Палітычна матываваныя адміністрацыйныя працэсы: стандарты і рэальнасць у сучаснай Беларусі
Юрысты і аналітыкі “Вясны” падрыхтавалі і апублікавалі чарговы даклад “Палітычна матываваныя адміністрацыйныя працэсы: стандарты і рэальнасць у сучаснай Беларусі”.
Да гэтага часу пытанні стандартаў справядлівага правасуддзя асвятляліся праваабаронцамі і экспертамі ў дакладзе "Беларусь, жнівень 2020: “правасуддзе” для пратэстоўцаў", а таксама ў справаздачы “Адміністрацыйны арышт у Беларусі-2020 – інструмент парушэння правоў чалавека”.
Новы даклад падводзіць вынікі назірання за вядзеннем адміністрацыйных працэсаў па палітычна матываваных справах за перыяд з пачатку 2020 года да канца сакавіка 2021. Назіранне ажыццяўлялася членамі і валанцёрамі Праваабарончага цэнтра "Вясна", аналіз усіх этапаў адміністрацыйнага працэсу ажыццяўляўся юрыстамі і экспертамі арганізацыі.
Прааналізаваныя і ацэненыя дадзеныя ад 44-х назіральнікаў аб 590 судовых пасяджэннях па адміністрацыйных справах у 17-ці судах Беларусі, а таксама звесткі, атрыманыя ад больш чым 600 затрыманых па адміністрацыйных справах з 38-мі гарадоў Беларусі, якія яны падалі ПЦ "Вясна".
“Чаму такая падвышаная ўвага праваабаронцаў да вядзення адміністрацыйных працэсаў?” - запыталіся ў асноўнага аўтара справаздачы юрыста Паўла Сапелкі.
“Менавіта адміністрацыйны пераслед удзельнікаў пратэстных акцый і іншадумцаў стаў асноўным правераным інструментам рэпрэсій – так ці інакш праз працэдуры адміністрацыйнага працэсу за мінулы год прайшлі больш за 30 000 нашых грамадзян. У гэтым годзе, нягледзячы на крывадушную рыторыку ўладаў аб нацыянальным прымірэнні, органы ўнутраных спраў і суды не спыняюць выкарыстоўваць магчымасці закона для адвольнага абмежавання і пазбаўлення волі, што непрымальна ў дэмакратычным грамадстве. Апошнія змены ў заканадаўства – жорсткае узмацненне адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў за рэалізацыю сваіх правоў, зрабілі гэты працэс яшчэ больш драматычным”, - кажа юрыст.
Сапелка паведаміў таксама, што ў дакладзе ёсць ацэнкі ўсіх этапаў адміністрацыйнага працэсу ў перыяд крызісу правоў чалавека ў краіне з пункту гледжання закона і міжнародных абавязацельстваў Беларусі. Асаблівая ўвага нададзена новаўвядзенням у працэс разгляду адміністрацыйных спраў і іх ўплыву на працэс вынясення пастаноў, а таксама месца суда ў рэалізацыі рэпрэсіўнай палітыкі.
Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што ў працэсе вытворчасці па адміністрацыйных справах, у тым ліку – у судах, адзначаецца паўсюднае парушэнне нацыянальных нормаў права, канстытуцыйных і міжнародна - прызнаных стандартаў справядлівага суда. Зневажанне правоў чалавека і ігнараванне іх найгрубейшых парушэнняў у корані падарвала давер да органаў правапарадку, а таксама давер і павага да сістэмы правасуддзя.
Файлы
- polit_motivirovannye_admin_processy.pdf (0.71 Mb)