Мінчанку судзяць за блакаванне дарог. Са следчых дзеянняў яе забралі ў бальніцу і паклалі пад кропельніцу Дапоўнена
Суд Цэнтральнага раёна 9 красавіка пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 33-гадовай мінчанкі Юліі Якубовіч. Яе абвінавачваюць у блакаванні дарог на Раманаўскай Слабадзе ў Мінску, за тое, што дзяўчына з групай людзей двойчы каля хвіліны пастаяла на пешаходным пераходзе са сцягамі. "Мінсктранс" шкоды не налічыў. Пасля затрымання ў канцы студзеня Юлію дапытвалі на працягу некалькіх дзён, падчас следчых дзеянняў 2 лютага дзяўчына страціла прытомнасць ад знясілення і абязводжвання — яе шпіталізавалі і змясцілі пад кропельніцу. Потым маладую маму пасадзілі на два месяцы пад хатні арышт. На судзе Юлія Якубовіч сваю віну не прызнае. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Цімафей Нічыпарук. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і распавядае ягоныя абставіны.
Злачынства без шкоды. У чым яе абвінавачваюць?
Паводле версіі абвінавачвання, Юлія Якубовіч у снежні 2020 года і студзені 2021 года ў Мінску на вуліцы Раманаўская Слабада "ў межах несанкцыянаванай акцыі сумесна з іншымі асобамі ўдзельнічала ў перакрыцці праезнай часткі дарогі і блакаванні руху транспарту". Пры гэтым, абвінавачаная публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла воплескі рукамі, выкарыстала сцягі і транспаранты.
"Дзеянні Якубовіч пацягнулі парушэнне графіка і маршруту руху пасажырскага, камерцыйнага і грамадскага транспарту, у тым ліку аўтобусаў і тралейбусаў КУП «Мінсктранс»", — гаворыцца ў абвінавачванні.
Пры гэтым, КУП «Мінсктранс» не налічыў матэрыяльнай шкоды Якубовіч.
Юлія віну не прызнае. Яна падцвярджае, што выходзіла на дарогу, але, на яе думку, сваімі дзеяннямі яна парушыла толькі правілы дарожнага руху.
Як затрымалі дзяўчыну?
27 студзеня ў кватэры сям'і Якубовіч правялі ператрус, пасля якога затрымалі саму Юлію і змясцілі на Акрэсціна, дзе яна правяла 6 сутак. Кожны дзень дзяўчыну вазілі на допыты. Падчас следчых дзеянняў 2 лютага Юлія страціла прытомнасць, пасля чаго была шпіталізаваная і некаторы час знаходзілася пад кропельніцай.
"Я шчыра не разумею, як так можна абыходзіцца з чалавекам, з жанчынай, каб яна страціла прытомнасць і трапіла ў бальніцу. Мне сказалі, што Юля вельмі моцна знясіленая, абязводжаны і стамілася. Яна ляжыць пад кропельніцай", – пракаментаваў тады сітуацыю Валерый, муж Юліі Якубовіч.
Потым маладую маці пасадзілі на два месяцы пад хатні арышт.
"Хацела падтрымаць і падзякаваць людзей за неабыякавасць". Што сама Юлія кажа на судзе?
Віну па ч. 1 арт. 342 КК дзяўчына не прызнае. Яна падцвярджае, што выходзіла на дарогу, але, на яе думку, сваімі дзеяннямі яна парушыла толькі правілы дарожнага руху.
Эпізод па 22 снежня
Допыт Якубовіч адбываецца ў форме пытанняў ад пракурора і суддзі. Дзяржабвінаваўца запытваецца, дзе 22 снежня каля 16 гадзін знаходзілася дзяўчына. На гэта Юлія адказвае, што яна гуляла і даведалася, што ў гэты час праводзяцца акцыі ў падтрымку палітзняволеных – яна пайшла шукаць людзей. Пракурор запытаў, у чым выяўлялася салідарнасць. На што Юлія сказала, што хацела падтрымаць і падзякаваць людзей за неабыякавасць. Па словах дзяўчыны, яна знайшла пратэстоўцаў, але не была з імі знаёмая.
Суддзя запытваецца ў Юліі, колькі там было людзей, з чым яны не згодныя і за што пратэставалі. Па словах дзяўчыны, у акцыі ўдзельнічала каля 20 чалавек, якія выступалі ў падтрымку палітзняволеных. Шабуня спытала, якіх менавіта палітзняволеных, на што абвінавачаная адказала: "Усіх!".
На судзе Якубовіч падцвердзіла, што на акцыі была БЧБ-сімволіка, але асабіста пры ёй не было нічога. Пракурор запытаў мэту і маршрут Юліі. Яна распавяла, што падыходзіла да людзей і казала ім дзякуй. Потым пратэстоўцы пайшлі да пераходу на Раманаўскай Слабадзе, на зялёнае святло яны выйшлі на дарогу на пераход. Па словах дзяўчыны, яна перайшла дарогу на зялёны і пайшла:
"Я падышла да пераходу, людзі перайшлі дарогу і потым акцыя скончылася".
Пракурор запытваўся, ці магла яна ці людзі застацца на пераходзе на чырвонае святло. Юлія гэтага не памятае. На пытанне пракурора, ці бачыла яна, што перашкаджае транспарту, абвінавачаная адказала, што не бачыла.
Да допыту далучылася суддзя Вікторыя Шабуня:
– Вы перагароджвалі шлях транспарту?
– Не.
– Блакавалі рух транспарту?
– Не.
– Выкрыквалі лозунгі ?
– Не.
– Вы рабілі гучныя воплескі?
– Не.
– Пры Вас былі сцягі або транспарты?
– Не.
Эпізод па 3 студзеня
Пракурор просіць распавесці, што адбылося 3 студзеня. Юлія на судзе распавядае, што ў той дзень яна выйшла пагуляць па Раманаўскай Слабадзе да "Фрунзенскай". Па дарозе яна сустрэла старую знаёмую, спыніліся пабалбатаць. Знаёмая ёй сказала, што будзе акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Пасля гэтага Якубовіч пайшла прагуляцца па двары, каб паглядзець на акцыю. Там сабралася каля 20-30 чалавек. Пры іх была сімволіка – "нашыя бел-чырвона-белыя сцягі". Дзяўчына кажа, што яна не размаўляла з пратэстоўцамі і не ведае іх. Па словах Юліі, людзі зноў выйшлі на пераход на зялёнае святло, хтосьці разгарнуў сцягі. Сама Юлія пайшла на пераход на праезнай частцы побач з тратуарам. Яна хацела падтрымаць людзей – "пастаяць побач". Пракурор Нічыпарук запытаўся, як гэта падтрымка выяўляецца.
"Вось сёння людзі прыйшлі мяне падтрымаць у суд. Пабыць побач", – адказвае дзяўчына.
Юлія не адмаўляе, што стаяла на чырвоным святле. Але, пры гэтым, яна кажа, што ніхто не выказваў незадаволенасць – "Толькі сігналы падтрымкі". Каля пераходу, па словах дзяўчыны, незнаёмцы далі ёй маленькі БЧБ-сцяжок з Пагоняй. Якубовіч распавядае, што транспарт стаяў, але таму што для іх было чырвонае святло.
"Пасля змены на зялёны ніхто не крануўся: ні людзі, ні машыны", – адзначае абвінавачаная.
Юлія сцвярджае, што пры гэтым яна не выкрыквала лозунгі, не пляскала ў далоні. На яе погляд, дзеянні дзяўчыны не пацягнулі за сабой парушэнне руху транаспарту.
Да допыту далучылася суддзя Шабуня:
– Дапушчальна для Вас такія паводзіны?
– Я не адчуваю сябе злачынцай.
– Гэта не пытанне суда.
– Гэта значыць блакаваць транспарт – адзінае рашэнне?
– Так.
У судзе абвясцілі перапынак.
У судзе абвешчаны перапынак да 12 красавіка 10:30