viasna on patreon

Затрыманні і ператрусы напярэдадні Дня Волі: пераслед у Беларусі 24 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-24T23:59:00+0300 2021-03-25T16:23:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/photo_2021-03-23-08.38.22.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацынае фота "Нашай Нівы"

Ілюстрацынае фота "Нашай Нівы"

Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 сакавіка працягвае сачыць за грамадска-палітычнымі падзеямі ў Беларусі і працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу: прэвентыўныя затрыманні перад Днём Волі, "прафілактычныя гутаркі", ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Маладзечна

У Маладзечне раніцай па месцы жыхарства затрыманы Аляксандр Новаш. Да яго дамой прыехалі супрацоўнікі ў цывільнай форме на сінім бусіку і чорным аўтамабілі, сказалі, што з Мінску. Вобшуку не было, але па словах жонкі ніякай прычыны затрыманьня таксама агучана не было. Раней Аляксандр быў асуджаны яшчэ ў жніўні па арт. 23.34 КаАП. Стала вядома, што Новаш затрыманы ў якасці падазраванага па частцы 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Каля 6 раніцы супрацоўнікі мінскай міліцыі прыйшлі з ператрусам дадому да Рамана Анушчанкі, пасля кудысьці звезлі. Сувязь з ім адсутнічае.

Паведамляюць пра затрыманне Андрэя Голуба. У кватэры правялі вобшук. Забралі сцяг і тэлефон, і яго самога.


Астравец

Сёння ў суд Астравецкага раёна выклікаюцца Людміла Сульжыцкая і Ілля Петуноў па адміністрацыйнай справе за падзеі 18 лютага, калі людзі апладысментамі сустрэлі прысуд Руслану Валюку І Інэсе Маркавай, што расцэнена як несанкцынаванае масавае мерапрыемства.


Мінск

Беларускамоўны блогер Ягор Тубелевіч раніцай паведаміў у Твітэры аб тым, што “ломяцца праз дзверы да мяне ў кватэру”. Пазней праваабаронцам паведамілі, што ён нібыта падазраецца ў блакавання цягнікоў у Лідскім раёне. Дома засталіся жонка і дзіця. Не сказалі куды вязуць і не пакінулі нумар.

Блогер Ягор Тубелевіч. Фота з сацыяльных сетак.
Блогер Ягор Тубелевіч. Фота з сацыяльных сетак

"Медиазона" звязалася з яго жонкай Дар'яй, якая распавяла падрабязнасці. Па апавяданні яго жонкі, у кватэру стукалі пяць чалавек, апранутых у грамадзянскую вопратку, адзін з іх паказаў міліцэйскае пасведчанне. Міліцыянты прад'явілі пастанову аб правядзенні ператрусу, пасля чаго канфіскавалі з дому ноўтбук, тэлефон, нататнік з гербам "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг.

"Пра адміністрацыйную або крымінальную справу [ідзе гаворка], я не ведаю. [Ягор] сказаў, што там напісана пра тое, што ён у Лідскім раёне перашкаджаў руху цягнікоў. Я сказала, што гэта смешна, таму што мы ў апошні раз ездзілі ў Ліду паўтара года таму", — распавядае Дар'я.


Па інфармацыі "Белыя халаты", што сёння, па дарозе на працу, зноў быў затрыманы лекар-неўролаг Бадамшын Руслан Рафаэлевіч. Як удакладняе TUT.BY, па словах яго жонкі Таццяны, напярэдадні да іх дадому прыходзіў участковы, выклікаў "на размову" ў РУУС. Сёння ў раёне 7.30 Руслан выйшаў з хаты і праз некалькі хвілін пазваніў у дамафон, паведаміў, што яго затрымалі. Паводле папярэдняй інфармацыі, "за хуліганства" — так Таццяне Бадамшынай патлумачылі ў гарадскім аддзяленні міліцыі Першамайскага раёна Менска.

Са жніўня 2020 года Руслана Бадамшына затрымлівалі чатыры разы. Апошні-14 студзеня, калі ён хварэў COVID-19 і вяртаўся з паліклінікі.


Выкліканы на допыт 24 сакавіка ў цэнтральны апарат Следчага камітэта ў якасці сведкі па крымінальнай справе старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак. Нумар крымінальнай справы не пазначаны. 

Каардынатар кампаніі Алег Гулак

Праваабарончая арганізацыя расцэньвае гэта як ціск і спробу перашкаджаць дзейнасці праваабарончай арганізацыі.

"Валанцёры Беларускага Хельсінкскага Камітэта назіралі за выбарамі, абаранялі адвакатаў з выкарыстаннем міжнародных механізмаў, абаранялі правы беларусаў на пенсію, працавалі для скасавання прымусовай працы (дэкрэты "аб дармаедах" і аб "дрэваапрацоўцы", размеркаванне), стала інфармавалі міжнародныя органы аб сітуацыі ў краіне і многае іншае", — заяўляюць у БХК.

Увечары Алег паведаміў, што яго дапыталі і вызвалі з падпіскай аб неразгалошванні.


Сёння каля 7:00 у Мінску ў інтэрнаце №2 БДУ па вул. Кастрычніцкай, д. 2 быў затрыманы 20-гадовы Арцём Юр'евіч Баярскі. Прычыны і падставы затрымання высвятляюцца. Ён затрымліваўся восенню падчас маршаў пратэсту ў Мінску. Сёння яго асудзілі на 25 сутак.


На пасяджэнне Савета калегіі адвакатаў 24 сакавіка ў 18.00 выклікалі адваката палітзняволеных Бабарыкі і Знака Дзмітрыя Лаеўскага

У дачыненні да адваката Дзмітрыя Лаеўскага пачата дысцыплінарнае вытворчасць. Пра гэта паведаміў «Медиазоне» сам юрыст. Дысцыплінарная камісія можа вынесці адвакату вымову, заўвагу або выключыць з калегіі адвакатаў. У выпадку выключэння з Калегіі адвакат страціць сваю ліцэнзію.

Дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні да Дзмітрыя Лаеўскага распачалі за пост у Фэйсбуку. Такое рашэнне прынялі на пасяджэнні савета Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, куды сёння выклікалі адваката Бабарыка і Знака. Падставай стаў пост у Фэйсбуку Дзмітрыя Лаеўскага, у якім ён не пагадзіўся з праектам зменаў у заканадаўства аб адвакатуры.


Адвакат Сяргей Зікрацкі, які бараніў журналістак "Белсата" па справе аб стрыме з "Плошчы пераменаў", а таксама выступае абаронцам па справе Прэс-клуба, не прайшоў пазачарговую атэстацыю Мінюста, паведамляе карэспандэнт "Медиазоны".

Мінюст таксама спыніў дзеянне ліцэнзій адвакатаў Уладзіміра Сазанчука, Алены Шынкарэвіч і Мікалая Еткі. Адвакат Уладзімір Сазанчук абараняў аднаго з лідараў апазіцыі Мікалая Статкевіча, а таксама відэаблогера Дзмітрыя Казлова (шэры Кот). Таксама атэстацыю не прайшоў адвакат Уладзіслаў Філіповіч, які з Маладзечне абараняў палітзняволенага Уладзіслава Еўсцігнеева.


Супраць журналіста «Настоящего времени» Рамана Васюковіча склалі новы пратакол за перавоз двух асобнікаў кнігі «Беларускі Данбас» у снежні 2020 года.

У лютым на яго склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюджванне або перавоз інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Але 19 сакавіка суд вярнуў справу на дапрацоўванне. Сёння журналіста выклікалі ў Менскі АУС на паветраным транспарце і склалі аналагічны пратакол, але ў новай рэдакцыі КаАП – ч. 1 арт. 19.11, паведамляе тэлеграм-канал Белсата.


У Мінску ў другой палове дня забралі з кватэры Ігара Талстога. Ён у Першамайскім РУУС. Абгрунтавалі тым, што трэба пагаварыць, паколькі ў яго вісеў сцяг на балконе. Дома засталася маці 84 гады, гіпертонік.


У Мінску супрацоўніка ГУБАЗіКа затрымалі 19-гадовага Дзяніса Лукашэвіча. Сказалі, што ён "адміністратар апазіцыйнага тэлеграм-канала". Яго адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна, пасля чаго змясцілі на Акрэсціна. Заўтра над ім чакаецца суд.


Таксама ў Фрунзенскае РУУС Мінска даставілі Івана Паршына.


У Мінску за стужкі на акне затрымлівалі 43-гадовую Наталлю Сіўцову-Седушкіну. На яе склалі пратакол за пікет па ч. 1 арт. 24.23 КаАП.

"Пагрукалі ў дзверы, я адкрыла, зрабілі фота, павезлі ў РУУС Савецкага, 3 гадзіны затрымання, потым пратакол, дзе я не пагадзілася, потым канфіскацыя тэлефона і суд 25 сакавіка ў 15:00", – распавядае Наталля.


Таксама "Спісы Акрэсціна" паведамляюць пра затрыманне 24 сакавіка мінчукоў:

  1. Бараноўская Лізавета
  2. Бараноўскі Андрэй
  3. Варанько Дзмітрый
  4. Князеў Сяргей
  5. Маркін Арцём
  6. Салавей Арцём Дзмітрыевіч
  7. Салавей Арцём Сяргеевіч
  8. Харчанка Андрэй

Абставіны і падставы затрымання гэтых людзей невядомыя.


Паведамляецца, што ў раёне "Шарыкі" затрымалі хлопца, які набываў тканіну ўчора ўвечары. Прозвішча затрыманага высвятляецца.


Пінск

Пінскага журналіста Андрэя Якімуша выклікаюць сёння ў міліцыю на 10:00, паведамляе тэлеграм-канал БАЖ. У пятніцу Андрэя ўжо затрымлівалі, тады дома ў журналіста прайшоў ператрус, забралі тэхніку.


У Пінску пад варту ўзяты па крымінальнай "пінскай справе" за падзеі 9 жніўня ў горадзе 23-гадовага Андрэй Хвяскавец. Яго абвінавачваюць у тым, што ён "кідаў бутэльку, жэсцяную банку, кусок асфальта" у сілавікоў. Хлопца змясцілі ў баранавіцкае СІЗА-6.


Таксама ў Пінску раніцай з хаты забралі Шандыбу Аляксандра Аляксеевіча. Сваякам пазней паведамілі, што і яго павязуць у баранавіцкае СІЗА.


Бабруйск

“Бабруйск-анлайн” паведамляе, што сённяшняя раніца ў Бабруйску пачалася з ператрусаў і затрыманняў грамадскіх актывістак Галіны Смірновай і Алены Чарняўскай. Таксама з ператрусам прыйшлі да Уладзіміра Міхалапа.

Па інфармацыі "Бобруйск-онлайн" у Алены Чарняўскай на 10:15 закончыўся ператрус. Традыцыйна канфіскавалі ўсю тэхніку. Гэтак жа прыхапілі магніцік з сімволікай і свечкі — белыя і чырвоныя. Паводле неправеранай інфармацыі, супрацоўнікі спрабуюць знайсці аўтара надпісу "фашысты", зробленага на 6-м мікрараёне ў Бабруйску.


Гродна

Па інфармацыі "Еўрарадыё", пракуратура праводзіць праверку выставы Алеся Пушкіна ў Горадні. За тое, што там ёсць партрэт Аўгена Жыхара — байца пасляваеннага антысавецкага падполля.


Светлагорск

З учорашняга вечара і сёння раніцай ў Светлагорску сілавікі ў бронекамізэльках з амуніцыяй і ў цывільным "палююць" на мясцовага актывіста Дзмітрыя Дзікуна. Ён раней прыцягваўся па арт. 23.34 КаАП. Таксама на яго спрабавалі завесці крымінальную справу за ўлёткі і папсаваную машыну суддзі, дрот на чыгунцы. Цяпер Дзмітрый не выходзіць на сувязь.


Таксама ў Светлагорску сёння на працу не выйшла актывістка Алёна Наўмовіч. Раніцай яна пазваніла маці і сказала, што яна на прыпынку, а пасля гэтага знікла. Цяпер яе тэлефон недасяжны. У РАУС паведамляюць, што ў іх яе няма. Днём суд Светлагорскага раёна асудзіў яе на 25 базавых велічыняў па арт. 24.3 КаАП нібыта за непадпарадкаванне, яе адпусцілі на волю. 16 лютага ў яе дома быў ператрус: вынялі ўсю тэхніку. 


Днём у Светлагорску асудзілі Аляксандра Аляксейкава і Аляксея Блажэвіча. Суд Светлагорскага раёна асудзіў іх на 15 сутак кожнага, але невядома па якіх артыкулах і ў чым іх абвінавацілі. Аляксандра затрымалі ўчора ўвечары, калі ён вяртаўся з крамы. Аляксея затрымалі ноччу, калі той працаваў таксістам. Яго машыну спыніў супрацоўнік ДАІ Баграёнак і склаў пратаколы аб парушэнні правілаў ДАІ.

Смаргонь 

Праваабаронца Алесь Дзергачоў
Праваабаронца Алесь Дзергачоў

Каля 11 гадзін каля дома смаргонскага праваабаронцы «Вясны» Алеся Дзергачова заўважылі супрацоўнікаў міліцыі, піша "Рэгіянальная газета". Дзергачоў не выходзіць на сувязь ужо гадзіну, яго тэлефон недасяжны. Як каля 13.00 паведаміў карэспандэнтам Алесь Дзергачоў, міліцыянеры прыйшлі да яго яшчэ раз і ўручылі позву, дзе пазначана, што Дзергачову трэба з'явіцца ў РАУС сёння ў 14.30, каб атрымаць папярэджанне пра адказнасць за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах.


Наваградак

У Наваградку сёння затрыманы Сяргей Лаўрушчык, яго даставілі ў РАУС для складання пратаколу правапарушэння. Вядома што сёння адбудзецца і суд. Учора супрацоўнікі міліцыі правялі ў Наваградку некалькi ператрусаў, у Мікалая Жура, Сяргея Лаўрушчыка і Ігара Кокаша. Лаўрушчык і Кокаш знаходзяцца да суда ў ІЧУ ў Карэлічах. 

Таксама хацелі правесці ператрус у актывісткі Жаны Баброўскай, аднак патрапіць да яе не змаглі. 

Шукалі яшчэ і Ірыну Трафімік, прыходзілі сёння на працу, але яна ў камандзіроўцы, учора тэлефанаваў некалькі разоў участковы. Тэлефоны тэхніка іх не цікавіла, іх цікавілі налепкі, улёткі, сцягі, плакаты, прычынай было відэа што з'явілася ў сеціве ў падтрымку Ігара Банцара. Урэшце Ірыну знайшлі і правялі агляд у яе дома.


Калінкавічы

Ад самай раніцы ў Калінкавічах сілавікі прыйшлі ў дамы і кватэры людзей, якіх у верасні 2020 года ўлады пакаралі за ажыццяўленне права на мірныя сходы.

Ад сёмай раніцы пачаўся ператрус у хаце прадпрымальніка і мастачкі Мікалая і Марыны Міхеевых. Потым іх абодвух завезлі з Калінкавіцкі РАУС.

miheeva-2.jpg
Марына Міхеева.

Таксама раніцай міліцыянты прыйшлі да актывіста Мікалая Судаса. Яму прад’явілі пастанову на ператрус у справе аб абразе міліцыянтаў. У яго забралі тэлефон. Самога Мікалая затрымалі і павезлі ў РАУС.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Елісеева, які быў падчас выбараў 2020 году незалежным назіральнікам ад кампаніі «Праваабронцы за свабодныя выбары», калінкавіцкія міліцыянты забралі проста з-пад кропельніцы ў мясцовай лякарні, дзе ён праходзіць стацыянарнае лекаванне. Прычым, кропельніца нават не паспела скончыцца. Яго завезлі на кватэру ягонай маці для правядзення ператрусу. Елісееву прад’явілі пастанову на ператрус паводле артыкула 188 (паклёп) за нейкія паведамленні ў тэлеграм-чаце «Мозырь для жизни», паведамляе "Палеская Вясна".


Пружаны і Круглае

Чытачы ТГ-канала Белсат з Пружанаў (Берасцейскай вобласць) і Круглага (Магілёўская вобласць) паведамілі пра тое, што 25 сакавіка іх выклікаюць у міліцыю.

«Людзей выклікаюць павесткай на 25 сакавіка ў РАУС (мінімум 3 чалавекі). Мяне  асабіста на 15:20. Я адмовіўся яе браць і падпісваць, яны знялі маю адмову на свой рэгістратар. Гэта фота павесткі майго сябра», – напісаў чытач з Круглага.


Сёння прад'явілі абвінавачванні па арт. 342 КК па "справе карагодаў" Ігару і Юліі Лаптановічам з Пружан. Ігара на падставе прад'яўленых абвінавачванняў змясцілі ў брэсцкае СІЗА-7.


Наваполацк

У Наваполацку сёння быў таксама затрыманы ўдзельнік стачкі Аляксандр Капшуль – былы юрысконсульт прадпрыемства «Нафтан». Яго затрымалі па дарозе ў суд, дзе мужчына меўся прадстаўляць інтарэсы свайго падабароннага.

"Віцебская Вясна" паведамляе, што ў дварах дамоў, дзе жывуць астатнія стачкамаўцы, дзяжураць міліцэйскія аўтамабілі.

Яшчэ адзін затрыманы ў Наваполацку – Аляксей Драбіцкі.  Сёння ў яго быў, прама на выхадзе з суда яго затрымалі. Адзін з першых пайшоў у стачку.


Магілёў

Магілёўскага актывіста Аляксея Барысава, затрыманага ўчора, моцна збілі. Ён заявіў, што гэта зрабілі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

У дадзены момант ён знаходзіцца ў бальніцы. Паводле яго слоў, каля 7 раніцы 23 сакавіка яго затрымалі побач з домам, пасля чаго збілі. Прычынай для гэтага, як сцвярджае Аляксей Барысаў, быў дваровы чат ,"які калісьці ў яго быў".

На фатаграфіі, якую даслаў актывіст, відаць, што ўдары наносіліся, у тым ліку, у раён галавы. Паводле яго словаў, у выніку калецтваў, у яго моцна падскочыў ціск, якое атрымалася трохі збіць ў бальніцы.

За дзень да збіцця Барысава выклікалі на прафілактычную гутарку да пракурора напярэдадні 25 сакавіка, паведамляе канал MAYDAY.


Магілёўскія міліцыянты павальна выклікаюць тых, хто прыцягваўся восенню-зімой 2020 года паводле арт. 23.34 КаАП на 25 сакавіка ў аддзяленні міліцыі. Сярод тых, хто атрымаў позву – кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.


Як паведаміў у 20:44 тэлеграм-канал MAYDAY, у дзверы дома да журналіста сайта 6tv.by Алесю Сабалеўскаму грукаюцца супрацоўнікі міліцыі.


Мядзель

У Мядзелі, як мінімум 10 чалавек атрымалі позвы з’явіцца ў аддзяленне міліцыі на 25 сакавіка, прычым ва ўсіх прызначаны розны час, паведамляюць мясцовыя актывісты.


Мазыр

На допыт у Следчы камітэт забралі сябра Праваабарочага цэнтра "Вясна" Уладзіміра Целяпуна. Допыт хутчэй за ўсё звязаны з крымінальнай справай па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Целяпуна на допыт забралі проста з лякарні, дзе ён чакаў аперацыю.


Бярозаўскі раён

Сёння быў затрыманы жыхар аграгарадка Малеч Бярозаўскага раёна Генадзь Клімашэвіч. Яго даставілі ў Бярозаўскае РАУС, верагодна, да суда. Пра гэта "Першаму рэгіёну" распавёў сын Генадзя Клімашэвіча:

“Прыкладна ў 15 гадзін прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Тата з імі гаварыў хвілін 30-40 на вуліцы. У выніку ён зняў герб з балкона. Супрацоўнікі забралі і бацьку, і герб у Бярозаўскі РАУС. Праз тры гадзіны я тэлефанаваў у міліцыю, сказалі, што знаходзіцца ў іх. Калі суд, сказалі, што не ведаюць".

Герб "Пагоня" на балконе Генадзя Клімашэвіча з'явіўся ўвечары 23 сакавіка. Як распавёў сын затрыманага, бацька казаў яму, што ўначы нехта стукаўся ў дзверы, гаўкаў сабака, але ён не адкрыў.

У канцы лютага да Генадзя Клімашэвіча ўжо былі прэтэнзіі супрацоўнікаў міліцыі, калі на яго балконе быў намаляваны бел-чырвона-белы сцяг. Аднак тады ён зафарбаваў яго, і адміністрацыйную справу супраць Клімашэвіча спынілі.


Ганцавічы

Раніцай 24 сакавіка ў пракуратуру Ганцавіцкага раёна былі выкліканыя галоўны рэдактар незалежнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” Пётр Гузаеўскі, а таксама карэспандэнты Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк, піша "БАЖ".

Як стала вядома службе маніторынгу ГА “БАЖ”, журналістаў “Ганцавіцкага часу” выклікалі нібыта на прафілактычную гутарку і збіраліся афіцыйна папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства.

У выніку ў пракуратуры Сяргею Багрову і Аляксандру Пазняку зачыталі тэкст афіцыйнага папярэджання, аднак асабіста азнаёміцца з ім альбо сфатаграваць не дазволілі. Што тычыцца Пятра Гузаеўскага, то яму ў пракуратуры папярэджанне не абвесцілі, размова ішла на іншыя тэмы.

Рэдактару “Ганцавіцкага часу” прапанавалі правесці гутарку з журналістамі выдання аб недапушчэнні парушэння заканадаўства. Таксама выконваючы абавязкі пракурора Ганцавічскага раёна папрасіў Пятра Гузаеўскага змясціць тэкст з прафілактычным зместам на сайце газеты.

Вядома, што на 25 сакавіка Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк атрымалі позвы ў Ганцавіцкі РАУС: там іх хочуць дапытаць з нагоды размаляваных некім ў горадзе кіёскаў “Табакерка”.


Рэчыца

У Рэчыцы затрымалі прадпрымальніка Дзяніса Шылёнка. Яго даставілі ў мясцовае РАУС. Затрыманне адбылося ўвечары 24 сакавіка. 23 сакавіка Дзяніс распавядаў "Палескай Вясне", што ўжо два дні бачыць, што за ім сочаць, пільнуючы каля дома і на шляхах перасоўвання.


Брэст

У Брэсце міліцыя і пракуратура масава праводзіла прафілактычныя гутаркі аб недапушчальнасці парушэння Закона "Аб масавых мерапрыемствах". Напрыклад, да брата актывіста Андрэя Шарэнды Аляксандра прыязджалі на працу, адвезлі яго ў пракуратуру, дзе зачыталі папярэджанне, і адпусцілі. 


Сёння затрымалі 35-гадовага інжынера-энэргеціка Аляксандра Шарсцюка. На пытанне аб падставах затрымання яму адказалі: "Не пойдзеш сам – надзенем кайданкі". Яго змясцілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста.


У Брэсце не вярнуўся з заняткаў студэнт Раман Жыжноў. Яго пакінулі ў ІЧУ "на 72 гадзіны".


Таксама ў Брэсце затрымалі 32-гадовага праграміста Дзмітрыя Букатага – яго таксама змясцілі ў ІЧУ.


Браслаў

У Браславе каля 17 гадзін прыйшлі з вобшукам да мясцовай жыхаркі Баравік Ірыны. Пасля ператрусу яе забралі міліцыянты.

Следчы камітэт паведаміў, што ў Браславе за псаванне фарбавальнікам зялёнага колеру помніка У. і. Леніну распачата крымінальная справа. Па дадзеных следства, вечарам 23 сакавіка 53-гадовая жанчына пашкодзіла помнік. Скульптурная кампазіцыя размешчана на аднайменнай плошчы райцэнтра.


Міёры

У Міёрах затрымалі Сяргея Аляксандравіча Ерафеева.


Баранавічы

Як паведамляе брэсцкая "Вясна", у Баранавічах праходзяць ператрусы ў актывістаў. Прозвішчы высвятляюцца.


Гомель

Міліцыянты Савецкага раёну Гомеля затрымалі Станіслава Мачалава. Ён вяртаўся з крамы з двума пакункамі прадуктаў, яго разам з імі прывезлі ў АУС, а потым да суду змясцілі ў ізалятар. Над ім чакаецца суд, паведамляе гомельская "Вясна".


Кобрын

Як паведамляе брэсцкая "Вясна", у Кобрыне было затрымана 5 чалавек за шпацыр у парку: шматдзетная маці Жук Марыя Нікалаеўна, лекарка-педыятр Рафаловіч Юлія Уладзіміраўна і тры пенсіянеркі – Белавусава Людміла, Саджая Інэса і Вольга Аляксееўна (прозвішча невядома). Супрацоўнікі міліцыі распытвалі жанчын, з якой мэтай тыя шпацыруюць і чаму апынуліся ў парку.

На ўсіх склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Жук Марыну ўчора адпусцілі, але астатніх пакінулі ў ІЧУ. Сёння ж шматдзетную маці выклікаюць на допыт.


Дзяржынск

У Дзяржынску затрымалі Валерыя Давыдава. Падрабязнасці затрымання не паведамляюцца.


Слуцк

У вёсцы Лучнікі Слуцкага раёна затрыманы Кульбіцкі Уладзімір Фёдаравіч. Гэта звязваюць з тым, што на прыватным ўчастку на дзіцячай пляцоўцы вісеў сцяг і была замацаваная "Пагоня".


Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства