viasna on patreon

Пушкінская, Няміга і Серабранка. За якія падзеі судзяць братоў Піпія, Шышлова і Болтуця?

2021 2021-05-07T21:12:09+0300 2021-10-01T15:38:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_pipii_boltuc_shushlau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У судзе па справе братоў-антыфашыстаў Тамаза і Цімура Піпія, Віталя Шышлова і Дзяніса Болтуця. Фота spring96.org

У судзе па справе братоў-антыфашыстаў Тамаза і Цімура Піпія, Віталя Шышлова і Дзяніса Болтуця. Фота spring96.org

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 7 траўня пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да братоў-антыфашыстаў Тамаза і Цімура Піпія, Віталя Шышлова і Дзяніса Болтуця.

Хлопцаў вінавацяць па шэрагу артыкулаў:

  • Цімура Піпію, Віталія Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса;
  • Цімура Піпію ячшэ і арт. 419 КК;
  • а Тамаза Піпію толькі па ч. 2 арт. 293 КК.

Справу вядзе суддя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Раман Бізюк.

Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаў, але на судовае пасяджэнне яны не з’явіліся.

sud_pipii_boltuc_shushlau1.jpg

На першым пасяджэнні пракурор зачытаў абвінавачванні толькі для дваіх абвінавачаных - Ціміра Піпіі і Віталя Шышлова. 

Якія эпізоды ставяцца ў віну палітвязням? 

Паводле абвінавачвання, усе чацвёра фігурантаў справы прынялі ўдзел у масавых беспарадках вечарам 10 жніўня 2020 года ў раёне ст. м. "Пушкінская" - ч. 2 арт. 293 КК.

Хлопцы, будучы пэўна дасведчанымі з розных крыніц аб месцы і часу правядзенні несанкцыянаваных мерапрыемстваў 9 жніўня і ў наступныя дні, падшукалі зручную і непрыкметную вопратку і прыехалі 10 жніўня на скрыжаванне вул. Пушкіна і пр. Прытыцкага ў Мінску, знаходзіліся там з 21.20 да 23.10 гадзін. Дзейнічаючы наўмысна групай асобаў па папярэдняй змове, Цімур і Тамаз Піпія, Дзяніс Болтуць, Віталь Шышлоў і іншыя неўстаноўленыя следствам асобы, "ствараючы магчымасці і спрыяльныя ўмовы для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, пасягаючы на грамадскую бяспеку, распальваючы нянавісць да супрацоўнікаў сілавых структур, прынялі ўдзел у масавых беспарадкаў, які выявіўся ў непасрэдным здзяйсненні пагромаў, гвалту над асобай, узброеным супраціве прадстаўнікам улады пры выкананні імі службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку". Абвінавачаныя выкрыквалі розных лозунгі, шукалі і перамяшчалі прадметы для ўзвядзення барыкад на праезнай частцы дарогі з мэтай уцягвання іншых удзельнікаў масавых беспарадкаў для наступнага ўзброеннага супраціву прадстаўнікам улады, выкарыстоўвалі камяні і іншыя прадметы для нанясення цялесных пашкоджанняў міліцыянерам, стваралі перашкоды для перамяшчэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, перамяшчэння траспорту, адмаўляліся пакінуць месца падзей. Сваімі дзеяннямі наўмысна блакавалі рух транспарту, шляхам сумеснага выхаду з іншымі ўдзельнікамі пратэснай акцыі на палосы праезнай часткі, чым парушылі спакой грамадзянаў і перашкаджалі працы прадпрыемства "Мінсктранс".

Пры гэтым Віталь Шышлоў здзейсніў не менш за адзін кідок у спецтранспарт міліцыі і ў саміх міліцыянтаў.

Вечарам і ў ноч з 23 на 24 верасня 2020 года Цімур Піпія, Віталь Шышлоў і Дзяніс Болтуць прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, на перакрыжаванні вул. Раманаўская Слабада - Гарадскі Вал - Няміга і ў мікрараёне Серабранка - ч. 1 арт. 342 КК. 

Абвінавачаныя далучыліся да акцыі пратэсту з 18.10 да 20.40 гадзін 23 верасня ў раёне Нямігі - з іншымі людьмі выкрыквалі лозунгі, хлопалі ў далоні, размахвалі рукамі, выходзілі на праездную частку дарогі і блакавалі рух грамадскага транспарту, неаднаразова адмаўляліся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, наўмысна парушалі грамадскі спакой і перашкаджалі працы прадпрыемстваў. 

З 20.40 гадзін 23 верасня па 01.30 гадзін 24 верасня хлопцы знаходзіліся на перакрыжаванні вул. Пляханава і пр. Ракасоўскага, дзе таксама прынялі ўдзел у пратэсным мітынгу: выкрыквалі лозунгі, размахвалі рукамі, выходзілі на праездную частку, блакавалі рух транспарту, у тым ліку грамадскага, чым прычынілі ўрон працы прадпрыемства "Мінсктранс". 

З 22.00 да 22.15 гадзін 23 верасня па папярэдняй змове і ўсведамляя супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў Піпія, Болтуць, Шышлоў ды іншыя мітынгоўцы падыйшлі да спецтранспарту міліцыі, які знаходзіўся па пр. Ракасоўскага, 77. У машыні знаходзіліся супрацоўнікі Ленінскага РУУС Зелянеўскі і Карабанаў, які выконвалі свае службовыя абавязкі па ахове грамадскага парадку. З мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі і з помсты за выкананне імі сваіх абавязкаў, хлопцы "прадэманстравалі пагрозу прымянення гвалту", а Шышлоў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ужыў гвалт у дачыненні Зелянеўскага і Карабанава - распыліў у салон аўтамабіля слёзатачывы газ, чым прычыніў фізічны боль міліцыянтам, а Зелянеўскаму і цялесныя пашкоджанні ў выглядзе хімічнага апёку кан'юктівы абодвух вачый. Гэтыя дзеянні следства кваліфікавала паводле арт. 364 КК

Акрамя таго, Цімур Піпія быў асуджаны 27 сакавіка 2020 года паводле арт. 174 КК за ўхіленне ад утрымання дзіцяці да грамадскіх работ, але шматкроць ухіліўся ад адбыцця прызначанага пакарання. Паводле абвінавачавання, ён сваімі наўмыснымі дзеяннямі здзейсніў злачынства па арт. 419 Крымінальнага кодэкса - "Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе грамадскіх работ".

Працяг судовага пасяджэння па справе прызначана на 10.00 раніцы 14 траўня.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Падтрымаць лістамі і паштоўкамі абвінавачаных Цімура Піпія, Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства