viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу за 31 траўня Дапоўнена

2021 2021-05-31T18:42:00+0300 2021-05-31T19:38:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tut.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Да журналіста Дзмітрыя Яненкі раніцай прыйшлі сілавікі. "Жонцы журналіста паведамілі, што яго павязлі у ГУУС Мінгарвыканкама у сувязі з падатковай праверкай дзейнасці інфармагенцыі БелаПАН", — паведаміла "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Гендырэктарка БелаПАНу Ірына Леўшына ўдакладніла, што Дзмітрыя Яненку не затрымалі, ён на апытванні. З ягонай кватэры нічога не забралі. 

Ближэй да 17.00 Дзмітрый быў ужо дома. Ён распавёў, што быў дастаўлены ў Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, дзе яго апыталі ў межах праверкі гаспадарчай дзейнасці.


Генпракуратура вынесла папярэджанне галоўнаму рэдактару газеты «Новы час», піша TUT.BY. Папярэджанне атрыманае за публікацыі "не вельмі важнае, але важнае", апублікаваную 26 лютага, "Дымавая заслона з наступствамі" і "Складаней за ўсе прымаць беззаконне" з нумара газеты за 9 красавіка. Аўтары публікацый «выкарыстоўвалі пэўныя выразы і абароты мовы, якія спрыялі нагнятанні напружанасці ў грамадстве, распальвання нянавісці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў праваахоўных органаў як асобных сацыяльных груп насельніцтва», гаворыцца ў заяве Генпракуратуры. Гэтай вясной выданню таксама было вынесенае папярэджанне ад Мінінфарма "ў адпаведнасці з артыкулам закона аб СМІ, якая забараняе публікацыю інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам".


Галоўная рэдактарка і журналістка TUT.BY абвінавачваюцца ў саўдзеле ў нявыплаце падаткаў. Сёння Мінскі гарадскі суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу на змяшчэнне пад варту галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай і журналісткі партала Алены Талкачовай. Стала вядома, што іх абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.1 арт. 16 ч. 2 арт. 243 КК), санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў "хіміі" ці ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Брэст

Сёння ў Брэсце быў затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Шарэнда. Вядома, што яго павезлі на допыт. У сувязі з якой справай праводзіцаа допыт, актывіст не паспеў паведаміць. 

Андрэй Шарэнда знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальных справах па артыкуле 361 КК РБ (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта). Жонка Андрэя - актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана трэцяга студзеня па крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7, сёмага чэрвеня над ёй пачынаецца суд. 

Дапоўнена: Пасля допыта Андрэя Шарэнду змясцілі пад хатні арышт.

Андрэй Шарэнда. Фота
Андрэй Шарэнда. Фота "Белсат"

Магілёў

Праваабаронцу "Вясны" Барыса Бухеля выклікалі ў абласное ўпраўленне Следчага камітэта крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 188 КК РБ (Паклёп). Ён праходзіць па справе ў якасці сведкі, піша тэлеграм-канал валанцёраў-праваабаронцаў Mayday.

У дачыненні да каго быў паклёп і ў чым яна заключаецца, Бухелю не паведамілі, заявіўшы, што ён даведаецца пра ўсё ўжо на допыце. З'явіцца ў СК праваабаронца павінен 31 траўня.

Гэта ўжо другая крымінальная справа за апошнія некалькі месяцаў, з-за якога Бухеля выклікаюць у СК. У лютым у праваабаронцы прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы супраць праваабарончага цэнтра "Вясна" (нібыта за арганізацыю і фінансаванне пратэстаў, арт. 342 КК РБ).

Будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства