viasna on patreon

Палітвязня Ліпеня асудзілі яшчэ па адной крымінальнай справе за абразы міліцыянтаў

2021 2021-05-31T18:26:40+0300 2021-05-31T18:26:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lipen_a_photo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Ліпень

Аляксей Ліпень

31 мая ў судзе Заводскага раёна Мінска адбыўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня Аляксея Ліпеня. Ён ужо асуджаны на пяць гадоў абмежавання волі з накіраваннем ("хімія") паводле артыкулаў 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК РБ (Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС) і адбывае пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу ў Гародні. Новая крымінальная справа, як і папярэдняя, звязана з абразлівымі каментарамі Аляксея пад пастамі пра міліцыянтаў у телеграм-канале «Карнікі Беларусі».

Аляксея Ліпеня асудзілі на 5 гадоў "хіміі" і вызвалілі ў залі суда

У судзе Заводскага раёна г. Мінска 13 красавіка быў агучаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксея Ліпеня. Мужчыну абвінавачвалі па двух артыкулах крымінальнага кодэкса: арт. 369 – публічная абраза прадстаўніка ўлады, і арт. 364 – пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС.

Пацярпелымі па новай крымінальнай справе па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса былі прызнаныя трое супрацоўнікаў міліцыі: начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх УУС Оршы Вішнеўскі Д. Д., начальнік РАУС у Паставах Рыбакоў А. А., камандзір разведвальнага батальёна Валуеў Н. Д. Звесткі пра іх былі размешчаны ў телеграм-канале "Карнікі Беларусі". Згодна з матэрыяламі справы, Ліпень пакідаў пад пастамі абразлівыя каментары, якія прычынілі маральную шкоду пацярпелым.

Аляксей Ліпень, якога прывезлі на суд з Гродна з "хіміі", прызнаў сваю віну і раскаяўся. Ён паведаміў, што пісаў каментары "на эмоцыях".

Пацярпелыя Вішнеўскі і Рыбакоў у суд не прыехалі. Абодва заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды (Вішнеўскі – 2000 рублёў, Рыбакоў – 500 даляраў). На судзе даваў паказанні пацярпелы Валуеў. Ён не змог успомніць зместу ніводнага каментара, размешчанага пад пастом пра яго. Матэрыяльных прэтэнзій да Ліпені ён не прад'явіў.

Пракурор Вольга Дзендзілевіч запрасіла пакараць Ліпеня двума гадамі і шасцю месяцамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Такое рашэнне вынес суддзя Дзмітрый Астапенка. Гэта пакаранне "паглынаецца" больш строгім пакараннем па папярэдняй справе – пяццю гадамі абмежавання волі з накіраваннем. Такім чынам, Аляксею трэба адбыць раней прысуджаныя пяць гадоў «хіміі». Таксама палітвязень павінен кампенсаваць маральную шкоду Вішнеўскаму і Рыбакову ў памеры 1000 рублёў кожнаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства