viasna on patreon

Мінчука асудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках і па "наркатычным" артыкуле

2021 2021-05-06T15:30:04+0300 2021-05-06T15:33:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sikorsky_sk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска завяршыўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць 45-гадовага Сяргея Сікорскага па ч. 2 арт. 293 КК (Удзел у масавых беспарадках) і па ч. 1 і 3 арт. 328 КК (Захоўванне і збыт наркотыкаў). Суддзя Дзмітрый Лукашэвіч прысудзіў яму 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічынь (8700 рублёў). "Вясна" з дапамогай валанцёраў вяла маніторынг судовага працэсу і распавядае яго падрабязнасці.

Сяргей Сікорскі ў судзе
Сяргей Сікорскі ў судзе

Да затрымання Сяргей Сікорскі працаваў памочнікам кіраўніка адной са сталічных арганізацый. У яго чацвёра дзяцей, малодшай дачцэ 4 гады.

11 жніўня Сяргей разам з жонкай і сябрамі выйшаў на акцыю пратэсту ў раёне станцыі метро "Пятроўшчына". Пасля таго, як туды прыехаў АМАП і пачаліся затрыманні, у аўтобус сілавікоў паляцелі камяні і іншыя прадметы. Некалькіх удзельнікаў тых падзей пазней апазналі па фота і відэа і завялі на іх крымінальную справу аб удзеле ў масавых беспарадках. Сяргей быў сярод іх.

У верасні яго затрымалі па месцы жыхарства. Згодна з пратаколам агляду, у момант затрымання ён знаходзіўся ў стане, выкліканым спажываннем псіхатропных рэчываў, у яго арганізме быў выяўлены мефедрон. Падчас ператрусу ў кватэры праваахоўнікі знайшлі парашкападобнае рэчыва. Пазней следчыя прыйшлі да высновы, што Сікорскі таксама збыў такое рэчыва 46-гадовай жыхарцы Магілёва.

"Усю сітуацыю справакавалі супрацоўнікі, пачаўшы затрыманні". Абвінавачванне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса

Паводле абвінавачвання, Сяргей Сікорскі 11 жніўня 2020 года ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў раёне Студэнцкай вёскі (ст. м. Пятроўшчына). "Сікорскі далучыўся да ўдзельнікаў беспарадкаў, разам з якімі кідаў камяні і іншыя прадметы ў праваахоўнікаў, наносіў ім удары па розных частках цела, а таксама пашкодзіў службовы аўтобус".

Падчас допыту абвінавачаны распавёў, што ў той вечар дамовіўся з сябрамі, і яны вырашылі пайсці да «Макдональдса». Па дарозе зрабілі фота, узяўшы ў іншых людзей сцяг і плакат. Праз некаторы час спынілася аўто, адтуль выйшла жанчына і сказала ўсім прысутным, што ў іх бок едзе тры аўтобусы з міліцыяй і што трэба ўсім разыходзіцца. Таму, па словах Сікорскага, яны развярнуліся і пайшлі назад, у бок дома. Затым яны ўбачылі, што на супрацьлеглым баку вуліцы пад'ехаў аўтобус, з яго выскачылі супрацоўнікі, пачалі біць людзей дубінкамі і закідваць у аўтобус.

"Калі ўбачыў, што натрэніраваныя людзі пачалі паводзіць сябе так з моладдзю, якая нічога не здзяйсняла, то кінуўся да аўтобуса. Бо ніякіх масавых беспарадкаў не было, а ўсю сітуацыю справакавалі супрацоўнікі, пачаўшы затрыманні. Пачакаў зялёнага сігналу святлафора, перабег вуліцу. Да таго часу аўтобус ужо пачынаў рух, бо ў бок супрацоўнікаў паляцелі камяні і бутэлькі. Задняе шкло аўтобуса ўжо было разбітае. Я таксама ўдарыў па шкле, і яно рассыпалася".

Сікорскі патлумачыў, што першапачаткова ён хацеў прадухіліць затрымання або як-небудзь дамовіцца. Пры гэтым ім ахапіла пачуццё несправядлівасці. 9 жніўня, знаходзячыся на працы, бачыў, як жорстка затрымлівалі людзей. Да гэтых падзей, па яго словах, ён быў апалітычны.

Словы Сяргея аб тым, што акцыя была мірная і беспарадкаў да з'яўлення супрацоўнікаў МУС і пачатку затрыманняў не было, пацвердзілі яго сябры, якія выступілі сведкамі па справе.

На судзе былі праслуханыя запісы тэлефонных размоў Сікорскага, зробленыя 11 жніўня. У размове з сябрамі ён ўжываў такія выразы, як «ідзем на барыкады», «крыху паваюем». Сікорскі патлумачыў, гэта было сказана ў жарт. У гутарцы з былой жонкай ён распавядаў пра тое, як было выбітае шкло ў міліцэйскім аўтобусе і што ён тады «усімі камандаваў». Па словах абвінавачанага, тады ён ладна перабольшваў падзеі.

Што казалі пацярпелыя

Пацярпелымі па справе па ч.2 арт. 293 КК былі прызнаныя міліцыянты РУУС Маскоўскага раёна Уладзіслаў Дубкоў і Ілля Шалік. Таксама яны выступалі ў якасці пацярпелых на судзе па справе палітвязня Івана Дацышына, які ў выніку атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Студэнту БДУ — чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму

У судзе Маскоўскага раёна Мінска вынесены прысуд палітвязню Івану Дацышыну. Яго прызналі вінаватым паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: менавіта такое пакаранне прасіў пракурор.

Уладзімір Дубкоў падчас допыту распавёў, што 11 жніўня пасля 21.00 у міліцыю паступіла паведамленне, што ў раёне парку Паўлава на скрыжаванні вуліцы Любімава і праспекта Дзяржынскага адбывалася несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, у якім удзельнічае больш за 100 чалавек. У складзе групы з 15 чалавек ён выбыў туды на аўтобусе МАЗ. Прыбыўшы на месца і ўбачыўшы пратэстоўцаў, яны выйшлі з аўтобуса. Частка грамадзян пасля гэтага адразу пачала ўцякаць, частка засталася. Дубкоў сцвярджаў, што па выхадзе з аўтобуса яны пачалі тлумачыць грамадзянам, што мерапрыемства не санкцыянаванае і папрасілі іх разысціся.

«Частка грамадзян пачала паводзіць сябе агрэсіўна, не рэагавалі на патрабаванні. Таму прынялі рашэнне іх затрымаць і даставіць ў Маскоўскае РУУС. У нейкі момант убачыў, як адзін грамадзянін аказвае калегам супраціў. Я вырашыў дапамагчы яго затрымаць. Патлумачылі гэтаму грамадзяніну, што яго дзеянні незаконныя, папрасілі прайсці з імі ў аўтобус. Ён не рэагаваў, актыўнымі дзеяннямі супраціўляўся. Паспрабаваў вырабіць загін рукі за спіну, болевы прыём. Я ўзяўся за яго майку, і ў гэты момант ён нанёс мне некалькі удараў па руцэ. Затым я адчуў рэзкі боль ва ўказальным пальцы на левай руцэ. Я павёў гэтага грамадзяніна ў аўтобус, але пачалі ляцець камяні, і гэта перашкодзіла затрымаць грамадзяніна, ён вырваўся. Што гэта быў за чалавек, я не запомніў. Таксама адчуў, што па правай галёнцы трапіў нейкі прадмет, адчуў рэзкі боль. Для свайго выратавання пабег у аўтобус. Забегшы, убачылі, як у аўтобусе пачалі біць шыбы. Праязджалі машыны заблакавалі рух, не даўшы магчымасці выехаць».

На наступны дзень Дубкоў звярнуўся ў паліклініку МУС, дзе яму паставілі дыягназ «пералом першай фалангі левага ўказальнага пальца». На бальнічным, па яго словах, ён быў 30 сутак.

Сяргей Сікорскі прынёс Дубкову прабачэнні, калі ў выніку менавіта яго дзеянняў была прычыненая фізічная шкода.

"Вы не думалі, што калі б вы не сталі затрымліваць людзей, то нічога б не адбылося?", - спытаў Сікорскі. Гэтае пытанне было знята судом.

Іскавых патрабаванняў да Сікорскага Дубкоў не прад'яўляў.

Другі пацярпелы Ілля Шалік распавёў, што прыкладна ў 20:00-20:30 яны пад'ехалі да парку Паўлава. Ён убачыў, што хтосьці падыходзіць да супрацоўнікаў з нейкім прадметам у руках і здзяйсняе "размашыстыя рухі". Здалося, што чалавек агрэсіўна настроены. Шалік падышоў да яго і сказаў, што ён затрыманы. Чалавек пачаў адыходзіць, замахнуўся армейскім рамянём і ўдарыў Шаліка. Удар прыйшоўся ў падбародак. Шалік сказаў, што ад удару раскрышыўся зуб і пацякла кроў. У РУУС выклікалі хуткую дапамогу, яму апрацавалі рану і даставілі ў 11 ГКБ, дзе яму наклалі швы. Пасля яго адпусцілі дадому.

Таго чалавека, які супраціўляўся, затрымаць не ўдалося. Па словах Шаліка, ён не быў падобны на Сікорскага.

Таксама былі заслуханыя паказанні капітана міліцыі Мікалая Зелянкоўскага, якія былі падобныя з паказаннямі Дубкова і Шаліка.

Абвінавачванне па «наркатычным» артыкуле

Частка судовых пасяджэнняў была прысвечана разбіральніцтву па справе аб наркотыках. 7 верасня, калі аператыўнікі прыйшлі з ператрусам у дом Сікорскага, на стале яны выявілі рэшткі псіхатропнага рэчыва - пара-мецілэфедрона (мефедрона). У крыві Сікорскага таксама быў знойдзены наркотык. На Сікорскага была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 328 КК (Захоўванне наркатычнага рэчыва). Затым следства ўстанавіла, што Сікорскі летам перапрадаў частку наркатычнага рэчыва (па яго словах, рэшткі) сяброўцы жонкі, што і лягкло ў аснову абвінавачвання ўжо па ч. 3 арт. 328 КК (Збыт наркатычнага рэчыва).

На судзе Сікорскі казаў, што залежнасці ад наркотыкаў у яго няма, ужываў вельмі рэдка - для зняцця стрэсу.

У якасці сведак па дадзеным надзеле выступілі жанчыны, якія набывалі рэчыва ў Сікорскага. Адна з іх знаходзіцца пад вартай таксама паводле ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэкса.

sikorsky_sk.jpg
Сяргей Сікорскі на акцыі пратэсту 11 жніўня. Фота з сайта sk.gov.by

"У жыцці я заўсёды стараўся паступаць па сумленні". Апошняе слова Сяргей Сікорскага

Сяргей Сікорскі выступаў з апошнім словам каля гадзіны. Прыводзім асобныя цытаты:

"Мне ўжо 45 гадоў. Я бацька чатырох дзяцей, чатырох дачок... І практычна ўсё сваё жыццё я працаваў на двух працах. Стараўся, каб мая сям'я і мае блізкія ніколі і ні ў чым сабе не адмаўлялі. Мужчына павінен утрымліваць сваю сям'ю, сваіх дзяцей. <...>

Адносна сітуацыі, якая склалася 11 жніўня, рэжуць слых фразы, што я непавагу аказваў да грамадства, гучна пляскаючы і выкрыкваючы лозунгі. Калі паглядзець, то на той момант як раз усё грамадства і знаходзілася на вуліцы. На праспекце Дзяржынскага было вельмі шмат людзей. Розных слаёў насельніцтва, узроставых груп, сацыяльнага статусу.

За 8 месяцаў у мяне быў час падумаць, стараўся аднавіць карціну, свае дзеянні, магчымыя дзеянні. Я выдатна бачыў, што адбывалася ў цэнтры 9 жніўня на скрыжаванні Нямігі і Гарадскога Вала. Насупраць мяне стаяў аўтазак, я бачыў, як туды загружалі людзей. Магчыма гэта і адыграла сваю ролю, што я пабег да гэтага аўтобуса. Я лічыў, што на той момант, улічваючы сваю кампетэнтнасць, я б змог дамовіцца, што б людзей не чапалі, людзі б проста разышліся.

Магу сказаць, што да праваахоўных органаў у мяне ніколі не было негатыўнага альбо непрыязнага стаўлення. Мой бацька больш 25 гадоў прапрацаваў супрацоўнікам МУС. <...> У мяне шмат сяброў у праваахоўных органах. Так, у нас было шмат рознагалоссяў з нагоды падзей, якія адбываюцца ў апошні час у краіне, але мы прыйшлі да таго, што што б не здарылася, усё роўна застанемся сябрамі.

У свой час я хацеў пайсці служыць у спецпадраздзяленне, але бацька параіў падумаць, ці трэба табе мне. Гэты размова кардынальна змяніла маё меркаванне. Пра майго бацьку: ён пачаў выпіваць і памёр у 63 гады ад цяжкай алкагольнай інтаксікацыі. У даведцы аб смерці напісалі сардэчную недастатковасць. У маім разуменні, каб не псаваць статыстыку. Мяне заўсёды забівала гэта слова - "статыстыка". У нас у краіне статыстыка - гэта выдаваць жаданае за сапраўднае. <...>

Усё часцей я стаў задавацца пытаннямі: "Якое маё прызначэнне?", "Навошта я на гэтай зямлі знаходжуся?", "Які будзе вынік?". Можа гэта гучыць гучна, але ў жыцці я заўсёды стараўся паступаць па сумленні. Дзе я бачыў несправядлівасць, я не мог праз сябе пераступіць. <...>

Правёўшы ўжо 8 месяцаў пад следствам, я шкадую аб тым, што здарылася. Мае ўчынкі, мае дзеянні негатыўна адбіліся на маіх блізкіх і родных. Шчыра хачу папрасіць у іх прабачэння за тое, што ім давялося перажыць.

Знаходзячыся ў турме, я моцна звярнуўся да веры. Адчуў сілу малітвы, яна дапамагла мне захаваць стрыжань. Але, як сказана ў святых пісаньнях, веданне памнажае смутак. Над кожным чалавекам знаходзіцца чаша, у якую збіраюцца ўсе нашы ўчынкі, дрэнныя і добрыя. І мая чаша перапоўнілася".

На год менш, чым прасіў пракурор

Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца папрасіў суд прысудзіць Сікорскаму:

  • Па частцы 1 артыкула 328 КК – 2 гады пазбаўлення волі;
  • Паводле часткі 3 артыкула 328 КК – 7 гадоў пазбаўлення волі і 300 базавых велічынь штрафу. Шляхам складання пакаранняў па двух частках артыкула 328 разам прысудзіць 7 гадоў пазбаўлення волі;
  • Па частцы 2 артыкула 293 КК – 5 гадоў пазбаўлення волі.

А агульнае пакаранне па артыкулах 293 і 328 КК – 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічынь.

Суддзя Лукашэвіч па кожнай артыкуле прызначыў такое ж пакаранне, як і запытаў пракурор. Выніковае пакаранне – 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і 300 базавых велічынь штрафу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства