У Гародні вынеслі прысуд за падпал апорнага пункта міліцыі
Гарадзенца Аляксандра Красніцкага 2 красавіка асудзілі за падпал апорнага пункта міліцыі ў лістападзе 2020 года.
Яго судзілі па ч. 1 арт. 339 КК «хуліганства». Ён прызнаў сваю віну і патлумачыў дзеянні "крыўдай".
Справа разглядалася ў судзе Ленінскага раёна Гародні.
Аляксандру Красніцкаму - 41 год, у яго сярэдне-спецыяльная адукацыя. У апошні час працаваў у Расеі. Разведзены, адзін выхоўвае 14-гадовага сына. Цяпер сын жыве з бабуляй, пісала аб пачатку разгляду справы 29 сакавіка «Свабода».
Аказалася, што раней Красніцкі быў судзімы і ўхіліўся ад пакарання. У 2018 годзе суд Ленінскага раёна Гродна за пагрозу гвалту над супрацоўнікам АУС прызначыў яму два гады "хатняй хіміі" - ён размахваў нажом перад сілавікамі.
Таму гарадзенца яшчэ асудзілі і па арт. 415 КК «Ухіленне ад адбыцця пакарання».
Паводле двух артыкулаў Красніцкага чакаюць два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Наконт падпалу Красьніцкі расказаў, што выйшаў на шпацыр 3 лістапада. Убачыў, як чалавек запраўляе аўтамабіль, і папрасіў яго прадаць яму крыху паліва.
«У мяне ўспыхнула крыўда, што мяне несправядліва асудзілі паводле артыкулу 364. Хацеў „нагадзіць“ на дзверы апорнага пункта, проста запэцкаць іх», — расказаў ён.
Шкода, нанесеная Красніцкім - 83 рублі 17 капеек
Увечары 3 лістапада невядомыя падпалілі дзверы пункта аховы правапарадку на вуліцы Боліна, паведамляў тады Hrodna.life. Узгаранне было ліквідавана сіламі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 41-гадовага Красніцкага затрымалі праз некалькі гадзін.
"...наўмысна, з хуліганскіх меркаванняў, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, беспадстаўна, выкарыстоўваючы ў якасці прылады злачынства лёгкаўзгаральную вадкасць, здзейсніў падпал уваходных дзвярэй грамадскага пункта аховы правапарадку адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна ", - сказана ў паведамленні на сайце Вярхоўнага суда»
На відэа пасля затрымання ён казаў, што рашэнне было спантанным і не звязаным з палітычнай сітуацыяй у краіне.