Адміністратараў тэлеграм-каналу "Кіроўцы 97" судзяць у закрытым рэжыме
У судзе Заводскага раёна 5 траўня распачаўся суд над чатырма адміністратарамі тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”. Абвінавачаныя па справе – палітзняволеныя Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк, Вікторыя Кульша, а таксама Таццяна Ш. якая не знаходзіцца пад вартай.
Іх вінавацяць па ч. 1 і ч. 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці). Згодна з тэкстам абвінавачвання, усе яны, дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванняў дарог у сувязі з незадаволенасцю ўладай і фальсіфікацыяй выбараў.
Ячшэ да пачатку працэсу суд зрабілі закрытым. Прычыны, па якіх было прынята такое рашэнне, на дадзены момант праваабаронцам невядомы.
Палітвязні Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк і Вікторыя Кульша былі затрыманы ў перыяд з верасня па лістапад 2020 года. Да суда яны знаходзіліся пад вартай у СІЗА №1. У сакавіку тэлеграм-канал "Кіроўцы 97" быў прызнаны экстрэмісцкім.