Пра што распавядалі пацярпелыя і сведкі на судзе па справе Анастасіі і Вікторыі Міронцавых
23 і 24 сакавіка ў судзе Савецкага раёна працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволеных сясцёр Анастасіі і Вікторыі Міронцавых.
Дзяўчат абвінавачваюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС (арт. Вікторыя Міронцава таксама ўвінаецца па ч. 1 арт. 363 КК - "супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак".
Справу вядзе суддзя Аляксандр Волк.
На суд над палітзняволенымі сёстрамі Міронцавымі патрапілі адзінкі
Пасля абеду 22 сакавіка ў судзе былі дапытаныя яшчэ два сведкі-міліцыянта.
Раман Смірноў распавёў, што ўвечары 10 жніўня знаходзіўся на службе па ахове правапарадку па праспекце Пераможцаў каля гасцініцы "Юбілейная". Група грамадзян не рэагавала на законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні і ўдзел у масавым мерапрыемстве, аднаму маладому чалавеку было прапанавана прайсці ў спецтранспарт, але ён аказваў супраціў - сеў на зямлю. У гэты час падбегла дзяўчына з кароткай стрыжкай, і ён адчуў рэзкі рывок. Ён упаў, але, хутчэй за ўсё, не менавіта гэты рывок за руку паслужыў прычынай падзення, а тое, што хлопец аказваў актыўны супраціў. Смірноў быў у форменным абмундзіраванні.
На думку пацярпелага, на праспекце Пераможцаў у той вечар было менш руху, чым звычайна, але грамадскі транспарт хадзіў. Абвінавачаныя на праезнай частцы не знаходзіліся. Смірноў удакладніў: калі Анастасія Міронцава хапала яго за руку, ён адчуваў не боль, а нязручнасць. Ад чаго менавіта ён упаў, не ведае, бо было ўздзеянне з боку дзяўчыны і з боку маладога чалавека. Не памятае, ці выказвала Наста пагрозы ў яго адрас.
З нагоды падзей 14 ліпеня сведка ўдакладніў, што Вікторыя Міронцава знаходзілася ў счэпцы ў першым шэрагу, яна не адрознівалася чымсьці ад іншых людзей, якія знаходзяцца ў ланцужку. У той дзень ён не затрымліваў дзяўчыну, а ці затрымлівалі яе іншыя супрацоўнікі - не ўзгадае.
Суддзя Аляксандр Волк зачытаў пісьмовыя паказанні Смірнова, якія той даваў на папярэднім следстве:
"14 ліпеня на лесвіцы, якая вядзе да сабора па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 3, знаходзіліся людзі - чалавек 200-250 - і скандавалі: "Жыве Беларусь! Сыходзь! Фашысты!"
Не рэагавалі на патрабаванне спыніць масавае мерапрыемства. Людзі стаялі ў счэпцы. Запомніў дзяўчыну з паголенай галавой, невысокага росту, у чорнай майцы".
Паводле ранейшых паказанняў, Смірноў 10 жніўня на праспекце Пераможцаў каля гасцініцы "Юбілейная" ўбачыў групу грамадзян, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (у іх была сімволіка, людзі выкрыквалі лозунгі). Было прынята рашэнне затрымліваць удзельнікаў. У ходзе затрымання мужчыны Смірноў ўпаў, Анастасія хапала яго за руку. Гэтыя паказанні былі дадзены з улікам прагледжанага відэазапісу.
Пацярпелы пазоў аб кампенсацыі нанесенай яму шкоды не заяўляе. Пакаранне - на меркаванне суда, але просіць не караць строга.
Наступным выступіў пацярпелы супрацоўнік АМАП, старэйшы падраздзялення - Андрэй Кузняцоў.
Ён таксама распавёў, што 10 жніўня была на службе па ахове правапарадку каля гасцініцы "Юбілейная" па пр. Пераможцаў. Там знаходзілася група грамадзян, якая скандавала лозунгі, іх папярэджвалі аб неабходнасці спыніць незаконныя дзеянні, але ўдзельнікі акцыі не рэагавалі. Было прынята рашэнне затрымаць хлопцаў, але падсудныя хацелі перашкодзіць. Сам Кузняцоў спрабаваў адхіліць дзяўчат ад супрацоўнікаў міліцыі, яны вырываліся. Пры гэтым Вікторыя спрабавала перашкодзіць яго падначаленым і самога яго схапіла за руку некалькі разоў. Анастасія таксама хапала аднаго з міліцыянтаў за руку, той упаў, і ў выніку затрыманаму хлопцу ўдалося вызваліцца і збегчы.
На праезнай частцы і на зялёнай зоне сясцёр Міронцавых пацярпелы не назіраў, але бачыў іх на тратуары, на яго думку, падсудныя дастаўлялі нязручнасці іншым грамадзянам.
Міліцыянт адзначае, што фізічнага болю ад дзеянняў падсудных не адчуў, але яму прычынілі маральныя пакуты.
Да гэтага, 14 ліпеня, Кузняцоў бачыў Вікторыю Міронцаву ў счэпцы па вул. Кірыла і Мяфодзія, сам асабіста папярэджваў прысутных аб неабходнасці разысціся. Але з Вікторыяй не камунікаваў, яе не затрымліваў.
Таксама Кузняцоў заявіў грамадзянскія пазовы аб пакрыццё маральнай шкоды, нібыта нанесенай яму дзеяннямі падсудных - па 1000 рублёў з кожнай. Кампенсацыю ён плануе накіраваць у карысць Дома дзіцяці №1.
Прасіў суд не караць сясцёр Міронцавых строга, па магчымасці не пазбаўляць іх волі.
Судовае пасяджэнне працягнулася 23 сакавіка. На ім выступілі яшчэ двое пацярпелых, а таксама сведкі-міліцыянты.
Пацёрпелы Вадзім Васільеў паведаміў суду, што быў 10 жніўня каля гасцініцы "Юбілейнай", бачыў вялікую колькасць людзей. У момант абвастрэння сітуацыі, ён стаў затрымліваць грамадзяніна, а Анастасія Міронцава стала хапаць яго за руку, хлопцу ўдалося збегчы. Цялесных пашкоджанняў яму нанесена не было.
І Вікторыя, і Анастасія знаходзіліся на тратуары, на праезную частку не выходзілі.
З нагоды падзей 14 ліпеня паведаміў, што памятае дзяўчыну з паголенай галавой, якая стаяла ў счэпцы ля Кафедральнага сабора.
Пазоў аб пакрыцці шкоды не заяўляў, пакаранне – на меркаванне суду.
Апошнім выступаў пацярпелы Андрэй Цімафееў. Ён прасіў суд зачытаць яго пісьмовыя паказанні, бо падчас апытання следчым яму было паказана відэа тых падзей. Цяпер ён дрэнна памятае, што адбывалася. Аднак яго ўсё роўна апыталі ў судзе.
Супрацоўнік АМАПа распавёў, што браў удзел у затрыманні мужчыны ў зялёнай байцы. Сясцёр Міронцавых на праезнай частцы не бачыў, як і іншых людзей. Анастасію бачыў, але больш запомніў Вікторыю па выгаленай галаве. Сам дзяўчатам патрабаванне спыніць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства не прад'яўляў.
Анастасія Міронцава не рабіла якіх-небудзь дзеянняў у адносінах да Цімафеева, ён не лічыць сябе пацярпелым ад яе дзеянняў.
Вікторыя схапіла Цімафеева. Першапачаткова ён не ведаў, хто хапаў, але пры праглядзе відэа разгледзеў. Адчуў дотык, хутчэй, утрыманне або захоп. Боль адчуваў толькі ад удару ў пах ад мужчыны.
Паводле пісьмовага апытання Цімафеева падчас следства, затрыманы мужчына нанёс пацярпеламу тры ўдары кулаком у вобласць твару і адзін удар нагой у пахвінную вобласць. Вікторыя Міронцава выстаўляла ў яго кірунку рукі, бегла за ім, хапала. Фізічнага болю ад дзеянняў падсуднай не адчуваў, але дзяўчаты перашкаджалі яму ажыццяўляць службовыя абавязкі.
Таксама не заяўляў пазоў аб кампенсацыі прычыненай шкоды, а пакаранне пакінуў на меркаванне суда, але прасіў не пазбаўляць волі.
Пасля гэтага ў судовым паседжанні выступілі сведкі.
Так, Віталь Івашкоў распавёў, што 14 ліпеня 2020 на Нямізе была група грамадзян, якія крычалі лозунгі, пляскалі ў далоні. Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі, што яны парушаюць грамадскі парадак, потым разрывалі счэпку, створаную людзьмі. Грамадзянскія асобы перашкаджалі затрымліваць людзей з счэпкі. Памятае Вікторыю Міронцаву ў счэпцы: яна бегала вакол і прасіла вызваліць мужчыну. Пагрозы ад Вікторыі не было, сваімі дзеяннямі яна шкоду сведку не нанесла. Асабіста яе ён не затрымліваў, ці затрымлівалі наогул - не памятае, хоць пры допыце ў следчага сцвярджаў, што бачыў, як калега затрымліваў Вікторыю.
Наступным быў дапытаны Віталь Кузьміч, які таксама распавёў пра падзеі 14 ліпеня. Ён удакладніў, што грамадзяне падбягалі з розных бакоў, спрабавалі перашкаджаць затрыманню. Вікторыя стаяла ў счэпцы "да апошняга". Але сам Кузьміч толькі раз'ядноўваў людзей у счэпцы, нікога не затрымліваў. Затрыманне Вікторыі ён не бачыў.
Сведка Арцём Дзянькоў паказаў, што ўдзельнічаў у раз'яднанні счэпкі грамадзян недалёка ад Кафедральнага сабора, бачыў, як яго калегі спрабавалі затрымаць Вікторыю Міронцаву. Супрацоўнік міліцыі Дырында ўзяў яе за руку, але Вікторыя ўпіралася нагамі, затым падбеглі іншыя людзі, і ёй удалося вызваліцца.
Мікалай Буйніцкі распавёў суду, што дрэнна памятае за даўнасцю падзеі 10 жніўня. Грамадскі траспорт хадзіў, на праезнай частцы нікога не бачыў. Дабіраліся да месца на службовым транспарце, былі заторы. Не памятае, ці затрымлівалі ў той дзень падсудных. Раней на допыце следчага яму паказвалі відэа, таму паказанні былі больш дакладнымі.
Дакладную колькасць захопаў у дачыненні да пацярпелага Васільева таксама не можа ўдакладніць.
Сведка Міхаіл Пашкевіч указаў, што бачыў 14 ліпеня Вікторыю Міронцаву, якая стаяла ў счэпцы. Ён яе не затрымліваў.
Яшчэ адзін сведка Новікаў патлумачыў суду, што 14 ліпеня Вікторыя спрабавала прайсці да яго калег, але яны яе прытрымлівалі. Не бачыў, ці дастаўлялі абвінавачваную ў машыну.
Пасля абеду ў судовае пасяджэнне не з'явіліся іншыя сведкі, у тым ліку Дырында, які, на думку абароны, з'яўляецца асноўным сведкам па падзеях 14 ліпеня.
У мэтах працэсуальнай эканоміі часу суд перайшоў да абвяшчэння пісьмовых паказанняў, якія сведкі давалі падчас следства.
Так, Дырында паказваў, што 14 ліпеня каля 20.00 яны прыбылі да Кафедральнага сабора, дзе знаходзіліся людзі, якія пляскалі ў далоні, скандавалі лозунгі і не звярталі ўвагу на папярэджанні. Калегі - 10-15 чалавек - накіраваліся да счэпкі. Грамадзянскія асобы перашкаджалі разнімаць счэпку. Дзяўчына з паголенай галавой стаяла ў счэпцы і вельмі моцна трымалася. Дырында схапіў яе за руку, яна супраціўлялася. Падбег хлопец, Дырында адчуў рывок ад яго, ён адпусціў дзяўчыну. Ад дзеянняў Вікторыі фізічнага болю сведка не адчуваў, шкода Міронцавай не была яму нанесеная, пацярпелым сябе не лічыць.
Сведкі - супрацоўнікі Ленінскага РУУС г. Мінска Рабец, Шыла, Бажкоў і Куціс - афармлялі затрыманых 10 жніўня. У пратаколах былі неадпаведнасці нумароў дамоў і ўказаныя няслушныя імя па бацьку дзяўчат. Сведкі тлумачаць недакладнасці вялікім аб'ёмам інфармацыі ў той вечар: супрацоўнікі, якія затрымлівалі людзей, даводзілі інфармацыю вусна. Яны і калегі маглі дапусціць памылкі ў дакументах.
Абарона прасіла суд далучыць да матэрыялаў справы характарыстыку Анастасіі Міронцавай з месца вучобы - БДАМ. У ёй адзначаецца, што дзяўчына дысцыплінаваная, творчая, актыўная студэнтка, сярэдні бал - 9,7. Удзельнічала ў шматлікіх выставах, мае ўрадавую ўзнагароду Рэспублікі Эквадор. Суд задаволіў заяўленае хадайніцтва.
Затым у судзе былі даследаваныя пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку фота і відэа падзеяў 14 ліпеня і 10 жніўня.
24 сакавіка судовае пасяджэнне было прызначана на 15 гадзін. На ім павінны былі дапытаць палітзняволеных Вікторыю і Анастасію Міронцавых.
Інфармацыя будзе дапоўненая.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адлежвае гэты судовы працэс