Тры гады “хіміі”. Суд вынес рашэнне па справе Іллі Толкача
16 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Іллі Толкача, якога вінавацілі ў актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Вольга Малашэнка, дзяржабвінаваўца – Фёдар Сініцкі.
Ілля Толкач быў затрыманы 21 кастрычніка 2020 года і з таго часу знаходзіцца пад вартай.
"Дапамог перанесці лавачку на праезную частку". Іллі Толкачу пагражае тры гады зняволення
Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў. Фёдар Сініцкі прасіў суд прызнаць Іллю Толкача вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК, і пакараць яго трыма гадамі “хіміі”.
Абаронца ўказаў, што Ілля Толкач прызнаў віну часткова, не даказаная датычнасць яго дзеянняў да нанесенай шкоды Мінсктрансу за спыненне руху транспарта.
"У сувязі з недаказаннасцю наяўнасці прычынна-следчай сувязі паміж дзеяннямі майго падабароннага і меркаванымі наступствамі, у дзеяннях Іллі Толкача адсутнічаюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанай часткай 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса", - сказаў адвакат.
Ён лічыць, што яго падабаронны падлягае апраўданню.
У апошнім слове Ілля Толкач сказаў, што за час, праведзены ў СІЗА шмат што ўсвядоміў, пераасэнсаваў для сябе, зразумеў, што важна знаходзіцца побач з блізкімі і жыць у спакойным грамадстве. Папрасіў прабачэння перад горадам, грамадствам, паабяцаў у будучым больш такіх учынкаў не здзяйсняць, жыць прыстойна. Прасіў не пазбаўляць яго магчымасці быць побач з роднымі і прызначыць менш строгае пакаранне.
Пасля перапынку суддзя Вольга Малашэнка падтрымала пазіцыю дзяржабвінаваўцы і зачытала пастанову суда – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
На тэрмін абскарджання прысуду Ілля Толкач быў вызвалены з-пад варты пад падпіску ад невыездзе і належныя паводзіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс.