Лік ідзе на дзясяткі: працягваюцца допыты сябраў "Вясны"
Працягваюцца допыты ў Следчым камітэце сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, валанцёраў, журналістаў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Сёння, 5 красавіка, у Бярозе на допыт выклікалі ў якасці сведкі праваабаронцу Сяржука Русецкага.
У Магілёве на допыт выклікаюць таксама сябра “Вясны” Барыса Бухеля. Гэта трэці выклік праваабаронцы ў якасці сведкі.
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).
Следчыя дзеянні па справе "Вясны" працягваюцца: на допыты выклікаюць грамадскіх актывістаў і журналістаў
11 міжнародных праваабарончых арганізацый, уключаючы Amnesty International, выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў выконваць свае абавязацельствы паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, спыніць пераследы праваабаронцаў і мірных грамадзянскіх актывістаў і вызваліць зняволеных па палітычных матывах.