У Бярозе не адбыўся суд над Уладзіславам Цімошыкам, ён аб'яўлены ў вышук
У судзе Бярозаўскага раёна 21 красавіка павінен быў пачацца разгляд крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да 21-гадовага Уладзіслава Цімошыка.
Справу разглядае суддзя Наталля Мінчанка, бок абвінавачвання прадстаўляе пракурор Аляксандр Круцько. Пацярпелым па справе праходзіць Сяргей Манцэвіч.
Абвінавачаны знаходзіцца пад «хатнім арыштам», на судовае паседжаньне ён не з'явіўся. Цімошык быў апавешчаны належным чынам, але ад Уладзіслава не паступала ў суд ніякіх хадайніцтваў або заяваў аб прычынах яго адсутнасці.
Па меркаванні пракурора, у адсутнасць абвінавачанага працэс не можа быць працягнуты, Аляксандр Круцько прасіў суд змяніць меру стрымання для абвінавачанага на заключэнне пад варту.
Адвакат спрабавала звязацца з Уладзіславам, але тэлефон яго не даступны, выказалася супраць хадайніцтва аб змене меры стрымання. Сястра, якая праходзіць па справе сведкам, паведаміла абаронцы пра тое, што ў 22 гадзіны 20 красавіка міліцыя правярала Уладзіслава, але яна жыве асобна ад яго і не ведае, чаму ён не з'явіўся ў суд.
У судзе быў абвешчаны перапынак, каб высветліць, ці не паступаў абвінавачаны ў бальніцу - меркаванне аб няшчасным выпадку выказаў бок абароны. Аднак, сакратар суда высветліла, што ў прыёмнае аддзяленне Бярозаўскай ЦРБ 20 і 21 красавіка Уладзіслаў Цімошык не паступаў, таксама ён не звяртаўся па медыцынскую дапамогу ў паліклініку.
Пасля гэтага суд вынес пастанову: Уладзіслаў быў апавешчаны аб месцы і часе судовага паседжання своечасова і належным чынам, але ў суд не з'явіўся, а значыць парушыў абраную меру стрымання ў выглядзе "хатняга арышту".
"У суда маецца падстава меркаваць, што Цімошык наўмысна ўхіляецца ад разгляду справы па яго абвінавачванні і хаваецца ад суда, у той час як яго ўдзел у працэсе абавязкова", - зачытала пастанову Наталля Мінчанка.
Суд пастанавіў абвясціць у вышук абвінавачанага Уладзіслава Цімошыка, змяніць яму меру стрымання на заключэнне пад варту. Пры затрыманні абвінавачанага растлумачыць яму парадак абскарджання пастановы аб змене меры стрымання. Вытворчасць па справе прыпыніць да ўстанаўлення месца знаходжання Уладзіслава.
Нагадаем, крымінальная справа супраць Уладзіслава Цімошыка была ўзбуджаная за падзеі 10 жніўня 2020 года. Па версіі следства, хлопец аказаў супраціўленне пры спробе яго затрымання падчас удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - здзейсніў наезд на міліцыянта, які нёс службу па ахове грамадскага парадку. У выніку праваахоўніку былі нанесеныя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Дзеянні Уладзіслава Цімошыка былі кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса - "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення". Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Варта адзначыць, што хлопец з'яўляецца шматразовым пераможцам і прызёрам велагонак як у Беларусі, так і за яе межамі.