viasna on patreon

Мацярынства за кратамі: гісторыі шматдзетных палітзняволеных жанчын Фота

2021 2021-04-07T12:26:00+0300 2021-04-07T14:48:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanevskie_family.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі з 323 палітзняволеных 47 жанчыны. Многіх з іх на волі чакаюць дзеці, у некаторых дзеці сядзяць літаральна праз сцены — як гэта ў выпадку заснавальніцы прэс-клуба Юліі Слуцкай і яе сына Пятра, якіх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Пераслед шматдзетных маці – новая тэндэнцыя рэпрэсіўных практык Беларусі. Днямі была затрыманая маці чатырох дзяцей Таццяна Гацура-Яворская. Арганізатарку кінафестываля пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus, актывістку грамадскага аб’яднання "Звяно" змясцілі на Акрэсціна на 72 гадзіны ў межах ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса – нібыта за фінансаванне масавых беспарадкаў у Беларусі. "Вясне" вядома як мінімум чатыры шматдзетныя жанчыны, якія апынуліся ў зняволенні праз палітычны пераслед. Гэтых жанчын абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, падрыхтоўцы да захопу адміністрацыйных будынкаў, удзеле ў масавых беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яшчэ як мінімум у чатырнадцаці жанчын дома чакаюць адзін ці двое дзіцяці, а некаторых — нават унукі. Вольга Залатар, Таццяна Канеўская, Ганна Сунгурава, Алена Маўшук — распавядаем гісторыі шматдзетных маці, якія праз свае палітычныя погляды апынуліся за кратамі, і што з імі адбываецца цяпер.

Вольга Залатар — мама пецярых дзяцей. Малодшая дачка малюе анёлаў, пакуль у маці выбіваюць паролі ад тэлефона

Вольга Залатар з сям'ёй
Вольга Залатар з сям'ёй. Фота з сямейнага архіва

Змяшчэнне пад варту Вольгі Залатар называюць адзін з самых ганебных прыкладаў пераследу беларусак з боку ўладаў за апошні час. 38-гадовую Вольгу называюць "маці-гераіня", бо ў яе пяцера непаўналетніх дзяцей: старэйшай дачцэ — 17 год, малодшаму сыну — усяго чатыры.

Вольга — беларускамоўная актывістка і валанцёрка са Ждановіч. Была назіральніцай на выбарах у 2020 годзе. Пасля выбараў Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць: валанцёрыла каля Акрэсціна, у судах, дапамагала людзям рознымі спосабамі. З моманту выбараў жанчыну затрымлівалі тройчы: за фота з дваравога чаявання, за адмыванне мурала Паўла Латушкі, падчас "хапуна" на праспекце Незалежнасці напярэдадні "Усебеларускага народнага сходу", калі Вольга вярталася з касцёла.

У межах крымінальнай справы Вольгу затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар, а пазней перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як паведаміў TUT.BY адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрыманьня да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

«Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы паказвала на факты катаванняў, — расказаў TUT.BY адвакат, — У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе звесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджаньняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах».

29 сакавіка Вользе прад'явілі абвінавачванне — "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем" (артыкул 361-1 КК). Санкцыя па гэтаму артыкуле прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. 

Вольга Залатар з "Валадаркі": Негледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай

Вольга не прызнае сваёй віны і адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам. Жанчына не губляе аптымізму, піша сваім дзецям і маці вялікія лісты на беларускай мове, у якіх распавядае пра быт у камеры, пра свае планы на Вялікдзень і дзеліцца сваім партрэтам з турмы аўтарства палітзняволенай студэнткі Касі Будзько. “Вясна” публікуе вытрымкі з лістоў Вольгі Залатар.

31 сакавіка суд Партызанскага раёна адхіліў скаргу адваката Вольгі на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Яна застаецца ў мінскім СІЗА №1 на Валадарскага.

angel_zolotar.jpeg
"Два анёлы". Гэта малюнак малодшай дачкі арыштаванай Вольгі Залатар Крыніца: «Наша Ніва»

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вользе Віктараўне Залатар (07.07.1983)

Таццяна Канеўская — мама чацвярых сыноў. Адзін з іх таксама за кратамі па "палітычнай" справе

kanevskie_family.jpeg
Таццяна Канеўская з сям'ёй. Фота з сямейнага архіва

Таццяна Канеўская — вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Сама яна прыйшла ў актывізм праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычные заканадаўства ў якасці лідаркі ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. Яе называюць адной з тых жанчын, якія сталі сімваламі мацярынскага змагання за справядлівасць для сваіх дзяцей. Дзякуючы намаганням актывістак, у тым ліку Таццяны Канеўскай, удалося дамагчыся змякчэння антынаркатычнага заканадаўства і памяншэння тэрмінаў зняволення для тысяч асуджаных, уключаючы непаўналетніх.

У парламенцкіх выбарах-2019 Таццяна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Там яна прадстаўляла інтарэсы незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі, сустаршынёй якой з'яўлецца, у тым ліку, Павел Севярынец. Але на парламенцкіх выбарах ні адзін прадстаўнік апазіцыі не прайшоў у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, у тым ліку Таццяна. 

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах яна вырашыла стаць даверанай асобай у Гомелі кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Таксама Таццяна акрэдытавалася ў якасці назіральніцы на выбарчым Савецкім участку №8 у Гомелі, але да назірання ў асноўны дзень галасавання яна так і не змагла прыступіць. Таццяну Канеўскую затрымалі 7 жніўня па адміністрацыйнай справе. 10 жніўня адбыўся суд, але справу жанчыны адправілі на "дапрацоўку", а Таццяну адпусцілі. Яна пайшла за рэчамі ў канвойны аўтамабіль і не вярнулася. У актывісткі дома правялі два вобшукі, Таццяне прад'явілі абвінавачванне па арт. 293 Крымінальнага кодэксу. 

У 54-гадовай Таццяны чацвёра сыноў: Аляксандру — 36 гадоў, Аляксею — 31, Дзмітрыю — 26 і Георгію — 14. У студзені па крымінальнай справе за "распальванне варожасці" затрымалі яе 26-гадовага сына Дзмітрыя (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса). Ён нібыта размясціў у тэлеграм-канале паведамленне, у якім заклікаў да гвалту над міліцыянтамі.

22 верасня на шляху да працы супрацоўнікі АМАПу затрымлівалі таксама старэйшага сына Таццяны Аляксандра Канеўскага. Яму прад'явілі, што ён нібыта здзейсніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Мужчыну на некаторы час змясцілі ў СІЗА, але потым адпусцілі.

Аляксандр Канеўскі быў асуджаны на восем гадоў па артыкуле 328 КК Беларусі "незаконны абарот наркотыкаў". Менавіта за яго правы змагалася Таццяна. Пасля затрымання Аляксандра ў верасні ў доме Канеўскіх зноў прайшоў ператрус. Па словах бацькі, шукалі наркотыкі. «Не знайшлі, вядома, але забралі вінчэсцер», — сказаў тады ён.

Малодшаму сыну Таццяны Георгію 14 гадоў — ён яшчэ ходзіць у школу і ў лістах распавядае пра гэта маці.

"Кавалка жыцця не хапае!" Як жыве сям'я, дзе маці і сын сядзяць за "палітыку"

У гамяльчанкі Таццяны Канеўскі — муж, чацвёра сыноў, тры коткі і тры сабакі. Усе чакаюць яе вызвалення. Таццяна была лідарам руху "Маці 328", абараняла правы асуджаных за наркотыкі. Дзякуючы намаганням актывістак, у тым ліку Таццяны Канеўскай, удалося дамагчыся змякчэння антынаркатычнага заканадаўства і памяншэння тэрмінаў зняволення для тысяч асуджаных, уключаючы непаўналетніх.

14 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць Таццяны Канеўскай і яшчэ трох давераных асоб Святланы Ціханоўскай. Вядома, што іх усіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і захопе адміністрацыйных будынкаў (ч.1 арт.13, ч. 2 арт. і ч.1 арт.13, ч.1 арт. 292 КК).

Падтрымаць Таццяну лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Васільеўне Канеўскай (12.07.1966)

Ганна Сунгурава — мама траіх дзяцей. Малодшай 11-гадовай дачцэ кажуць, што маці ў камандзіроўцы, пакуль Ганна не прызнае віну на судзе

Ганна Сунгурава да свайго затрымання працавала мэнэджэркай у мэблевай кампаніі, а вольны час прысвячала валанцёрству. Дома Ганну чакае трое непаўнагадовых дзетак. Яе малодшай 11-гадовай дачцэ кажуць, што маці ў камандзіроўцы, якая зацягнулася, і дасылае адтуль лісты.

"Жыве для іншых і бачыць у гэтым шчасце". Мама аб палітычнай зняволенай Ганне Сунгуравой

Мама Ганны Анжэла распавяла «Вясне» аб захапленнях і жыццёвай пазіцыі сваёй дачкі.

Ганна Сунгурава на акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня дапамагала развозіць людзей па дамах пасля мітынгаў, а таксама забірала на машыне затрыманых, якіх выпускалі з ізалятара на Акрэсціна. 

Жанчыну затрымалі 25 верасня. Да яе прыехалі з ператрусам, канфіскавалі два кампутары і тэлефон, а затым павезлі ў Следчы камітэт. Ужо больш за паўгады Ганну ўтрымліваюць у СІЗА-1 на Валадарскага.

Адразу Ганну вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, але ўжо ў суд справу перадалі перакваліфікаваную на больш мяккі артыкул — ч. 2 арт. 342 КК. 6 красавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Ганны Сунгуравай.

Паводле версіі абвінавачвання, Сунгурава 10 і 11 жніўня перашкаджала нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і транспарту ў Мінску, была ў натоўпе, рабіла гучныя воплескі рукамі. Ганна на судзе віну не прызнае. Працэс працягваецца.

Судзяць актыўную валанцёрку і маці траіх дзяцей Ганну Сунгураву

У судзе Першамайскага раёна Мінска 6 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенай Ганны Сунгуравай. 

Падтрымаць Ганну лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Ганне Вітальеўне Сунгуравай (23 лістапада)

Алена Маўшук — мама траіх дачок. Адну дачку забралі ў прытулак, а старэйшая нарадзіла Алене ўнука, пакуль тая ў СІЗА

Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва
Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва

44-гадовую Алену Маўшук затрымалі падчас пратэстаў у Пінску 10 жніўня. Сваякі доўгі час не ведалі, дзе яна і што з ёй. Яны толькі чулі, што ў ізалятары сядзіць зусім голая і збітая жанчына. Праз чатыры дні ў міліцыі пацвердзілі, што Алена Маўшук у баранавіцкім СІЗА. Там яе да суда пратрымалі амаль восемь месяцаў. У ізалятары ў Баранавічах яе паставілі на ўлік як "схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праявы агрэсіі"

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа" — чытайце ў нашым матэрыяле.

Алена да затрымання працавала санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. У Алены дарослая дачка і яшчэ двое непаўналетніх дачок. У верасні малодшую 10-гадовую дачку Алены Ангеліну забралі ў прытулак прама са школы, бо муж жанчыны Сяргей з'яўляецца ёй айчымам. Супраць яго таксама завялі крымінальную справу за жнівеньскія пратэсты ў Пінску. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная. Старэйшая дачка 19-гадовая Юлія за час, пакуль Алена за кратамі, нарадзіла дзіця. Малодшаму дзіцяці Маўшук пяць гадоў, ён зараз са сваім бацькам. 

Цяпер брэсцкі суд з 23 сакавіка разглядае гэтую справу супраць Алены і яе мужа Сяргея, іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Муж і жонка на судзе віну прызналі часткова.

14 падсудных, 109 пацярпелых міліцыянтаў. Пачаўся суд па "масавых беспарадках" пасля выбараў у Пінску

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 14 пінскіх палітвязняў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Падтрымаць Алену лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Алене Уладзіміраўне Маўшук (22.07.1976) 


За кратамі знаходзяцца яшчэ як мінімум 14 палітычных зняволеных жанчын, якіх дома чакаюць дзеці і нават унукі. Праваабаронцы "Вясны" патрабуюць іх неадкладнага вызвалення, як і іншых палітычных зняволенных. Заклікаем падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі салідарнасці. Увесь спіс палітзняволеных жанчын можна паглядзець ТУТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства