Нібыта ўкусіла, нібыта падрала... Жорсткі прысуд Таццяне Туравец за гвалт над супрацоўнікамі міліцыі

2021 2021-05-28T15:16:49+0300 2021-05-28T19:54:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turavec-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Туравец. Фота: "Віцебская Вясна".

Таццяна Туравец. Фота: "Віцебская Вясна".

У судзе Віцебскага раёну 28 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец. Выхавальніцу дзіцячага садка абвінавацілі ў здзяйсненні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. А менавіта, што жанчына падчас «затрымання» ўкусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку другому і нанесла удар нагой у вобласць галавы трэцяму супрацоўніку.

Справу разглядала суддзя Наталля Траццякова. Дзяржабвінаваўца – Мікіта Раманоўскі.

Паводле абвінаваўцы, уначы з 9 на 10 лютага Таццяна Туравец перашкаджала законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а менавіта – правесці ператрус у яе доме. Жанчына нібыта чыніла актыўны супраціў, хапала іх рукамі, выпіхвала з дому, пагражала фізічнай расправай, абражала. Дзеянні Туравец у дачыненні да пацярпелых Сергіенкі, Старчанкі, Філіпенкі, Шутава пракуратура палічыла наўмыснымі. Міліцыянты вымушаныя былі ўжыць у дачыненні да яе фізічную сілу і надзець на рукі кайданкі.

Справа Туравец: у судзе жарсці вакол падранай пальчаткі міліцыянта, пракурор просіць тры гады калоніі

У сваім апошнім слове Таццяна Туравец адзначыла, што на той момант для яе пацярпелыя не былі супрацоўнікамі МУС, і паводзілі яны сябе непрыстойным чынам: не паведамілі пра сваю мэту і нічога ёй не адказвалі на пытанні.

Пракурор Раманоўскі запрасіў учора для Туравец тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Сёння суддзя Наталля Траццякова вынесла прысуд: прызнаць Таццяну Туравец вінаватай у галце над супрацоўнікам міліцыі і прызначыць ёй пакаранне тэрмінам  тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Таццяна Туравец у судзе сёння не з'явілася.

Таксама яна павінна выплаціць матэрыяльны ўрон за падраную пальчатку пацярпелага Старчанкі у памеры 16 рублёў 15 капеек і судовыя выдаткі.

Маёмасць Туравец – мабільнік, тэлевізар і пральную машыну LG – суд пакінуў пад арыштам да выплаты накладзенага спагнання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства