viasna on patreon

На суд над палітзняволенымі сёстрамі Міронцавымі патрапілі адзінкі

2021 2021-03-22T19:45:00+0300 2021-03-22T21:47:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sestry_mironcevy_20210322.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вікторыя і Анастасія Міронцавы. Фота TUT.BY

Вікторыя і Анастасія Міронцавы. Фота TUT.BY

У судзе Савецкага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да сясцёр Вікторыі і Анастасіі Міронцавых. Дзяўчат вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342  КК), і гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). Вікторыя Міронцава таксама абвіначваецца па ч. 1 арт. 363 КК – "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак".

Справу разглядае суддзя Аляксандр Волк.

mironcavy_sud.jpg

Перад пачаткам працэсу ў залю змаглі патрапіць толькі дзве сястры палітзняволеных, пяцёра пацярпелых АМАПаўцаў, журналісты дзяржаўных СМІ. Колькасць слухачоў абмежавалі праз выдзяленне маленькай залы і перасцярогамі распаўсюду COVID-19.

Як паведмаляе TUT.BY, сёстры Міронцавы выглядаюць бадзёра. Вікторыі, распавядае яна пра сябе, 26 гадоў, па адукацыі - мастак-настаўніца, да затрымання працавала бармэнам у рэстаране. Анастасіі — 24 гады. Яна студэнтка шостага курса Акадэміі мастацтваў. На пытанне суда: ці ёсць у яе хтосьці на ўтрыманні, з усмешкай заяўляе: "Коцікі".

— Вы давяраеце суду? — удакладняе ў яе Аляксандр Волк.

— Як сабе, — не губляе аптымізму Анастасія.

"Я прызнаю толькі тое, што 14 ліпеня я далучылася ды акцыі пратэсту"

Першай зачыталі абвінавачванне Анастасіі. У ім наступнае: вечарам 10 жніўня, "будучы пэўна дасведчаная з розных крыніц аб планаваным правядзенні" масавых мерапрыемстваў, якія не былі дазволеныя Мінгарвыканкамам, дзяўчына апынулася "ў тым ліку на праезнай частцы аўтамабільнай дарогі" праспекта Пераможцаў. Анастасія знаходзілася ў групе грамадзянаў, якія выкрыквалі лозунгі і гучна пляскалі ў далоні. Прадстаўнікі ўлады запатрабавалі іх спыніць гэтыя дзеянні і вызваліць праезную частку, пешаходную і зялёную зоны. Аднак людзі не сталі гэтага рабіць.

nasty_mironcevy.jpg
Анастасія Міронцава. Фота TUT.BY

Усё гэта, паводле версіі следства, прывяло да працяглага парушэння грамадскага спакою, блакавання грамадскага і іншага транспарту, перашкаджала нармальнай працы прадпрыемства "Мінсктранс", а таксама выкананню службовых абавязкаў прадстаўнікоў улады. У сувязі з гэтым Анастасіі выстаўленае абвінавачванне ч. 1 арт. 342 КК РБ (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады).

Акрамя таго, дзяўчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У той жа вечар, па версіі следства, яна ўжыла гвалт да некалькіх супрацоўнікам міліцыі. Так, напрыклад, яна здзейсніла "не менш аднаго захопу ў дачыненні да правай рукі (супрацоўніка Цімафеева) у вобласці локцевага сустава". З-за ўтрымання і неаднаразовых удараў рукамі Цімафееў ўпаў.

— Прызнаю 364-ю, 342-ю не прызнаю, — пракаментавала абвінавачванне Анастасія.

Абвінавачванне Вікторыі прад'яўлена адразу па трох артыкулах КК. Першае - па ч. 1 арт. 342 КК. Паводле версіі следства, 14 ліпеня, знаходзячыся паблізу дамоў па вуліцах Зыбіцкай і Кірыла і Мяфодзія, яна "прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады". Дзяўчына з іншымі людзьмі выкрыквала лозунгі, яны гучна пляскалі ў далоні. На просьбу супрацоўнікаў спыніць масавае мерапрыемства, якое не было дазволена Мінгарвыканкамам, а таксама вызваліць пераходную і зялёную зоны грамадзяне не рэагавалі.

— У мэтах перашкоджання выкананню супрацоўнікамі МУС іх службовых абавязкаў [Вікторыя] аказвала псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне на супрацоўнікаў АМАПа, — зачытаў дзяржабвінаваўца, а таксама, адзначыў ён, пры затрыманні дзяўчына знаходзілася ў счэпцы локцямі.

Акрамя таго, у гэты ж вечар, працягнуў дзяржабвінаваўца, яна аказала супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў. Здарылася гэта пры затрыманні ў сувязі з учыненнем ею адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП. Па словах пракурора, Вікторыя не падпарадкавалася законнаму патрабаванню прадстаўніка ўлады прайсці для складання пратаколу. Яна ўпіралася нагамі ў зямлю, а таксама здзяйсняла дзеянні, у тым ліку для вызвалення ад захопу супрацоўніка АМАПу. У сувязі з гэтым ёй прад'яўленае абвінавачванне па ч.1 арт. 363 КК.

victory_mironcevy.jpg
Вікторыя Міронцава. Фота TUT.BY

Трэці артыкул тычыцца падзеяў 10 жніўня. Увечары дзяўчына знаходзілася ў Мінску, "у тым ліку на праезнай частцы аўтамабільнай дарогі" праспекта Пераможцаў.

— Дзейнічаючы сумесна і ўзгоднены з групай асобаў < ... > прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — зачытаў дзяржабвінаваўца, адзначыўшы, што людзі адмаўляліся вызваліць праезную частку, пешаходную і зялёную зоны. Гэта прывяло да парушэння працы транспарту і прадпрыемства «Мінсктранс». — [Вікторыя] з мэтай перашкодзіць выкананню супрацоўнікамі УУС службовых абавязкаў аказала фізічнае і псіхалагічнае ўздзеянне на супрацоўнікаў АМАПу пры затрыманні імі правапарушальнікаў. Публічна выкрыквала правакацыйныя лозунгі <...>. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі яна здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК.

Акрамя таго, працягнуў дзяржабвінаваўца, у той вечар Вікторыя ўжыла гвалт да некалькіх супрацоўнікаў УУС. Ёй прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 364 КК РБ.

[Яна ўжыла гвалт] у дачыненні да Кузняцова, які выявіўся ў ажыццяўленні не менш аднаго захопу яго правай рукі ў вобласці локцевага сустава, парушыўшы цялесную недатыкальнасць, прычыніўшы названаму супрацоўніку АМАПу фізічны боль, а таксама забяспечыўшы неўстаноўленай асобе магчымасць пазбегнуць затрымання <...>, — агучыў адно з дзеянняў Вікторыі пракурор.

— Я прызнаю толькі тое, што 14 ліпеня я далучылася да акцыі пратэсту, — сказала Вікторыя, адзначыўшы, што абвінавачванне прызнае часткова.

Пацярпелы міліцыянт: "Думаю, дзяўчаты аступіліся"

sestry_mironcevy_omon.jpg
Пацярпелыя АМАПаўцы па справе сясцёр Міронцавых. Фота TUT.BY

Пацярпелых на працэсе пяцёра. Усе — супрацоўнікі міліцыі, іх дадзеныя змененыя. Першым выступіў Віталь Зелянкевіч. Па словах мужчыны, 10 жніўня калегі, якія знаходзіліся ў раёне гасцініцы "Юбілейная", па рацыі папрасілі аб дапамозе. Віталь быў недалёка, таму з іншымі супрацоўнікамі ён прыбыў да згаданага месца пешшу. Вікторыю і Насту, працягвае пацярпелы, ён убачыў, калі яны з напарнікам заводзілі затрыманага ў аўтатранспарт.

— Ззаду пабеглі дзяўчаты і пачалі выцягваць за адну руку ў бок, не атрымалася нічога, потым за другую — таксама не атрымалася, — кажа Віталь, удакладняючы, што, нягледзячы на дзеянні сясцёр, затрыманага ўсё ж такі даставілі ў спецтранспарт.

— Як вы пацярпелі ад названых асоб?

— Фізічную боль я адчуваў, але за дапамогай не звяртаўся, — адказаў пацярпелы.

Крыху пазней дадаў: цялесных пашкоджанняў сёстры яму не прычынілі, і ён далей працягнуў службу. А фізічны боль заключалася ў тым, што ён адчуваў: яго цягнуць спачатку ў адзін бок, потым — у іншы.

Па словах Віталя, калі яны з напарнікам даставілі затрыманага ў транспарт, яго калегу запырскалі з балончыка вока. Віталь адлучыўся да яго, а вярнуўшыся, убачыў: дзяўчат затрымалі.

— Якое правапарушэнне здзейсніў мужчына, якога вы затрымалі? — удакладніў адвакат Анастасіі.

— Махаў рукамі, паводзіў сябе задзірліва, выкрыкваў розныя лозунгі "Фашысты!" і гэтак далей, — растлумачыў сілавік. — Адзін са старэйшых сказаў: "Затрымліваем грамадзяніна", і мы пайшлі яго затрымліваць.

Па словах Віталя, ён не бачыў, ці знаходзіліся дзяўчыны на праезнай частцы. Па яго меркаванні, праезная частка была перакрытая супрацоўнікамі ДАІ.

— Якія дзеянні ў дачыненні да вас зрабіла Анастасія? — працягнуў адвакат, удакладняючы, хто з сясцёр, што рабіў.

— Дзяўчаты падбеглі ззаду, асабліва твараў я не бачыў, — растлумачыў сведка і распавёў, што сясцёр ён убачыў пазней на відэа.

— Ці можам мы быць упэўнены, што абедзве гэтыя дзяўчынкі ўжывалі да вас гвалт? — перапытаў адвакат Вікторыі.

— Не, — сказаў сілавік, пры гэтым удакладніўшы, што на праспекце ў той вечар былі абедзве дзяўчыны.

Пасля гэтага пытання абаронца Вікторыі папрасіла суддзю зачытаць паказанні, якія Віталь даваў раней. Тады ён сказаў, што да яго падбеглі Анастасія і Аляксандра Міронцавы. Аляксандра - гэта трэцяя сястра, якая цяпер жыве за мяжой. Абедзве, сцвярджаў ён, паспрабавалі схапіць яго за левую руку.

— Пры гэтым Наста толькі дакранулася да маёй рукі, пасля чаго я адзёрнуў руку, і ўзяць мяне за руку яна не змагла. Міронцава Аляксандра схапіла мяне абедзвюма рукамі за левую руку ў вобласці локця і пацягнула на сябе, адцягваючы мяне ад мужчыны, які суправаджаўся мною. Пасля чаго я рэзка адцягнуў сваю руку, і яна адляцела ў бок, апусціўшы руку, — зачытаў суддзя папярэднія паказанні сведкі. — Міронцава Анастасія падышла да мяне з боку спіны і схапіла сваімі рукамі маю правую руку ў вобласці локця і пачала цягнуць на сябе. Яна спрабавала адарваць маю руку ад рукі затрыманага, каб дапамагчы яму вызваліцца. Пры гэтым затрыманы мужчына стаў больш актыўна тузаць рукой, каб вызваліць яе ад захопу. Анастасія цягнула мяне за руку. На працягу некалькіх секунд я спрабаваў яе адштурхнуць, пасля чаго яна не адыходзіла. Пасля чаго да нас падышоў хтосьці з нашых калегаў, адпіхнуў дзяўчат ад нас і дапамог праводзіць затрыманага пажылога мужчыну ў мікрааўтобус.

Акрамя таго, раней міліцыянт адзначаў, што з пачатку відэазапісу і наступныя секунд сорак Міронцавы Аляксандра і Анастасія таксама аказваюць фізічнае ўздзеянне на яго калег, "процідзейнічаючы затрыманню мужчыны, які вызваляецца і ўцякае".

Свае папярэднія паказанні пацярпелы падтрымаў. На заўвагу суддзі, што ў судзе знаходзяцца Вікторыя і Анастасія, а у паказаннях ён кажа пра Анастасію і Аляксандру, мужчына сказаў: "У машыне бачыў дзяўчыну". Ці рабіла ў дачыненні да яго нейкія дзеянні Вікторыя, ён цяпер не памятае. Іскавыя патрабаванні да абвінавачаных пацярпелы вырашыў не выстаўляць.

— Думаю, дзяўчаты аступіліся, — сказаў ён і папрасіў змякчыць ім пакаранне.

Судовае пасяджэнне працягнецца 23 сакавіка ў 10.00. 

Нагадаем, Анастасію і Вікторыю Міронцавых затрымалі ў сярэдзіне кастрычніку. Іх справа звязана з падзеямі 10 жніўня - дзяўчыны трапілі на відэа з пратэстаў, што стала падставай для затрымання.

Беларускай праваабарончай супольнасцю сёстры Міронцавы прызнаныя палітзняволенымі

Гісторыя адной сям'і: дзве сястры сядзяць у СІЗА за «палітыку», трэцяя з'ехала з краіны

Вікторыя, Настасся і Аляксандра Міронцавы — тры сястры. Разам вучыліся ў каледжы мастацтваў, разам пайшлі ў горад пасля выбараў. Дзве цяпер сядзяць у СІЗА — праваабаронцы прызналі дзяўчат палітвязнямі. Трэцяя паспела з’ехаць з краіны. Яна расказала пра сясцёр за кратамі, маму і ручную сароку, якія чакаюць іх дома.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства