“Мама, мне вельмі сорамна, што я тут”. Маці Дзмітрыя Гопты сустрэлася з сынам у калоніі
Маці палітвязня, асуджанага да двух год калоніі, Дзмітрыя Гопты атрымала першае пасля СІЗА спатканне з сынам, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №3 у Віцьбе.
Дзмітрыю Гопту – 21 год, ён мае псіхічнае захворванне, звязанае са значным парушэннем паводзін, якое патрабуе догляду і лячэння, з-за гэтага мае разумовую адсталасць. Аднак гэта не перашкодзіла суду Жлобінскага раёна абвінаваціць яго адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Экспертыза вырашыла, што, нягледзячы на паводніцкія праблемы, хлопец можа адказваць за свае дзеянні. Хаця, па-праўдзе, ён нават працаваць не можа, паколькі не заўсёды разумее, што дакладна ад яго патрабуецца.
Пятага лютага хлопца асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, а 9 лютага беларускай праваабарончый супольнасцю ён быў прызнаны палітычным зняволеным.
Гэта прысуд меў шырокі розгалас у грамадстве – амаль тры тысячы подпісаў беларусы сабралі пад петыцыяй аб вызваленні Дзмітрыя.
Чаму так? З-за спецыфікі разумовага развіцця пад час следства Дзмітрый злякаўся і прымаў за чыстую манету перакананні следчага, што калі прызнаецца ў кіданні камяня ў сілавікоў, то яму нічога не будзе. Ён паверыў, і на судзе як мантру паўтараў гэтыя словы: "Я кідаў, але я не ведаю, патрапіў ці не патрапіў".
Але калі яго пачыналі дапытваць, у якім месцы гэта здарылася, ён называў розныя месцы горада.
26 траўня Вольга Гопта ўбачылася з сынам у Віцьбе.
Першае ўражанне маці – Дзмітрый выглядае больш дарослым чым раней, больш сур’ёзным. Тым не меней, пры размове час ад часу на твары сына праступаюць слёзы. Ён дагэтуль не можа зразумець, чаму ён патрапіў у зняволенне.
“Мама, мне вельмі сорамна, што я тут. Я не разумею, за што я тут сяжу. Калі мяне забралі, следчы сказаў, што мы ўсё пра цябе ведаем, цябе там бачылі і калі ты прызнаешся – табе нічога не будзе”.
І вось гэтае “нічога не будзе” каштавала юнаку два гады калоніі.
- Сын распавядаў, што самым цяжкім і страшным для яго быў этап. У вагоне перавозілі ўвесь час у кайданках, рукі скаваныя за спіной, а перад пасадкай у аўтазак ён быў апрануў куртку. У аўтазаку было душна і горача, аднак з-за кайданкоў ахоўнікі забаранілі яму распрануцца. Дзіма кажа, што нават кіраўніцтва калоніі само не разумее, як ён мог патрапіць сюды, - распавядае маці пра свае ўражанні ад сустрэчы з сынам.
“У нашым атрадзе ёсць дзядуля, які амаль нічога не бачыць”
Дзмітрый казаў маці, што ў калоніі шмат пажылых людзей, яны кепска ходзяць, некаторыя кепска бачаць, а некаторыя, нават на прагулку выйсці не могуць. Ен усіх іх шкадуе, бо па жыцці такі добры. А яшчэ казаў, што ў СІЗА "злы дзядька" над ім пасміхаўся і казаў, што яго ніхто не любіць, нават бацькі, што ён нікому не патрэбны і яму ніхто не піша.
Сапраўды, у СІЗА Гопту лістоў не аддавалі, а калі пераводзілі ў калонію - аддалі цэлы пачак лістоў.
Яшчэ ў Сіза яму прыслалі бандэроллю ў падарунак маленькага цацачнага мядзведзіка. Пра гэта толькі сказалі, але сам падарунак не перадалі. Толькі калі прыбыў у калонію - змог атрымаць мядзведзіка.
На спатканні ён, плачучы, пытаўся ў маці, ці сапраўды яна яго не любіць і ён нікому не патрэбны.
“Відаць, ён не разумее, што яго падтрымліваем усе мы. Магчыма, там інфармацыйны вакуум і сын не ведае, што робіцца на волі,” - распавядае Вольга.
Таксама маці распавяла, што ў калоніі Дзмітрый працуе на швейнай вытворчасці, абразае ніткі. Праца ў дзве змены, таму часам сын пакуль не высыпаецца.
Жлобін: Каханоўскаму і Гопту прысудзілі тры з паловай і два гады калоніі адпаведна
Падтрымайце палітвязня Дзмітрыя Гопту лістом або паштоўкай! Адрас: Папраўчая калонія №3, 211 322, Віцебская вобрасць, г.п. Віцьба. |