Праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік
Як стала вядома "Вясне", праваабаронцу і каардынатарку валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік як "схільную да экстрэмізму". Пакуль невядома, якім чынам гэта адаб'ецца на яе ўмовах утрыманнях у СІЗА-1, дзе яна знаходзіцца ўжо восьмы месяц.
Раней праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская распавядала, што 25 сакавіка Марфа Рабкова разам з сукамерніцамі адсвяткавала Дзень Волі, надзеўшы белае адзенне і ўплецеўшы ў валасы бел-чырвона-белыя папяровыя кветкі. Пасля гэтага камера была расфармаваная. Пазней "Вясне" стала вядома, што за гэта дваіх дзяўчат змясцілі ў карцэр на 5 і 10 сутак.
Гацура-Яворская правяла з Марфай у адной камеры сем дзён да свайго раптоўнага вызвалення 15 красавіка.
Праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года, а ў СІЗА - 1 утрымліваецца з 19 верасня. Яна абвінавачваецца ў трох артыкулах: ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці, ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асоб) і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Па гэтых артыкулах Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Марфе некалькі разоў падаўжалі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. У апошні раз - да 19 чэрвеня 2021 года.
У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH).
Як там Марфа? Размова з Таццянай Гацура-Яворскай, якая сядзела ў СІЗА-1 разам з Марыяй Рабковай – у падкасце “Вясна прыйдзе”