viasna on patreon

Сясцёр Міронцавых пакаралі пазбаўленнем волі на два і два з паловай гады Дапоўнена

2021 2021-04-01T12:25:55+0300 2021-04-02T11:34:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sestry_mironcevy_20210322.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вікторыя і Анастасія Міронцавы. Фота TUT.BY

Вікторыя і Анастасія Міронцавы. Фота TUT.BY

У судзе Савецкага раёна Мінска 31 сакавіка працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Вікторыі і Анастасіі Міронцавых, якіх абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). Вікторыя Міронцава таксама абвінавачвалася па ч. 1 арт. 363 КК - "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак".

Справу разглядае суддзя Аляксандр Волк.

31 сакавіка ў суд быў пададзены пазоў ад прадпрыемства "Мінсктранс" на суму нанесенай шкоды ў 21 831 рубель. Ні Вікторыя, ні Анастасія з прад'яўленым пазовам не згодныя, так як 10 жніўня не выходзілі на праезную частку і не перакрывалі рух грамадскаму і іншаму транспарту.

Пасля гэтага ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў

Дзяржабвінаваўца ўказаў, што віна абвінавачаных даказаная ў судовым следстве і сабранымі па справе доказамі. У выніку супрацьпраўных дзеянняў сясцёр - хапанняў, цягання з боку ў бок, захопаў - супрацоўнікам АМАП быў "прычынены фізічны боль, пра што пацярпелыя растлумачылі падчас іх допытаў у судзе".

Пракурор прасіў прызнаць абедзвюх Міронцавых вінаватымі і прызначыць пакаранне для Анастасіі – два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а для Вікторыі – два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У дзеяннях Анастасіі адсутнічае склад злачынства па 342 артыкуле, па 364 артыкуле - дастаткова тых пяць месяцаў, што яна знаходзіцца ў СІЗА

Абаронца Анастасіі Міронцавай ў сваім выступе адзначыла, што бокам абвінавачвання не было прадстаўлена ніводнага доказу, якое б пацвярджала віну яе падабароннай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК. Так, няма доказаў таго, што хто-небудзь звяртаўся з якімі-небудзь патрабаваннямі да Анастасіі, таксама не даказана, што дзяўчына знаходзілася на праезнай частцы праспекта Пераможцаў і яе дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту. Наадварот, ні адзін з дапытаных у судовым пасяджэнні пацярпелых і сведак не пацвердзіў, што падыходзіў з якімі-небудзь патрабаваннямі да Анастасіі Міронцавай або бачыў яе на праезнай частцы. Прадстаўленыя ў судзе відэазапісы таксама не пацвярджаюць вінаватасць дзяўчыны ў здзяйсненні злачынных дзеянняў.

Адвакат падкрэсліла, што ў абвінавачванні пазначаны ўсе маршруты грамадскага транспарту, праца якіх была парушаная 10 жніўня ў Мінску, і іх ўказанне ў абвінавачванні не абгрунтавана.

Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць акт аб спыненні грамадскага транспарту, дзе ўказаны час парушэння яго працы – з 20 гадзін 10 хвілін 10 жніўня. Таксама ў матэрыялах справы ёсць пратакол затрымання, пратакол і пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, дзе паказана, што Анастасія Міронцава была затрыманая ў 19.30 гадзін, а значыць не магла парушыць працу транспарту. Таксама ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні і пастанове суду ўказана, што ў дзеяннях дзяўчыны быў угледжаны склад правапарушэння і адсутнічаў склад злачынства.

На думку абароны, у дзеяннях Анастасіі цалкам адсутнічае склад злачынства па ч.1 арт. 342 КК. Адвакат прасіла апраўдаць дзяўчыну па гэтым артыкуле і адмовіць у задавальненні пазову ад "Мінсктранса".

Што тычыцца абвінавачвання паводле арт. 364 КК – гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да 5 супрацоўнікаў АМАП: нягледзячы на прызнанне віны Анастасіяй, абарона звярнула ўвагу на аб'ём выстаўленых абвінавачванняў, прасіла выключыць указанне на чатырох з пяці пацярпелых, так як яны ў судзе растлумачылі, што ў дачыненні да іх дзяўчына не ўжывала гвалту.

Што тычыцца пацярпелага Васільева, то ў абвінавачванні паказана, што Анастасія ажыццявіла не менш за два захопы яго рукі, а таксама, што ён упаў з-за дзеянняў дзяўчыны. Аднак у судзе Васільеў паказаў, што Міронцава хапала яго за руку толькі адзін раз, а па якой менавіта прычыне ён упаў – растлумачыць не можа.

Таксама прасіла суд выключыць з абвінавачвання ўказанне на тое, што гвалт быў учынены Анастасіяй Міронцавай з помсты, бо у судзе гэта не было даказана.

Пры вынясенні рашэння па арт. 364 у дачыненні да Анастасіі Міронцавай абаронца прасіла суд улічыць, што ў пацярпелых адсутнічалі цялесныя пашкоджанні, яны не звярталіся па медыцынскую дапамогу, а таксама меркаванне саміх пацярпелых – некаторыя з іх прасілі не караць абвінавачаных строга. Лічыць, што ў мэтах выпраўлення будзе дастатковым пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, і суд абмяжуецца ўжо адбытым пакараннем з разліку адзін дзень у СІЗА за два дні "хатняй хіміі".

Адна секунда ўтрымання за локаць - не можа з'яўляцца прымяненнем гвалту да супрацоўніка

Па падзеях 14 ліпеня 2020 года абарона Вікторыі Міронцавай указала, што дзяўчына прызнала віну ў тым, што далучылася да счэпкі, але ніякіх лозунгаў не выкрыквала, нікога да ўдзелу не заклікала, а супрацоўнікі не выказвалі ніякіх патрабаванняў аб спыненні масавага мерапрыемства. Словы абвінавачанай падцверджаны відэаматэрыяламі справы.

Вікторыю абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, аднак ніякіх канткрэтных доказаў прыведзена не было, а сведкі ўказвалі, што дзяўчына была ў першым шэрагу, аднак яе не затрымлівалі – затрымлівалі ў той момант найбольш актыўных асобаў, яе дзеянні не адрозніваліся ад дзеянняў іншых людзей, пагрозаў ці агрэсіі не выяўляла.

Па меркаванні абароны, дзеянні Вікторыі могуць утрымліваць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, а не крымінальнага злачынства. 

Абвінавачванне па ч. 1 арт. 363 КК Віторыя не прызнала ў поўным аб’ёме, а нібыта пацярпелыя ад дзеянняў дзяўчыны АМАПаўцы не змаглі нічога патлумачыць. Сведкі таксама не бачылі затрымання Віторыі Міронцавай, а на прадастаўленым у судзе відэазапісу не бачна, ці аказвае супраціў абвінавачаная.

З агучаных паказанняў сведкі Дырынды, які не з’явіўся на пасяджэнне, вядома, што пры затрыманні Вікторыя упіралася нагамі ў зямлю, не давала да яе падыйсці, што ёй прад’яўляліся патрабаванні ад супрацоўнікаў міліцыі. Дырында таксама ўказвае, што ўзяў дзяўчыну за руку і пачаў цягнуць на сябе, але не зусім зразумела, як гэта адбывалася на самой справе.

Абарона Вікторыі лічыць, што яе віна ў супраціве супрацоўнікам міліцыі не даказаная. Прасіла суд вынесці апраўдальны прысуд па прычыне недаказаннасці здзяйснення злачыства. 

Другая адвакатка Вікторыі казала пра абвінавачванні за падзеі 10 жніўня - па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса. 

Тут Вікторыя часткова прызнала сваю віну ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак, але як і ў выпадку з Анастасіяй – дзяўчына была затрыманая раней, чым быў спынены рух грамадскага транспарту. Таму абаронца казала, што пазоў “Мінсктранса” задавальненню не падлягае. Больш за тое, па праспекце Пераможцаў не ходзяць ні трамваі, ні тралейбусы, рух якіх нібыта таксама быў прыпынены праз дзеянні абвінавачанай.

Што тычыцца абвінавачванняў па арт. 364 КК, то ні адзін з пацярпелых не казаў пра пагрозы з боку Вікторыі і не спасылаўся на тое, што яна некага спрабавала схапіць.

Толькі адзін пацярпелы – Кузняцоў – кажа, што дзяўчына схапіла яго за локаць на 1 секунду, аднак гэтыя дзеянні не маглі з’яўляцца гвалтам, бо ў супрацоўніка міліцыі не было ніякіх цялесных пашкоджанняў. Пры гэтым пацярпеламу ў дасудовым парадку выплацілі заяўленыя патрабаванні за нанесеную шкоду ў памеры 2000 рублёў – па 1000 рублёў з кожнай абвінавачанай.

Па меркаванні абаронцы, Вікторыі Міронцавай нельга прызначаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, бо яна ўпершыню прыцягваецца да такой адказнасці.

Пасля спрэчак бакоў дзяўчаты выступілі з апошнім словам

Вікторыя Міронцава сказала:

“Высокі суд!

Ды покі будзе сэрца біцца,

Яно не зможа пагадзіцца

Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою

Над нашай роднаю зямлёю...

Гэта слова Якуба Коласа. Я цалкам салідарна з ім. Я хачу сказаць, што 10 жніўня мы не хацелі наносіць ніякай шкоды АМАПу, мы проста хацелі дапамагчы людзям. Менавіта я.

Хачу папрасіць Вас, наколькі гэта магчыма, не пазбаўляць волі маю сястру.

Мама, прабач, калі ласка!

Пасля выступіла Анастасія Міронцава:

“Высокі суд!

Я вінаватая ў тым, што спрабавала перашкодзіць супрацоўнікам АМАП затрымліваць людзей, але ніяк не ў грубым парушэнні грамадскага парадку. Я не хацела нікому нанесці шкоду, а толькі дапамагчы людзям, якіх, лічыла, затрымлівалі ні за што. Гэта было няправільна і неразумна –ўмешвацца ў працу АМАПу.

Высокі суд! Я ўсвядоміла сваю віну, прашу не пазбаўляць мяне свабоды, даць магчымасць завяршыць адукацыю, працаваць па спецыяльнасці, прыносіць карысць грамадству і, самае галоўнае, дапамагаць маёй маме і быць побач з сям'ёй”.

Прысуд быў агучаны 1 красавіка.

Суддя Аляксандр Волк палічыў віну Анастасіі і Вікторыі Міронцавых даказанай і асудзіў дзяўчат адпаведна на два і два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Рашэнне па пазову "Мінсктранса" аб кампенсацыі матэрыяльнага ўрону будзе прымаць суд у грамадзянскім парадку. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс


Нагадаем, Анастасію і Вікторыю Міронцавых затрымалі ў сярэдзіне кастрычніку. Іх справа звязана з падзеямі 10 жніўня - дзяўчыны трапілі на відэа з пратэстаў, што стала падставай для затрымання.

Беларускай праваабарончай супольнасцю сёстры Міронцавы прызнаныя палітзняволенымі

Пра што распавядалі пацярпелыя і сведкі на судзе па справе Анастасіі і Вікторыі Міронцавых

23 і 24 сакавіка ў судзе Савецкага раёна працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволеных сясцёр Анастасіі і Вікторыі Міронцавых.

На суд над палітзняволенымі сёстрамі Міронцавымі патрапілі адзінкі

У судзе Савецкага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да сясцёр Вікторыі і Анастасіі Міронцавых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства