Асуджанаму на тры гады «хіміі» палітвязню пагражае турма за «ляжанне на ложку, незасланую пасцель і адмову працаваць»
26-27 траўня ў Круглым па арт. 415 Крымінальнага кодэксу РБ пачалі судзіць палітвязня Валадара Цурпанава, перадае "Радыё Свабода".
Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, асуджанага на тры гады «хіміі», стала, як адзначана ў абвінавачанні, парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове. Падсудны сваёй віны не прызнае і заяўляе, што «следзтва ў ягонай справе не было».
Як Цурпанаў трапіў на «хімію» і што яму інкрымінуюць цяпер
У папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 46, што ў райцэнтры Круглае, Валадар Цурпанаў трапіў за абразу дзвюх магілёўскіх судздзяў — Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанка. Ён рэзка выказаўся пра іх падчас разгляду адміністрацыйных справаў. Вырак судздзі Магілёўскага раённага суду Аляксандра Халадцова праваабаронцы палічылі палітычна матываваным і звязаным з мірнай рэалізацыяй права на выказванне грамадзянінам сваіх думак.
На «хіміі» ў Круглым Цурпанаў прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 году. Калі распачалі крымінальную справу, яго вывезлі з спэцкамэндатуры ў магілёўскую турму № 4. У ёй актывіст знаходзіўся да суду.
На працэсе ў Круглянскім судзе старшынюе судздзя Дзьмітры Сасноўскі. Дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляе пракурор Міхаіл Андросенка. Падсудны бароніць сябе сам. На пачатку суду зварот абвінавачанага, каб з ім гаварылі па-беларуску, пакінулі без задавальнення. Пракурор і судздзя аргумэнтавалі адмову тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Большасць хадайніцтваў абвінавачанага, тым ня менш, судздзя падтрымаў. Сярод іх — допыт начальніка спэцкамэндатуры.
Паводле абвінавачвання, крымінальную справу на Цурпанава завялі таму, што за час знаходжання ў папраўчай установе яе супрацоўнікі не аднойчы заспявалі яго, калі ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, сваё спальнае месца ён не засцілаў належным чынам, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.
У абвінавачванні адзначана, што Цурпанаў адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй папраўчай установы прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства, асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць.
За ўсе гэтыя парушэнні на асуджанага спачатку накладалі спагнанні, а потым распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад адбывання ім пакарання. Супрацоўнікі папраўчай установы адзначалі, што асуджаны непаважліва гаварыў з імі, на заўвагі не звяртаў увагі, даваць тлумачэнні адмаўляўся.
Што кажа Цурпанаў
Сваёй пазыцыі адносна крымінальнага пераследу Валадар Цурпанаў пакуль не выказваў. Ён лічыць, што «следзтва ў ягонай справе не было», а адмову ў просьбе вызваліць яго з-пад варты, з якой ён зьвяртаўся да працэсу, разглядае як перадузятасць суду да сваёй асобы.
Цурпанаў казаў, што адмовіўся ад працы, вызначанай яму адміністрацыяй папраўчай установы, бо там не маглі гарантаваць яму «ідэальных» умоваў ды заробку ў межах 900 рублёў. Акрамя таго, даводзіў ён, зрок не дазваляе яму рабіць зваршчыкам. Па словах асуджанага, кіраўнік прадпрыемства пагадзіўся, што такі работнік ім не патрэбны. Калі ж суд дапытваў кіраўніка, той не згадаў, ці ішла гаворка пра здароўе Цурпанава.
У ранейшых сваіх камэнтарах зняволены актывіст тлумачыў, што не выконваў загадаў супрацоўнікаў спэцкамэндатуры, бо яны, настойваў ён, парушаюць чалавечы гонар і годнасць асуджанага. Патрабаванне сядзець толькі на зэдліку — гэта, паводле Цурпанава, катаванне. Свае дзеянні ён называў «грамадзкім непадпарадкаваннем». Яго абурала, што супрацоўнікі ня ведаюць беларускай мовы. На відэаматэрыялах зафіксавана, як ён просіць гаварыць з ім па-беларуску, а супрацоўнікі адказваюць, што ён разумее расейскую.
На допыце ў судзе адзін з супрацоўнікаў адзначыў, што Цурпанаў адмаўляўся падпісваць пастановы аб накладанні спагнанняў, бо яны аформленыя не на беларускай мове. Складаць іх па-беларуску, прызнаўся міліцыянт, ва ўстанове не маглі, бо справаводзтва ў іх расейскамоўнае. На такое тлумачэнне Цурпанаў адрэагаваў пытаннем, ці ўсведамляе сведка, што ў такім разе парушаюцца ягоныя правы.
Між судовымі пасяджэннямі падсуднага трымалі ў Круглянскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Цурпанаў заявіў у судзе, што там сутыкнуўся з «катаваннем». Паводле абвінавачанага, у камэры было холадна. Ён быў пазбаўлены магчымасці рыхтавацца да працэсу, бо яму далі абмежаваную колькасць паперы. Двойчы за ноч супрацоўнікі падымалі яго і патрабавалі назваць імя і прозвішча. Акрамя таго, пасцельную бялізну выдалі толькі на ноч, а, відэаназіранне, настойваў ён, захоплівала нават прыбіральню, у якой да таго ж быў няспраўны мэханізм змыву. Цурпанаў прасіў суд вынесці прыватнае вызначэнне кіраўніцтву ізалятара.
Працэс працягнецца 31 траўня ў 14.30.
Хто такі Цурпанаў
Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёва.
1 верасня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволення. Быў шпіталізаваны. Да зняволення рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.