэа – не ведаў, але бачыў, што ён згадваў «балта» і Цімура. Потым даведаўся, што затрымалі хлопцаў, і мог здагадацца, што гаворка ішла пра Цімура Піпія.

Падчас допыту ў следчага Кірылу Вайтовічу паказвалі ягоную перапіску з Тамазам у тэлеграме ў перыяд з 23 да 24 верасня. Сведка кажа, што ў тыя дні была інаўгурацыя прэзідэнта, ён ехаў на машыне і бачыў, што стаяла шмат людзей – напісаў пра гэта абвінавачанаму.

У сувязі з супярэчнасцямі, у судзе зачыталі паказанні, якія сведка даваў падчас папярэдняга следства. З пратаколу допыту вынікае, што Кірыл Вайтовіч знаёмы з Андрэем Дзмітруком; з Тамазам Піпія – размаўлялі, перапісваліся і стэлефаноўваліся, характарызаваў яго са станоўчага боку; таксама быў знаёмы з Цімурам Піпія – з ім меў зносіны на сумесных сустрэчах. У жніўні Дзмітрук і Тамаз былі ў гасцях у Вайтовіча, яны выпівалі, размаўлялі, пра палітыку не казалі. У верасні даведаўся, што братоў Піпія затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія праходзілі ў Мінску. З Дзянісам Болтуцем таксама знаёмы: пражывалі ў адным мікрараёне, адпачывалі ў дзіцячым лагеры, але адносін не падтрымлівалі. Сведка ведаў, што ў Болтуця была мянушка "болт", але нічога іншага пра яго жыццё не ведае. Прыкладна ў канцы верасня – пачатку кастрычніка ў сеткі ўбачыў відэаролік, дзе мужчына прызнаўся, што разам са сваімі знаёмымі «балтом» і Цімурам прымалі ўдзел у масавых беспарадках, і сам мужчына распыліў газавы балончык ў супрацоўнікаў міліцыі. Паглядзеўшы відэаролік, Кірыл Вайтовіч выказаў здагадку, што гаворка ў ім ішла пра брата Тамаза – Цімура, а так як згадвалася мянушка «болт», ён падумаў, што гэта мог быць Дзяніс Болтуць. Але пра падзеі, апісаныя ў відэа, сведку нічога не было вядома, з абвінавачанымі нікуды не хадзіў, удзелу ні ў чым не прымаў, аб удзеле абвінавачаных у масавых беспарадках таксама нічога не ведае. Следчы паказаў Кірылу перапіску ў тэлеграме.

Перапіска за 23 верасня:

Вайткевіч Кірыл: Думаеш сёння будзе дзвіжуха?

Піпія Тамаз: Вядома.

В.К.: Шча пад'едзем-глянем, што там, куды яны ўсё < нецэнзурна> па ходу на Пушкары ўсе.

П.Т.: Нікога няма ў Серабранцы?

В.К.: Людзей шмат, а так ціха. Пятку заўважыў, мітынгаваў на дарозе. Цікава, прыедуць на Серабранку, а то там хлопцы зараджаныя былі, па ходу ўсе напагатове прыехалі на Серабранку < ... >

24 верасня перапіска наступнага зместу:

П.Т.: Яны ўчора ціхароў пакаралі ў Серабранцы.

В.К.: Прыгажосць! Ты ніякіх навін больш не чуў у Серабранцы?

П.Т.: Не, нашы там учора нармальна ўгарэлі.

Вайткевіч пацвердзіў следчаму, што перапісваўся з Тамазам Піпія, растлумачыў, што 23 верасня катаўся з сябрамі на аўтамабілі, вырашылі пад'ехаць на Серабранку і паглядзець, што там адбываецца. У сацсетках ён чытаў шмат заклікаў выходзіць на вуліцу і выказваць сваю незадаволенасць, бо інаўгурацыя прайшла таемна. Сам не збіраўся прымаць удзел у масавых беспарадках або блакаваннях дарогі, проста было цікава. Пад'ехалі каля 20 гадзін, там былі людзі са сцягамі, але на праезную частку ніхто не выходзіў. Бачыў знаёмага Квяткоўскага, які знаходзіўся на тратуары, на дарогу ён не выходзіў. Сам Вайтовіч і яго сябры з машыны не выходзілі, удзелу не прымалі, пакаталіся і з'ехалі.

У якасці сведкі ў судзе быў дапытаны кіроўца тралейбуса маршруту №20. Ён абвінавачаных не ведае, 23 верасня працаваў у другую змену – з 15 гадзін дня да 1.30 ночы.

Каля 20-21 гадзіны ехаў з вакзала ў бок Серабранкі. На пр. Ракасоўскага спыніўся на чырвоны сігнал светлафора, у гэты момант людзі выйшлі на дарогу і перакрылі рух хвілін на дзесяць. У тралейбуса знялі правы токапрыёмнік, кіроўца "ціхенька" выйшаў і паставіў яго назад. Сведка адзначае, што яму прыйшло паведамленне з дыспетчарскай: не прымаць ніякіх мераў, сядзець у кабіне, не ўступаць у кантакт з пратэстоўцамі.

Ён паволі пачаўся рухацца, токапрыёмнік зноў знялі, кіроўца вярнуў яго на месца. Пасля тралейбус прапусцілі – людзі крыху расступіліся, і ён праехаў. Хто менавіта здымаў "штангі" не бачыў, людзі хадзілі вакол. Хтосьці з людзей казаў, што транспарт трэба прапусціць, хтосьці – што хай стаіць. Таксама сведка кажа, што людзі выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, некаторыя былі са сцягамі, ніякіх піратэхнічных вырабаў не бачыў.

Пагрозы здароўю кіроўца не адчуваў, але было непрыемна. У салоне было шмат людзей, "бабкі свварыліся" з-за затрымкі руху.

Сведка Сіроцін у судовае пасяджэнне не з'явіўся, падаў заяву, у якой паказаў прычынай няяўкі - сарваную спіну і выклік лекара. Адвакаты настойвалі, што сведку трэба дапытаць падчас судовага пасяджэння, бо няма медыцынскіх дакументаў, якія пацвярджаюць ягоны стан здароўя. Суд пастанавіў выклікаць дадзенага сведку паўторна.

Таксама ў суд не з'явіўся сведка Барысевіч.

"Я не следчы, я супрацоўнік сам разумееш якога падраздзялення". Што ёсць у пісьмовых матэрыялах па справе?

Для эканоміі працэсуальнага часу суд працягнуў знаёмства з пісьмовымі матэрыяламі справы. У іх аператыўнае апытанне братоў Піпія, праслухоўка тэлефонных размоў Тамаза і Цімура, Дзяніса Болтуця з сябрамі.

Так, Тамаз на аператыўным апытанні распавядаў супрацоўніку, што 9 жніўня стэлефанаваўся з Віталём Шышловым («суслік»), "болтам", дамовіліся сустрэцца і пайсці на пратэсты. Усе яны былыя заўзятары "Партызана". Бліжэй да вечара сустрэліся на "Кароне", пайшлі на Нямігу праз Макдональдс, выйшлі на дарогу, дайшлі да Купалаўскай, па шляху бачылі групы людзей, падобных на анархістаў: усё ў чорным, "усякія штукі ў руках". Супрацоўнік удакладніў, ці былі кактэйлі "Молатава" ў іх, на што Тамаз адказаў, што бачыў бутэльку ў руках, але не можа дакладна сказаць. Хто кіраваў натоўпам не ведае, бо адны людзі хацелі ісці ў адзін бок, іншыя – ў іншы. Пацвярджае, што перакрываў рух – ад ГЦ "Карона" да Нямігі шчыльна ішлі, выходзілі на праезную частку разы тры, машыны спыняліся. Калі прыехалі аўтазакі, сталі ўцякаць у двор за Макдональдс, пасядзелі там трохі, падняліся на ст. м. Фрунзенскую, адтуль на машыне іх забралі знаёмыя.

Са слоў абвінавачанага, 10 жніўня таксама бралі ўдзел у пратэстах: "прыехалі на Пушкінскую з "болтам" і Лехай – выйшлі на дарогу пастаялі на скрыжаванні хвілін 10, таксама перакрывалі рух, потым там пачалася аперацыя праваахоўнікаў, пабеглі на горку – ў тачку селі і з'ехалі".

Таксама Тамаз распавёў супрацоўніку, што фанаты розных клубаў, якія раней канфліктавалі, "заключылі перамір'е на час палітычнай кампаніі для процідзеяння мянтам".

Далей у судзе зачыталі стэнаграму тэлефонных размоў Тамаза з ягонай дзяўчынай, якую часткова агучвалі падчас допыту Бабаевай у судзе ў якасці сведкі.

Было агучанае і аператыўнае апытанне Цімура Піпія супрацоўнікам, які хацеў, каб абвінавачаны сказаў, што Раман Чарноў кідаў петарду ў супрацоўнікаў міліцыі. Цімур казаў, што не можа сцвярджаць з упэўненасць, што менавіта Чарноў кідаў петарду, бо людзей было шмат. Адзначаў, што адвакат прасіў не даваць паказанні следчаму, а таксама што хоча, каб астатнія абвінавачаныя атрымалі мінімальны тэрмін.

Супрацоўнік: Ну ты ж тады распавядаў, я запомніў тыя сустрэчы... калі я прыязджаў да цябе на Жодзіна і сюды прыходзіў, што так, ён замахваўся, што адна ледзь-ледзь не даляцела да баявых шэрагаў, выбухнула петарда. Ну так было? Мы ж нічога з табой не прыдумалі. Я ж не прыйшоў для таго, каб ты кагосьці тут абгаварыў і сказаў тое, чаго не было на самай справе. Давай ўспамінай, каб мы дакладна вызначыліся. < ... > Я прыйшоў да цябе з адной просьбай – расказаць, як і што было, < ... > і ўсё ж такі цябе накіраваць, каб да цябе прыехаў следчы.

Піпія Цімур: Я сказаў, з Чарнавым я не буду казаць 100%, што ён кідаў. Гэта канчаткова.

С.: А хто мог кідаць?

П. Т.: Хто заўгодна мог кідаць, людзей было сотні.

С.: Гэта не пратакол, гэта нічога, гэта проста надрукаваны тэкст, вобразна кажучы, глядзі, я вось так раблю – і ён абсалютна нікуды не ідзе.

П. Т.: Друкуйце зноў <...>, а то потым у зале суда Цімур стаіць як гніда, які здаў увесь раён, груба кажучы. Мне таксама гэта не усміхаецца < ... >

С.: Цімур, я цябе пытаюся, што цябе бянтэжыць? Ты мне тады ўсё гэта распавядаў, я для сябе гэта пазначыў, надрукаваў, каб арыентавацца. Я яшчэ тут не пытаўся, хто сведка < ... >

Цімур смяецца

С.: Ці ты хочаш быць такім героем, што "я не я – і хата не мая"?

П. Т.: Я вам распавёў вельмі шмат < ... >

С.: Ну я сумняюся, што шмат ты панарасказваў, па-першае, гэта ўсё было з большага вядома, па-другое, бачыш цяпер пачынаюцца разыходжанні. Цяпер ты кажаш так, потым так, а на судзе наогул скажаш, што дома спаў у гэты дзень.

П. Г.: Такое не скажу.

С.: Так усё-ткі, што менавіта?

П. Т.: Я кажу, што 100% не магу даць.

<…>

С.: Я вось не разумею, я вось прыязджаю да цябе, і ты мне ўсё распавядаеш, прыязджае следчы – чым ён там табе не спадабаўся?

П. Т.: Мяне адвакат папрасіў не даваць паказанні. Я сказаў следчаму, што дам паказанні перад судом, цяпер мяне папрасілі не даваць.

С.: Я-та што, у мяне свае пытанні да цябе, пагутарыць па гэтым, я прыйшоў-сышоў, я не следчы, я супрацоўнік сам разумееш якога падраздзялення. Таму давай усё ж такі прыйдзем да агульнага меркавання па пытаннях, ужо не капрызь, не дурэй < ... > Ты можаш наогул на судзе маўчаць, нічога не казаць, але гэта будзе мінус, тым больш ты ж нармальна ўсё распавядаеш. Паўтараю, цябе ніхто не просіць кагосьці агаворваць, казаць таго, чаго не было, скажы, усё як ёсць. <…>

Цімур смяецца. <…>

П. Т.: Тое, што я аб'ектыўна ведаю, я магу сказаць, то я распавядаю – вось мая пазіцыя. Калі ў мяне ёсць хоць мінімальны сумнеў – я проста не буду распавядаць.

Таксама былі агучаныя стэнаграмы тэлефонных размоў паміж Дзянісам Болтуцем і Пятроўскім, дзе хлопцы абмяркоўвалі, як "малыя засеклі ў тачцы ціхароў", распавялі пра гэта, потым яны, у тым ліку абвінавачаныя, падышлі да машыны, атачылі яе, а Шышлоў заліў газам праз фортку сілавікоў.

У тэлефоннай размове паміж Цімурам і Тамазам Піпія абмяркоўваліся падзеі 23 верасня ў Серабранцы: хто запальваў фаеры, відэа выкладзенае ў сетцы. Тамаз сцвярджаў, што на відэа пазнаў усіх астатніх абвінавачаных. Таксама казалі пра эпізод з супрацоўнікамі ў машыне: як шукалі ціхароў і знайшлі, падышлі да машыны, Цімур пастукаў у акно і сказаў: "Вашыя дакументы", а "суслік" заліў іх жорстка – проста цалкам балон выліў".

3 чэрвеня ў судзе працягнулі знаёміцца з матэрыяламі справы і дапыталі яшчэ некалькіх сведак.

Інфармацыя будзе дапоўненая

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Падтрымаць лістамі і паштоўкамі абвінавачаных Цімура Піпія, Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства