viasna on patreon

У Мінску судзяць палітвязня Яраслава Збароўскага

2021 2021-03-18T22:45:00+0300 2021-04-02T22:12:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/20200810_222439.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Масавыя пратэсты каля ГЦ "Рыга" ў Мінску, 10 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

Масавыя пратэсты каля ГЦ "Рыга" ў Мінску, 10 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

У судзе Першамайскага раёна г. Мінска 18 сакавіка пачаўся працэс над палітвязнем Яраславам Збароўскім, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальна кодэкса за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ўвечары і ўначы з 10 на 11 жніўня 2020 года.

Справу вядзе суддзя Максім Трусевіч. Пракурор - Зубко.

Сведкі Збароўскі Дзяніс Яраслававіч і Сташэўская Юлія Андрэеўна ў працэс не з'явіліся.  

Яраслаў Збароўскі жанаты, мае вышэйшую адукацыю, з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Быў затрыманы 25 верасня па справе аб масавых беспарадках.

Хадайніцтва з боку дзяржабвінавачання аб далучэнні іскавай заяву ад Мінсктранса аб кампенсацыі шкоды ў памеры 21 831 рубель 69 капеек судом было задаволена.

Таксама да пачатку працэсу былі пададзеныя хадайніцтвы аб дэталізацыі званкоў, каб удакладніць неадпаведнасці ў тэлефонных перамовах абвінавачанага, якія маюцца ў матэрыялах справы.

Ад абвінавачанага таксама паступілі хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы, бо следчы з адвакатам пераканалі яго адмовіцца ад адваката і ў тэрміновым парадку закрыць крымінальную справу паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, па якой ён першапачаткова абвінвачваўся. 29 студзеня Збароўскі па "наіўнай даверлівасці" пагадзіўся ў надзеі на больш хуткае завяршэнне працэсу, у сувязі з чым палітвязню не ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі справы па зноў прад'яўленым абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Зубко выступіла супраць задавальнення хадайніцтва: на яе думку, у Збароўскага было дастаткова часу для азнаямлення. Суд адмовіў у хадайніцтве.

Таксама было заяўлена хадайніцтва аб змене меры стрымання, бо пад вартай у Збароўскага выявіўся моцны кашаль, які працяглы час не праходзіць. Пракурор зноў выступіла супраць.

Суд таксама адмовіў у задавальненні дадзенага хадайніцтва. Акрамя таго, Максім Трусевіч вынес пастанову аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання палітвязня пад вартай да 18 красавіка 2021 года ў сувязі з тым, што папярэдні тэрмін па меры стрымання заканчваецца.

Паводле абвінавачання, будучы дакладна абазнаным з розных інтэрнэт-крыніцаў аб плануемых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, пачынаючы з 9 жніўня ў Мінску, Збароўскі не раней за 20 гадзін 10 жніўня і не пазней за 3 гадзіны 50 хвілін ночы 11 жніўня ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што выявілася ў выкрыкванні лозунгаў, гучных воплесках і размахванні рукамі, перакрыцці і блакаванні руху грамадскага транспарту шляхам выхаду з іншымі неўстаноўленымі грамадзянамі на праезную частку, у тым ліку скарыстаўшы свой аўтамабіль для гэтых мэтаў. Таксама Яраслаў Збароўскі нібыта неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў УУС і спыніць незаконныя дзеянні, наўмысна перашкаджаў руху транспарту і функцыянаванню прадпрыемстваў. На думку пракурора, віна палітвязня даказаная паказаннямі сведак і пісьмовымі матэрыяламі справы.

 "Людзі спявалі песні, свяцілі ліхтарыкамі". Што распавёў падсудны? 

Яраслаў Збароўскі сказаў, што ўсе абвінавачванне яму незразумела, так як напісана складана для ўспрымання. Ён удакладніў, што сутнасць артыкула 342 Крымінальнага кодэкса яму зразумелая, але абвінавачванне - не.

Сваю віну ў злачынстве, што ставіцца яму ў віну, цалкам адмаўляе.

Пракурор Зубко пачала задаваць пытанні: ці сочыць Збароўскі за навінамі аб палітычнай сітуацыі ў краіне, ці прымаў удзел у выбарах, ці падпісаны на розныя телеграм-каналы.

Абаронца прасіла зняць гэтыя пытанні, як тыя, што не адносяцца да разглядаемай справы, і ў далейшым устрымлівацца ад "палітычных" пытанняў.

Палітвязень кажа, што аб плануемых мерапрыемствах 10 жніўня ў Мінску не ведаў. У другой палове дня пасля працы выехалі з жонкай з дома ў бок ГЦ "Еўропа" на асабістым аўтамабілі - вырашылі паехаць павячэраць у KFC. Даехаць да месца не змаглі, бо па вуліцы Сурганава быў абцяжараны рух, грамадскі транспарт стаяў, рух быў мінімальна па крайняй левай паласе - Яраслаў быў за стырном, перастроіўся ў трэцюю скрайнюю паласу, бо там быў хоць нейкі рух. Вырашылі паехаць да вуліцы Якуба Коласа, пакуль не ўбачыў прычыну затору: на скрыжаванні вул. Сурганава, Бяды і Куйбышава былі людзі, якія перакрывалі рух у двух кірунках. Хацеў развярнуцца, не чуў, каб людзі выкрыквалі лозунгі, бо сігналілі аўтамабілі. Але пасля чуў, як людзі спявалі песні, свяцілі ліхтарыкамі. Лічыць, што людзі сабраліся для пратэсту, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбару.

Абаронца зноў указала на тое, што пытанні дзяржабвінавачання ссоўваюць ракурс справы ў "палітыку", і прасіла не задаваць пытанні датычна тых людзей, якія сабраліся на мітынг, фармуляваць пытанні выразна, але суд не прыняў пярэчанні.

Яраслаў Збароўскі ўдакладніў, што не браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, не ведаў, што яно будзе праходзіць каля ГЦ "Рыга", апынуўся на месцы выпадкова. Пры першай магчымасці ён развярнуў машыну ў адваротным напрамку – у бок плошчы Бангалор. Там таксама быў затор, мужчына выйшаў з машыны, каб паназіраць, зрабіць фота і відэаздымку на памяць таго, што адбывалася. Відэа не вельмі атрымалася, так як людзі былі далёка. У ладкі ён у той момант не пляскаў, лозунгі не выкрыкваў, да людзей не прымыкаў і з імі не ўзаемадзейнічаў, рукамі не тое, каб размахваў. Знаходзіўся на падзяляльнай паласе каля 20 хвілін. За гэты час ён паспеў стэлефанавацца з сябрам па рыбалцы і цёткай.

Супрацоўнікаў міліцыі на месцы не было, ні ў форме, ні без формы. Ніякіх патрабаванняў ні ад каго не чуў. Абстаноўка была міралюбная. Улічваючы тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіля мадэлі Джып, Яраслаў Збароўскі мог бы выехаць з корка, парушаючы правілы дарожнага руху, але па праезнай частцы праехаць было немагчыма. Парушаць ПДР абвінавачаны не стаў, пачаў павольна рухацца ў бок вул. Багдановіча. Трое маладых хлопцаў папрасілі Яраслава іх падвесці, ён пагадзіўся. Пазней убачыў аўтазак і мікрааўтобус, якія "крадучыся" рухаліся ў бок ГЦ "Рыга". Мужчына з пасажырамі паехалі ў бок вул. Някрасава і Ізмайлаўскай.

Стварыць перашкоды руху грамадскага транспарту ён не мог, бо тралейбусы і аўтобусы ўжо стаялі ў крайняй правай паласе. Павярнуць на вул. Куйбышава, вул. Бяды або рухацца ў бок вул. Я. Коласа абвінавачаны не мог, таму ён развярнуўся. Ніякага грамадскага транспарту ад вул. Бяды і Куйбышава ў напрамку вул. Багдановіча не было і быць не магло, т.к. дарога была перакрытая.

Ніякіх загадзя спланаваных дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, ён не здзяйсняў. Сваіх палітычных поглядаў не выказваў, не рабіў ніякую дэструктыўную дзейнасць, у тым ліку накіраваную на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве. Не здзяйсняў ніякага актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, а менавіта – супрацоўнікам УУС у форменным абмундзіраванні і пры выкананні службовых абавязкаў. Спакой грамадзян ён не парушаў, перашкодаў іншым транспартным сродкам не ствараў.

"На яго можна пакласціся, годны чалавек". У судзе дапыталі сьведак

Першай у якасці сведкі выклікалі жонку палітвязня - Таццяну Збароўскую. 10 жніўня яна знаходзілася дома, пакуль муж не вярнуўся дадому пасля працы - каля 20.40. Паводле дэталізацыі размоў, можа сцвярджаць, што каля 21.30 яны з мужам выехалі павячэраць у раён пл. Банголор, павярнулі на вул. Сурганава, але праехаць да ГЦ "Еўропа" не ўдалося з-за корку. Мяркуе, што затор быў утвораны з-за таго, што людзі выйшлі на праезную частку і блакавалі рух. Каля ГЦ "Рыга" было вельмі шмат людзей: тыя, хто быў недалёка ад сведкі, радаваліся, настрой быў святочны. У людзей былі сцягі, плакатаў не бачыла. Каля гадзіны стаялі ў напрамку ГЦ "Рыга", потым развярнуліся. Пацвярджае, што муж выходзіў з машыны, стаяў на падзяляльнай паласе, здымаў відэа, у ладкі не пляскаў, рукамі не размахваў, лозунгаў не выкрыкваў. Сама Таццяна таксама выходзіла з машыны, хацела зрабіць відэа, але ў тэлефоне скончылася месца. Пацвярджае, што акрамя людзей, не было ні супрацоўнікаў міліцыі, ні спецтэхнікі, ніхто ніякіх патрабаванняў не выказваў. З'ехаць змаглі ў 23.41 - у гэты момант Таццяне Збароўскай патэлефанаваў знаёмы. Спецтранспарт пад'ехаў за некалькі хвілін да таго, як падсудны з жонкай паспелі з'ехаць.

На наступны дзень Таццяна Збароўская стэлефаноўвалася з сынам, якому распавяла пра падзеі 10 жніўня, у тым ліку сказала, што "былі з бацькам на барыкадах". У судзе сведка патлумачыла, што была ў псіха-эмацыйным напружанні, да гэтага цэлы дзень 10 жніўня праглядала розныя відэа ў інтэрнэце, бачыла, як білі шкло, кідалі нейкія прадметы, таму ў размове з сынам апісвала ўсё, што бачыла, магла нешта пераблытаць - віртуальнае з рэальным, назваць не тымі словамі. Калі давала паказанні следчаму і бачыла расшыфроўкі сваіх размоў, сама не магла паверыць, што так выказвала свае думкі ў размове.

Таццяну Збароўскую таксама затрымлівалі і дапытвалі ў рамках крымінальнай справы, прад'яўлялі абвінавачванні, але пасля знялі іх.

Наступная сведка - Наталля Луткова, знаёмая з Яраславам Збароўскім больш за 20 гадоў. Характарызуе абвінавачанага як чалавека адказнага, сур'ёзнага, безадмоўнага, пазітыўнага, неканфліктнага. Нічога дрэннага сказаць пра яго не можа, кажа, што Збароўскі - той чалавек, за якога яна магла б паручыцца, на яго можна пакласціся, годны і добры чалавек.

У судзе абвешчаны перапынак да 10.30 раніцы 19 сакавіка.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства