viasna on patreon

Допыты журналістаў і затрыманні: палітычны пераслед у Беларусі за 18 сакавіка

2021 2021-03-18T11:42:22+0300 2021-03-18T18:10:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-05-19-burakou-pashtouka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Буракоў паказвае паштоўку салідарнасці. Фота: Аляксей Колчын

Аляксандр Буракоў паказвае паштоўку салідарнасці. Фота: Аляксей Колчын

Праваабаронцы "Вясны" ў чацвер, 18 сакавіка, працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, ператрусы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) атрымаў позву прыйсці на допыт у Следчы камітэт сёння, 18 сакавіка. Таксама яму ўручана патрабаванне прад'явіць дэкларацыю аб прыбытках за перыяд з 01.01.2020 па 28.02.2021 года, паведамляе БАЖ.

16 лютага 2021 года ператрус быў у бацькоў Аляксандра Буракова, а 18 лютага — у яго дома. Буракоў кажа, што вобшук у яго невялікай кватэры праходзіў паўтары-дзве гадзіны, супрацоўнікі ГУБАЗіК перавярнулі літаральна ўсю кватэру.


Намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага 24 сакавіка выклікаюць на допыт у Следчы камітэт. А  на гэтым і мінулым тыдні ў СК дапытвалі старшыню БАЖ Андрэя Бастунца. 16 лютага ў офісе БАЖ, а таксама ў кватэрах Барыса Гарэцкага, Алега Агеева і іншых журналістаў і праваабаронцаў прайшлі ператрусы.


У Маскве затрымалі пратэстоўца з Беларусі на патрабаванне Генпракуратуры нашай краіны, паведамляе  «Еўрарадыё» са спасылкай на інфармацыю «Новой газеты».

Затрыманы Мікалай Давідчык з Ліды. На радзіме яму пагражае крымінальная адказнасць за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Для Давідчыка, відаць, будуць патрабаваць экстрадыцыю. За яго лёсам сочыць беларуская дыяспара ў расійскай сталіцы. Яму ўжо знайшлі адваката, але абаронцу да затрыманага ў сераду не пусцілі.


Таксама расейская паліцыя затрымала ў Пецярбурзе ўдзельніка пратэстаў у Маладзечне. Яму пагражае дэпартацыя і турма ў Беларусі.

Сутычка пратэстоўцаў з АМАПам адбылася ў Маладзечне яшчэ да выбараў – 19 чэрвеня. У той дзень быў затрыманы Віктар Бабарыка, пасля чаго па краіне пракацілася хваля стыхійных акцыяў. Затрыманы ў Расеі 41-гадовы беларус у сутычцы з сілавікамі спрабаваў адбіць іншага мужчыну. У жніўні на яго завялі крымінальную справу, паведамляе fontankaspb.

Мяркуецца, што затрыманы 41-гадовы Уладзімір Непагода спрабаваў адбіць іншага мужчыну. У адносінах да яго завялі крымінальную справу ў жніўні.


Белсат паведамляе, што гарадзенскага журналіста і музыканта Алеся Дзянісава сёння выклікалі на допыт у раённае аддзяленне міліцыі. Учора ў яго кватэры быў праведзены ператрус.


Расшукваюць затрыманую ўчора Алену Курсік. Яна была затрыманай па арт. 23 34 КаАП падчас экскурсіі па горадзе. Прысудзілі 15 сутак, але адпусцілі ўсю групу. Учора да яе  з'явіліся з ператрусам у дом, канфіскавалі ўсю тэхніку. Дагэтуль месцазнаходжанне невядомае.


 У Ждановічах супрацоўнікі міліцыі затрымалі Вольгу Залатар, яе месцазнаходжанне і статус дагэтуль невядомы. Вольга некалькі разоў затрымлівалася і падвяргалася адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу. Вядомы выпадак – 27 студзеня яна разам са знаёмай прыйшла адмываць фарбу з замаляванай на днях выявы Паўла Латушкі на будынку электрашчытавой.


Адразу дзве не звязаныя адна з адной крыніцы з Дзяржынску паведамілі пра падзеі, якія пачаліся ў райцэнтры 17 сакавіка і працягваюцца дагэтуль.

У дамах мясцовых жыхароў — вобшукі. Людзей, меркавана датычных да пратэстаў, затрымліваюць дзясяткамі. Паводле крыніцаў, мясцовыя міліцыянты працуюць разам з праваахоўнікамі, якіх камандзіравалі з Менску. Падрабязнасці - на Радыё Свабода.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства