Стэфановіч: Гэта логіка рэпрэсій - спачатку прыйсці да палітыкаў, актывістаў, а потым да журналістаў і праваабаронцаў
Мінск, 16 лютага. У менскім офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна" праходзіць ператрус, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч. Па яго словах, каля 11.00 ўнутр зайшлі старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі і восем сілавікоў.
Да пачатку ператрусу Бяляцкаму патэлефанавалі прадстаўнікі праваахоўных органаў і сказалі з'явіцца ў офіс арганізацыі на праспекце Незалежнасці.
"Гэта логіка рэпрэсій - спачатку прыйсці да палітыкаў, актывістаў, а потым да журналістаў і праваабаронцаў. Так было і пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 2010 года. Тое, што цяпер адбываецца, - гэта менавіта акцыя застрашвання журналістаў і праваабаронцаў", - сказаў Стэфановіч у каментары БелаПАН.
"Адзінае, што можна сказаць: мы ўсе выконваем свае праваабарончыя функцыі, - падкрэсліў Стэфановіч. - Людзей на вуліцу выводзілі не мы, а ўсім вядомы дзеяч, які сінімі пальцамі трымаецца за ўладу. Людзі выходзілі на вуліцу не таму, што іх на гэта арганізоўвалі праваабаронцы ці журналісты. Мы толькі працуем з наступствамі таго, што ў краіне адбываецца, а ўсю адказнасць за тое, што адбываецца, натуральна, нясуць улады".
"Мы пра гэта казалі і адразу пасля жніўня, і працягваем сцвярджаць гэта цяпер, таму што мы бачым узмацненне рэпрэсій. Цяпер гэтыя рэпрэсіі перакінуліся на праваабарончыя арганізацыі і журналістаў", - дадаў ён.
Ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў пачаліся раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі. Пазней Следчы камітэт паведаміў, што ператрусы праводзяцца ў рамках расследавання справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.
"У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў" , - гаворыцца ў паведамленні СК.
Ранішні напад на журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне. Абнаўляецца