"Жыве для іншых і бачыць у гэтым шчасце". Мама аб палітычнай зняволенай Ганне Сунгуравой
Па стане на 29 кастрычніка ў Беларусі 101 чалавек прызнаныя палітвязнямі. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Ужо больш за месяц пад вартай у СІЗА на Валадарскага ў Мінску знаходзіцца палітычная зняволеная Ганна Сунгурава, якой прад'яўлена абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Мама Ганны Анжэла распавяла «Вясне» аб захапленнях і жыццёвай пазіцыі сваёй дачкі.
Ганна Сунгурава да свайго затрымання жыла вельмі насычаным жыццём. Працавала мэнэджэркай у мэблевай кампаніі, а вольны час праводзіла з сям'ёй (у яе трое дзяцей) або прысвячала сваім хобі. Як распавядае яе мама, Ганна вельмі любіць ездзіць на матацыкле, але галоўнае яе хобі - гэта валанцёрства.
"Яна ўжо шмат гадоў займаецца валанцёрскай дзейнасцю. Прычым дапамогу яна аказвае ад сябе, у якія-небудзь арганізацыі валанцёрскія яна не ўваходзіць. Раней яна актыўна дапамагала дзецям з інваліднасцю, пастаянна ездзіла ў адзін з дзіцячых дамоў пад Мінскам, вазіла туды прадукты і рэчы. Наогул у яе ў прыярытэце дапамога іншым, а не сабе. Гатовая апошняе аддаваць, толькі б дапамагчы тым, хто мае патрэбу. Я іншы раз з ёй лаялася з-за гэтага, але вось такі яна чалавек - жыве для іншых і бачыць у гэтым шчасце".
У канцы чэрвеня, калі ў Мінску праз аварыю ўзніклі вялікія праблемы з вадой, Ганна спецыяльна ўзяла адгулы, каб ездзіць на сваёй машыне па раёнах і развозіць ваду. Як адзначае Анжэла, тады яе дачка скаардынавалася з прадстаўнікамі штаба Валерыя Цапкалы, каб развозіць ваду разам. Яна мяркуе, што магчыма пасля гэтага яе актыўнасць заўважылі сілавыя структуры.
Дачка Ганны думае, што мама ў камандзіроўцы і піша ёй адтуль лісты
Пачынаючы з 9 жніўня Ганна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і па магчымасці дапамагала іншым людзям: дапамагала развозіць людзей па дамах пасля мітынгаў, а таксама забірала на машыне затрыманых, якіх выпускалі з ізалятара на Акрэсціна. У гэтай складанай сітуацыі, па словах мамы, Ганна старалася быць карыснай для ўсіх па максімуме.
Затрымалі Ганну Сунгураву 25 верасня. Да яе прыехалі з ператрусам, канфіскавалі два кампутары і тэлефон, а затым павезлі ў Следчы камітэт. Адразу патэлефанаваць родным Ганне не далі, яе маці даведалася пра затрыманне дачкі ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках ужо пазней, ад следчага.
Ужо больш за месяц Ганна ў СІЗА. Па словах мамы, лісты ад яе сям'я атрымлівае, але з вялікай затрымкай. У іх Ганна ні на што не скардзіцца, пытаецца толькі пра сям'ю, вельмі перажывае за дзяцей.
"Каб не хваляваць яе малодшую дачку, якой цяпер 11 гадоў, мы вырашылі сказаць, што мама ў камандзіроўцы і піша ёй лісты адтуль. І яшчэ яна сама малюе чорна-белыя малюнкі, каб дачка магла іх размалёўваць. Ведаю, што яна вельмі сумуе па сям'і".
Зараз малодшая дачка Ганны і сярэдні сын жывуць з бабуляй. Па словах Анжэлы, органы апекі ўжо звярнулі ўвагу сітуацыю ў іх сям'і. З-за таго, што бабуля афіцыйна не з'яўляецца апекуном непаўналетняй дачкі Ганны, яны пагражаюць забраць дзяўчынку з сям'і. У дадзены момант Анжэла спрабуе вырашыць гэтае пытанне.
Затрыманне Ганны для яе мамы стала вялікім выпрабаваннем, але пры гэтым яна настроена аптымістычна і верыць у тое, што яе дачка хутка будзе на волі.
"Мае погляды і погляды маёй дачкі на сітуацыю ў краіне падобныя. Я ўпэўненая ў тым, што канец бязмежжу блізкі, і ўсе палітвязні, у тым ліку і мая Аня, абавязкова вернуцца дадому да сваіх блізкіх".
Адрас для лістоў Ганне Сунгуравай: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |
Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”