Шасцёра абвінавачаных: у Маладзечне пачаўся разгляд справы аб перакрыцці дарогі
24 сакавіка суд Маладзечанскага раёна пачаў разглядаць справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Яе ўзбудзілі супраць шасці маладзечанцаў, якія 21 лістапада перакрылі дарогу ў горадзе на некалькі хвілін.
Абвінавачаныя — Ганна Задорская, Эліна Карыцька, Ігар і Сяргей Сідаровічы, Рыгор Саладоўнікаў, Дзмітры Карабейнік. Пад вартай да суда ўтрымліваліся двое апошніх жыхароў Маладзечна, астатнім былі абраныя іншыя меры стрымання: асабістае паручальніцтва ці падпіска аб нявыездзе. Адзін з абвінавачаных — Ігар Сідаровіч — чалавек з інваліднасцю: ён мае адну нагу.
Справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Пяркоўскі. Пацярпелымі па справе выступаюць кіроўцы маладзечанскага аўтапарку і хуткай дапамогі, якія ў той дзень знаходзіліся на дарозе: Герасімюк, Мілашэвіч, Якімюк, Кацярына Дубіна, Сяргей Тумель. Яны не выказалі ніякіх матэрыяльных і маральных прэтэнзій.
У чым абвінавачваюць?
Матэрыяламі справы ўстаноўлена, што 21 лістапада мінулага года каля 10 раніцы некалькі чалавек ва ўзросце ад 20 да 33 гадоў выйшлі на праезную частку вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне і расцягнулі плакат, перакрыўшы рух аўтамабільнага транспарту. Праз некалькі хвілін яны сыйшлі.
Паводле звестак следства, абвінавачаныя загадзя размеркавалі ролі і абмяркоўвалі правядзенне акцыі ў чаце мэсэнджара Telegram. Так, 40-гадовая жанчына з адрэзка матэрыі вырабіла банэр, куды нанесла надпіс "радыкальнай накіраванасці". Далей група людзей выйшла на пешаходны пераход і расцягнула плакат: «Пока в стране беззаконие, сопротивление — наш долг». Яшчэ адзін мужчына назіраў за навакольным становішчам, каб пазбегнуць затрымання фігурантаў.
Следчы камітэт заявіў, што сваімі дзеяннямі абвінавачаныя перашкаджалі ўдзельнікам дарожнага руху, блакавалі праезд грамадскага, спецыяльнага і іншага транспарту.
Следчымі дапытаныя абвінавачаныя, пацярпелыя і сведкі. Відэазапісы з камер назірання, на якіх зафіксаваныя абставіны здзяйснення злачынства, агледжаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы. У мабільным тэлефоне аднаго з фігурантаў выяўлена перапіска, якая агледжана следчым. Устаноўлена, што пасля здзяйснення злачынства ўдзельнікамі абмяркоўвалася неабходнасць накіравання фатаграфій у Telegram-каналы, а таксама — магчымасць правядзення новых падобных акцый.
Падчас ператрусу ў падвале ў аднаго з мужчын канфіскаваны банер з надпісам, які выкарыстоўваецца пры здзяйсненні злачынства, па месцы працы адной з жанчын — фарба.
Падчас допыту пяцёра абвінавачаных далі прызнальныя паказанні, 40-гадовая жанчына ад дачы паказанняў адмовілася. Ёй выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Незадаволенае хадайніцтва
Адвакат Задорскай Анатоль Клімовіч хадайнічаў аб зняцці статуса абвінавачанай з Ганны Задорскай. Па-першае, праз адсутнасць шкоды для пацярпелых, якія ў дадзенай сітуацыі не з'яўляліся фізічнымі асобамі, а працавалі па найму, і таму не могуць мець статус пацярпелых. Па-другое — яны не заяўлялі ніякіх прэтэнзій да абвінавачаных. Таксама ён хадайнічаў аб тым, каб з пацярпелых знялі гэты статус: яны падтрымалі гэтае хадайніцтва, а некаторыя нават заявілі, што ня лічаць сябе такімі.
Пракурор хадайніцтва не падтрымаў, суд яго не задаволіў.
"Хацеў прыцягнуць увагу да беззаконня"
Абвінавачаныя, апроч Задорскай, прызналі сваю віну. Саладоўнікаў — часткова. Задорская не прымала ўдзелў ў перакрыцці вуліцы, а толькі вырабіла банэр.
Рыгор Саладоўнікаў распавёў, што дарогу пачыналі перакрываць, калі загарэлася зялёнае святло для пешаходаў, а для аўто — чырвонае. Паводле яго словаў, яны сышлі калі святло ўжо памянялася, крыху замешкаліся і, можа, на нейкі момант затрымалі транспарт, але не крытычна, бо ніхто не сігналіў і прэтэнзіў не прад'яўляў. Яны не мелі намеру заставацца на пешаходным пераходзе больш, чым гарэла зялёнае святло для пешаходаў, і стаялі менавіта на рэгулюемым пешаходным пераходзе. Мужчына не прызнаў сваёй віны ў частцы затрымання транспартнага руху — толькі ў тым, што браў удзел у акцыі, бо "хацеў прыцягнуць увагу людзей да беззаконня, якое чыніцца ў краіне".
Рыгор Саладоўнікаў засведчыў, што абвінавачанага Ігара Сідаровіча (чалавека з інваліднасцю) ён не бачыў ні да, ні пасля акцыі.
Дзяржаўны абвінаваўца запытаўся, ці збіраецца Саладоўнікаў удзельнічаць у пратэсных акцыях. У зале пачалі абурацца людзі, суддзя заклікала да цішыні, але Саладоўнікаў не адказаў на пытанне.
Дзмітры Карабейнік прызнаў сваю віну і раскаяўся.
– Я бачыў у інтэрнэце, як збіваюць дзяўчыну. Як мужчыне, мне такі ўчынак не спадабаўся. Таму вырашыў выйсці, – адказаў Карабейнік на пытанне дзяржабвінаваўцы, чаму перакрыў вуліцу.
Справу працягнуць разглядаць заўтра, 25 сакавіка, а 10.30.