viasna on patreon

Па "справе Ціханоўскага" дапыталі ўсіх пацярпелых міліцыянтаў. Што яны распавялі пра падзеі 29 траўня ў Гродне?

2021 2021-02-18T21:21:33+0300 2021-02-18T21:28:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_grodno_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за тыя падзеі: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі, але канчаткова дапытаць усіх атрымалася толькі на восьмым судовым паседжанні. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ажыццяўляе маніторынг гэтага суда, назірае за гэтым судом праваабаронца Раман Юргель.

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org
Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

Што адбываецца на судзе?

Нагадаем, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд у першы дзень з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі, які апынуўся 29 траўня падчас пікета на зямлі, на першым судовым паседжанні заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў. Таксама пацярпелы АМАПавец Рахунок заявіў пазоў да Кнігі (яны раней разам служылі ў АМАПе) на суму 2 000 рублёў — гэта маральная шкода.

"Спрабавалі інтэнсіўна пакінуць плошчу, актыўна глядзелі на нас". Допыт камандзіра АМАПу Дзмітрыя Рахунка

Дзмітрый Рахунок. Фота: s13.ru
Дзмітрый Рахунок. Фота: s13.ru

18 лютага дапыталі пацярпелага камандзіра роты гарадзенскага АМАПа, старшага лейтэнанта Дзмітрыя Рахунка. 29 траўня ён разам з камандзірам групы пацярпелым Віктарам Буднікам затрымліваў Сяргея Ціханоўскага. На судзе ён распавёў сваю версію таго, што адбылося, а таксама папрасіў суд спагнаць з абвінавачанага Уладзіміра кнігі 2 тысячы рублёў маральнай шкоды. Гэтую суму пацярпелы плануе перавесці ў дзіцячы дом.

Дзмітрый Рахунок распавёў, што знаёмы з абвінавачаным Уладзімірам Кнігай — яны раней разам служылі ў АМАП:

"У 2010-м плячом да пляча стаялі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праз год ён здзейсніў злачынства, яго звольнілі за перавышэнне паўнамоцтваў. Але нягледзячы на гэта, мы фінансава дапамагалі яго сям'і ў складаны перыяд".

Дзмітрый Рахунок распавёў, што ў той дзень яны неслі службу ў складзе рэзервовай групы, у якую ўваходзіла пяць чалавек: ён, Віктар Буднік, кіроўца і дзве супрацоўніцы, імя якіх ён не назваў. Рахунок ведаў, што на Савецкай плошчы праходзіла масавае мерапрыемства па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Па яго словах, ён не ведаў:

"Мне гэта было нецікава".

Каля 20.00 паступіла інфармацыя, што ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі ўжыты гвалт. Яны рушылі ў бок месца здзяйснення злачынства. 

"Было вялікае скопішча людзей, але скрозь іх убачылі, які ляжыць на асфальце міліцыянта. Убачыўшы нас, натоўп людзей спрабаваў схавацца з месца злачынства. Адзін з іх пачаў крычаць: "Гэта правакацыя!".

Затрымаўшы Ціханоўскага, супрацоўнікі АМАП павялі яго да машыны. Падыходзячы да буса, распавядае Рахунок, ён бакавым зрокам убачыў Уладзіміра Кнігу.

"Ён наўмысна моцна двума рукамі штурхнуў мяне ў плячо. У мяне ўпала маска, бярэ... Потым ён пачаў хапаць мяне за шыю. Хтосьці з маіх калегаў адцягнуў яго ад мяне".

Адвакаты запыталі, чаму з усяго натоўпу затрымалі менавіта Ціханоўскага.

"Было выразна відаць, што, убачыўшы супрацоўнікаў АМАП, група грамадзян спрабавала інтэнсіўна пакінуць плошчу. А Ціханоўскі пры гэтым яшчэ крычаў, што гэта правакацыя, ганьба".

— Як вы зразумелі, што натоўп менавіта пасля таго, як убачыў вас, пачаў сыходзіць з месца?

— Яны актыўна глядзелі на нас, — растлумачыў Рахунок.

Рахунок падчас допыту сказаў, што каманда затрымаць Ціханоўскага па рацыі яму не паступала. Для выключэння супярэчнасцяў былі зачытаныя пісьмовыя матэрыялы справы. Тады Рахунок казаў, што ім па радыёсувязі паступіла каманда затрымаць Ціханоўскага. На судзе ён растлумачыў супярэчнасці, што не памятае такіх каманд: "Можа яны і былі".

Пацярпелы АМАПавец на судзе заявіў аб спагнанні маральнай шкоды з абвінавачанага Уладзіміра Кнігі ў суме 2 тысяч беларускіх рублёў.

"Не чакаў такіх дзеянняў ад таварыша, які служыў бок аб бок, які аддаў нас, сям'і якога мы дапамагалі ў складанай сітуацыі. Акрамя таго, пасля гэтага затрымання мае фатаграфіі выкінулі ў інтэрнэт. Грошы планую перадаць у дзіцячы дом".

Абвінавачаны Кніга пазоўныя патрабаванні не прызнаў.

Пацярпелы супрацоўнік АМАПу Буднік: "Балючага нічога ня памятаю, каб я адчуваў, але замахі, спробы былі"

17 лютага быў дапытаны супрацоўнік АМАПу Віктара Будніка. Ён расказаў, што пры затрыманні Ціханоўскага яго ніхто не біў, прынамсі балюча, толькі замахваліся. На працэсе таксама спрабавалі высветліць, чаму 29 траўня затрымалі менавіта Ціханоўскага.

Спачатку ён знаходзіўся ў рэзэрве мабільнай групы непадалёк ад Савецкай плошчы, бо там праводзілася масавае мерапрыемства, адбывалася «перадвыбарная кампанія, збор галасоў». Яны прыбылі для аховы грамадскага парадку, калі ўзнікнуць непрадказальныя абставіны.

У іхнай машыне было пяць чалавек. Яны атрымалі паведамленьне, што на Савецкай плошчы адбылося злачынства, і рушылі туды. Падыходзілі да Савецкай плошчы з боку вуліцы Вялікай Траецкай. На затрыманьне выйшлі Буднік і Рахунок.

«Убачылі міліцыянта, які ляжаў на зямлі. Група людзей хуткім крокам рухалася ў бок Фарнага касцёла. Затрымалі таго, хто на самым перадзе ішоў. Ім аказаўся Ціханоўскі», — расказаў Буднік.

Ён звярнуў увагу, што Кніга з'вярнуўся ў бок паплечніка, той атрымаў штуршок. Потым набеглі іншыя людзі. Урэшце пасадзілі Ціханоўскага ў машыну і з'ехалі.

— Вы затрымалі мужчыну. Ці ведалі вы, хто гэта? — задаў пытанне пракурор.
— На першым этапе, хто гэта, што... — не дагаварыў Буднік.
— Чаму затрымлівалі менавіта яго?
— Хто самы першы імкнуўся пакінуць месца, да таго першага падышлі.
— Ці аказваў ён нейкі супраціў?
— На паўдарозе пачаў упірацца, размахваць, не хацеў ісці. Потым пачаліся актыўныя дзеянні з боку грамадзянаў. Я запомніў чалавека ў швэдры з трыма белымі палоскамі, які ўсё хацеў мяне ўдарыць, — пракаментаваў Буднік.
— Спрабавалі ўдарыць, але ці ўдарылі? — запытаўся пракурор.
— Цяпер ужо кепска памятаю. Балючага нічога ня памятаю, каб я адчуваў, але замахі, спробы былі. Потым на дапамогу прыехалі іншыя калегі, — расказаў Буднік.

— Яны ўсе былі з горадзенскага гарнізону? — удакладніла суддзя.
— Наколькі я памятаю, так, — адказаў Буднік.

З ягоных словаў, Кніга кінуўся ў бок Рахунка, пхнуў яго рукамі ў вобласьць пляча, так што ў таго бэрэт упаў.

— Непасрэдна да вас фізічныя ўздзеянні Кніга прымяняў? — удакладніў пракурор.
— Не, — адказаў Буднік.
— Нейкія іншыя дзеяньні Кніга прымяняў, апрача таго штуршка?
— Наколькі я памятаю, не.

Пасля затрымання Ціханоўскага АМАПаўцы адразу з'ехалі: «Усё хутка адбылося».

Наконт паламаных дзверцаў мікрааўтобуса ён патлумачыў, што перад службай дзверцы адчыняліся і зачыняліся нармальна, а пасля затрымання хтосьці іх пашкодзіў, і яны ўжо кепска зачыняліся.

— Нейкія ўздзеянні Кнігі на гэтыя дзверцы вы бачылі? — запытаў дзяржаўны абвінаваўца.
— Не, — адказаў Буднік.

Буднік растлумачыў, што пазнаў Уладзіміра Кнігу, які быў у масцы, бо раней працавалі разам, па агульных рысах твару. На пытанні суддзі, ці ўдарыў яго хтосьці, Буднік сказаў, што адчуваў замахі, адхопліванні, касыя ўдары. Бачыў, што чалавек у швэдры з белымі палоскамі ўдарыў у плячо ці бок, — удакладніў Рахунок.

Паводле ранейшых паказанняў, Буднік выразна адчуў удар у правы бок ад мужчыны ў швэдры з белымі палосамі. Парушэння здароўя ў яго не было, па медычную дапамогу ён не звяртаўся. Сярод абвінавачаных ён не пазнаў таго чалавека, які біў яго ў правы бок.

«Склалася думка, што Ціханоўскі вінаваты». Допыт міліцыянта з рупарам

Міліцыянт Аляксандар Хваленя даў паказанні ў «справе Ціханоўскага» 9 лютага. Ён працуе старшым участковым інспэктарам Ленінскага РАУС Градна, ва ўнутраных органах з 2013 году. 

Летась 29 траўня разам з Уладзімірам Казлоўскім нёс службу на Савецкай плошчы ў Гродна, дзе ішоў збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Яны ўваходзілі ў інфармацыйную групу, тлумачылі заканадаўства сабраным, ахоўвалі парадак. Хваленю выдалі мэгафон і камізэльку інфармацыйнай групы.

Як расказаў Хваленя, яны месціліся ў адміністрацыйным будынку побач з плошчай. Па радыёстанцыі Казлоўскі прыняў сігнал, што трэба выйсці на Савецкую плошчу; з якой мэтай, не ўдакладнялася. Там да іх падышлі две жанчыны і расказалі, што паміж мужчынам і жанчынай адбываецца канфлікт, паказалі кірунак. Міліцыянты пайшлі на гучную размову.

Хваленя ўбачыў жанчыну і Ціханоўскага.

«Ціханоўскага я ведаў з інтэрнэту і таксама па службовай дзейнасці», — патлумачыў Хваленя.

Ціханоўскі стаў адыходзіць назад. Хваленя, як і Казлоўскі, узяў Ціханоўскага за руку, «каб прыцягнуць да сябе ўвагу».

«Што значыць „каб прыцягнуць да сябе ўвагу“?.. Вы бралі за руку, каб утрымаць ці прыцягнуць да сябе ўвагу?», — удакладніла суддзя.

«Каб прыцягнуць да сябе ўвагу», — паўтарыў Хваленя.

З ягоных словаў, потым натоўп пачаў сціскацца, ён убачыў, што нехта біў Казлоўскага па галаве. Сам Хваленя адчуў удар па спіне і па назе, на ягоную думку, нехта біў нагой. З яго сарвалі відэарэгістратар і пашкодзілі мэгафон. У той жа дзень Хваленя самастойна звярнуўся па мэдыцынскую дапамогу.

Хваленя ўбачыў на адлегласці Казлоўскага, які ляжаў на зямлі, вырашыў, што на зямлю таго паклаў Ціханоўскі, таму пайшоў за блогерам.

«Склалася думка, што Ціханоўскі вінаваты», — сказаў Хваленя.

Неўзабаве Ціханоўскага затрымалі амапаўцы. Людзі перашкаджалі пасадзіць затрыманых у службовы аўтамабіль, сталі яго акружаць. Нехта зламаў дзьверы ў мікрааўтобусе. Амапаўцы сталі ў ланцуг, каб адцясьніць людзей.

Хваленя адзначыў, што ў дзеяннях Ціханоўскага на той момант не паспеў выявіць супрацьпраўных дзеянняў. Міліцыянт адказаў, што, калі натоўп яго адцясніў ад калегі, у апошні момант той заставаўся побач з Ціханоўскім. Ён пракаментаваў спробу Ціханоўскага адысці з месца канфлікту: «Законапаслухмяныя грамадзяне так не робяць».

Абвінавачаны Уладзімір Кніга, які раней быў АМАПаўцам, доўга распытваў Хваленю пра міліцэйскія асаблівасці службы ў той дзень.

Адвакатка заўважыла, што самога Хваленю таксама нехта ўдарыў, і запыталася, чаму ён не застаўся на месцы разбірацца са сваімі крыўдзіцелем, а пайшоў менавіта за Ціханоўскім.

«Пацярпеў напарнік. Я вырашыў, што гэта больш важна», — адказаў Хваленя.

— Чаму такая выбарнасць? Чаму вы пайшлі менавіта за Ціханоўскім? Была гэтая жанчына, быў Салянік з рупарам, побач было шмат іншых людзей. Вы не маглі выявіць, хто ўчыніў правапарушэнне? Чаму вы пайшлі менавіта за Ціханоўскім? — спрабавала высветліць адвакатка.

— Вы целасклад Ціханоўскага бачылі? А целасклад Казлоўскага? — адказаў пацярпелы міліцыянт.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН, "Радыё Свабода", TUT.BY, «Блог Гродно S13».

На судзе па “справе Ціханоўскага” дапыталі ўчастковага Казлоўскага, які на пікеце 29 траўня апынуўся на зямлі

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 8 лютага працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага".

Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны

У Гродне 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

paciarpelye_sud.jpg

Другі дзень суда па “справе Ціханоўскага”: Пацярпелыя міліцыянты не з'явіліся, бо яны "задзейнічаныя на Хрышчэнні"

У суде Кастрычніцкага раёна Гродна 19 студзеня працягняўся разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Што адбылося на пікеце ў Гродне 29 траўня?

Нагадаем, вечарам 29 мая ў Гродне на плошчы Савецкай падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай яе муж Сяргей і яшчэ дзевяць яго прыхільнікаў. Сярод іх — абвінавачаныя Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга.

Тады ў прамым эфіры «Страна для жизни» да блогера Сяргея Ціханоўскага з дакучлівымі пытаннямі і паводзінамі сталі прыставаць жанчыны. Многія потым заяўлялі, што гэта былі «жанчыны-правакатаркі». Калі Ціханоўскі зразумеў гэта, ён пачаў сыходзіць ад іх, на плошчы пачалася мітусня, гарадзенцы хацелі абараніць блогера ад "жанчын-правакатарак", у выніку чаго малады міліцыянт апынуўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзенні і не дапамаглі сесці на лаву. Ім аказаўся старшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі.

Hrodna.life паведамляў праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту, што ў міліцыянта быў удар пярэдняй брушной сценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама да ўрачоў звярнуўся другі нібыта пацярпелы міліцыянт, шпіталізацыя яму не патрабавалася.

Аднак ужо назаўтра, 30 траўня, МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Як стала вядома Свабодзе, яны ляглі ў бальніцу не адразу пасля інцыдэнту, а праз нейкі час. 

Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях). Гэта справа атрымала назву "Справа Ціханоўскага".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства