viasna on patreon

Гродна: На судзе па крымінальнай справе Ігара Лазавіка працягваецца допыт сведкаў

2021 2021-02-24T15:32:34+0300 2021-02-24T18:48:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lazavik_igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Лазавік (злева) і яго адвакат

Ігар Лазавік (злева) і яго адвакат

У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні працягваецца разгляд крымінальнай справы па арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) супраць гарадзенца Ігара Лазавіка. Раней Лазавік быў сведкам па крымінальнай справе збітага амапаўцамі таксіста Аляксея Лапы, а затым яго і самога перавялі ў лік падазраваных і ўрэшце абвінавачаных. Крымінальная справа супраць Лазавіка была распачатая 20 кастрычніка, яна датычыцца падзей у ноч з 11 на 12 жніўня, калі Лазавік быў пасажырам Аляксея Лапы і сам быў збіты.

Справу разглядае суддзя Віталь Лабоцкі, дзяржабвінаваўцам выступае Георгій Смольскі. Назірае за працэсам праваабаронца Раман Юргель.

Па інфармацыі "Гарадзенскай Вясны", на мінулым паседжанні быў дапытаны сведка – супрацоўнік АМАП Павел Конан. Ён распавёў, што ўвечары 11 жніўня яны дзейнічалі па сігнале кіраўніцтва. У адной з машын Конан заўважыў пасажыра з бел-чырвона-белым сцягам на каленях і бел-чырвона-белую налепку, амапавец пацягнуў за ручку дзверкі аўтамабіля, але яны былі зачынены. У гэты момант машына ірванула з месца і працягнула Конана па зямлі. Аднак на пытанне, ці прымаў Лазавік і яго спадарожнікі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, Конан адказваць сцвярджальна не стаў. Конан таксама прызнаў, што прымалі рашэнне затрымліваць таксі калектыўна, што напіс на яго майцы АМАП быў закрыты бронекамізэлькай. Такім чынам кіроўца таксі Аляксей Лапа і яго пасажыры ніяк не маглі вызначыць, што гэта прадстаўнікі афіцыйных сілавых структур. Якім чынам атрымаў пашкоджанні пацярпелы Рахунок, Конан не бачыў.

Далей адвакат заявіў хадайніцтва зачытаць паказанні таго ж Конана з матэрыялаў крымінальнай справы Аляксея Лапы. Па меркаванні адваката, яны дыяметральна супрацьлеглыя паказанням Конана на гэтым працэсе. Суддзя задаволіў хадайніцтва.

Далей у гэты дзень прайшоў допыт амапаўца Мікіты Корыкава. Абінавачанага Лазавіка ў той дзень у счэпцы каля кінатэатра "Кастрычнік" Корыкаў не бачыў. Іншых пасажыраў таксі Лапы таксама не бачыў. Корыкаў бачыў, як ірванула машына таксі і Конан упаў. Пазней, калі Корыкаў выходзіў апошнім з міліцэйскага буса, група людзей з таксі ўжо ляжала на зямлі. Гэтую машыну таксі вырашылі затрымліваць, таму што ўбачылі на шыбе машыны бел-чырвона-белую налепку. Фізічнай сілы да затрыманых Корыкаў не прымяняў, шыбы машыны не біў.

У той дзень быў дапытаны кіроўца мікрааўтобуса, у якім перасоўваўся АМАП, Максім Бойка. Ён распавёў, што вырашылі праверыць таксі Лапы на дачыненне яго пасажыраў да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

"Таксі не спынілася, з'ехала, я падабраў калегаў, і мы паехалі даганяць. Супрацоўнікаў было 6, старэйшы Касцюк, Лычагина з намі не было ў бусе. Па прыбыцці я не выходзіў з буса, было цёмна, я назіраў у люстэрка. Абвінавачанага ня бачыў ў той вечар сярод мітынгоўцаў, садящимся ў таксі, і не бачыў, каб ён прымаў удзел у масавых мерапрыемствах. Мы пераследавалі таксі Шкода, дагналі яе ў корку. Я не памятаю, такія ж ці даваў паказанні па справе Лапы. Дакладна не памятаю, як рухалася таксі, патлумачыць не магу. Я кіроўца, саміх затрыманняў грамадзян не бачыў, я кантраляваў сам аўтамабіль, цяжкі час быў, працавалі кожны дзень, шмат чаго не памятаю".

Таксама быў дапытаны старшы ў групе АМАПУ Вячаслаў Касцюк. Адвакат таксама падкрэсіў, што яго паказанні падчас допыту на судзе разыходзяцца з тымі, што ён даваў па справе кіроўцы Аляксея Лапы.

На пасяджэнні 24 лютага працягнуўся допыт сведкаў. Дапыталі Алега Лычагіна, які сказаў, што працаваў у іншай групе міліцыянтаў і не быў задзейнічаны на затрыманні таксіста Аляксея Лапы і яго спадарожнікаў.

Далей сведкай у залу суда была выклікана гарадзенка Валерыя Русель, якая пражывае ў раёне плошчы Дзекабрыстаў, дзе адбываліся падзеі ў ноч з 11 на 12 жніўня. Яна бачыла, што адбываецца і здымала на тэлефон. Людзі ў чорным і балаклавах (як высветлілася пазней, амапаўцы) білі дубінкамі па машынах людзей, выцягвалі іх з аўтамабіляў і жорстка збівалі на зямлі. Пры тым людзі моцна крычалі, але людзі ў чорным працягвалі іх жорстка збіваць.

Яшчэ адным сведкам павінен выступіць амапавец Балабан, але яго няма ў горадзе, ён вернецца толькі праз 14 дзён з службовых збораў.

Наступнае паседжанне суду прызначана на 10 сакавіка на 14.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства