Пяць год "хатняй хіміі" запрасіў пракурор жыхарцы Жодзіна за гвалт над маёрам, які ўдарыў жанчыну Дапоўнена
Суд горада Жодзіна 25 траўня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Анастасіі Герыловіч, якая па версіі следства сарвала маску з супрацоўніка міліцыі і тым самым здзейсніла гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт 364 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Іван Грынкевіч. Дзяржабвінаваўца - памочнік пракурора Дзмітрый Ярашэвіч.
У верасні мінулага года па інтэрнэце разляцелася відэа з Жодзіна, на якім міліцыянт Мікалай Бараноўскі б'е жанчыну па твары з такой сілай, што яна падае на зямлю. Да міліцыянта адразу ж падбеглі абураныя жодзінцы, адна з іх - Анастасія Герыловіч сарвала з яго маску.
Больш за паўгода пытанняў да жанчыны не ўзнікала, але 7 красавіка яе затрымалі і распачалі крымінальную справу аб гвалце над супрацоўнікам міліцыі.
Усё як у справе палітзняволенай Наталлі Хершэ
"У аўторак, 6 красавіка, мне распавялі пра пост у сацсетках, што міліцыя шукае таго, хто сарваў маску з міліцыянта, які 13 верасня мінулага года ўдарыў жанчыну. Аказалася, у міліцыі ёсць відэа. На ім бачна, што пасля таго, як міліцыянт ударыў жанчыну, і яна ўпала, я падышла да яго, зняла маску, ён схапіў мяне за руку, утрымліваў, потым натоўп пачаў навальвацца, і ён мяне адпусціў," - распавядала Анастасія журналістам.
У якасці пацярпелага па справе выступае участковы інспектар міліцыі, маёр Мікалай Бараноўскі.
Анастасіі Герыловіч – 35 год, адна выхоўвае сына, працяглы час працуе ў Мінску.
На допыце жанчына распавяла, што ў той самы дзень яна гуляла ў горадзе, убачыла вялікую колькасць людзей, а потым тое, што міліцыянт моцна ўдарыў жанчыну ў твар, і тая ўпала. Гэта яе вельмі ўсхвалявала і, знаходзячыся ў моцным эмацыйным узрушэнні, яна падбегла і вырашыла сарваць маску, каб бачыць, хто гэта. Яна не хацела, каб пасля такога ўчынку міліцыянт застаўся неапазнаным.
Дзяржабвінаваўца Ярашэвіч агучыў матэрыялы следства:
"Каля 15: 30 13.09.20 знаходзячыся паблізу дома 22 па праспекце Леніна ў горадзе Жодзіна Мінскай вобласці, дзейнічаючы наўмысна ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці органаў унутраных спраў, участковага інспектара міліцыі маёра міліцыі Бараноўскага, пэўна ведаючы, што ён з'яўляецца супрацоўнікам органаў унутраных спраў... пры гэтым ажыццяўляў затрыманне Гусаковай, за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння прадугледжанага часткай 1 артыкула 23.34, ужыла да Бараноўскага гвалт, якое выявілася ў тым, што наўмысна сарвала маску з пацярпелага і пазногцямі правай рукі прычыніла ранку завушнай вобласці."
Віну Герыловіч прызнала цалкам.
У судзе далучаная распіска ад пацярпелага, што яму пакрылі маральную шкоду ў памеры 600 рублёў.
Сёння дзяржабвінаваўца запрасіў для Герыловіч пяць год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
У судзе Анастасія Герыловіч патлумачыла, што ў той дзень каля Дома быту ўбачыла шмат людзей і падышла. Стаіла міліцыя і ДАІ, і тут міліцыянт два разы ўдарыў жанчыну, яна ўпала. Тады яна падбегла да маёра і сарвала з яго маску. Патлумачыла, што сарвала маску для таго, каб ідэнтыфікаваць яго.
"Правай далонню выбіў прадмет, які палічыў магчыма небяспечным для свайго жыцця і здароўя, а левай далонню ўжыў затрыманне"
Пацярпелы Бараноўскі растлумачыў наступнае.
Пад час аховы грамадскага парадку ў Жодзіна па рацыі паступіла паведамленне, што супрацоўнікам ДАІ патрабавалася дапамога. Па прыбыцці ўбачыў, што вакол машыны ДАІ знаходзілася каля 30 чалавек, якія скандавалі лозунгі. Наколькі ён зразумеў, патрабавалі адпусціць парушальніка. Стаяў з боку кіроўцы ДАІ. Звярнуў увагу, што нейкая жанчына падыходзіць да яго з прадметам. Было прынята рашэнне выбіць дадзены прадмет і затрымаць. Пасля падышла нейкая жанчына і сарвала маску і ўжо з першай жанчынай яны ўпалі на зямлю.
Ён прытрымліваў грамадзянку Герыловіч і Гусакову, у нейкі мужчына падбег і штурхнуў у плячо.
Адвакат дапытвае Бараноўскага:
- Вы сведчылі ў паказаннях, што бачылі жанчыну, у якой у руках быў прадмет і вы прынялі рашэнне яго...
-Выбіць.
-Выбіць? Ну і як, выбілі?
-Так.
- І які гэта быў прадмет?
- Тэлефон.
- Выбілі з рукі, а па твары траплялі?
- Вас які ўдар цікавіць? Правай далонню выбіў прадмет, які палічыў магчыма небяспечным для свайго жыцця і здароўя, а левай далонню ўжыў затрыманне.
- Затрыманне па твары?
- Далонь пайшла мімаходзь па вушной ракавіне і да шыі, наколькі я памятаю. Я планаваў проста схапіць.
- Схапіць за што? За вушную ракавіну?
-За каўнер.
"Дакрананне да мяне ў форме з'яўляецца абразай дзяржавы"
- Ці правільна я зразумела з вашых тлумачэнняў, што вы лічыце, што ў дачыненні да Гусаковай вы паводзілі сябе правамерна?
- Так. Гэтак жа па гэтым факце праведзена праверка ва ўпраўленні Следчага камітэта.
- Да пытання па пазове аб кампенсацыі. Вам кампенсавана сума? Прэтэнзіі маеце?
- E вас павінны быць маральныя і фізічныя пакуты, звязаныя са зрывам маскі. ... Апішыце іх.
- Фізічныя ў выглядзе драпіны. Маральныя, што ў маёй асобе была абражаная дзяржава, бо было дакрананне да формы.
- Вы сказалі дотык да формы. Давайце ўдакладнім, медыцынская маска з'яўляецца формай?
- Гэта сродак абароны.
- Дык якія маральныя пакуты вы адчувалі?
- Я выказаў свой пункт гледжання, бо магла быць пашкоджаная і форма.
Працяг судовага паседжання адбудзецца заўтра, 26 траўня.