viasna on patreon

Эколагі Беларусі заяўляюць пра ўзмацненне ціску з боку сілавікоў

2021 2021-02-13T18:19:06+0300 2021-02-13T18:19:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cisk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляюць naviny.by, экалагічныя актывісты і арганізацыі на працягу апошніх тыдняў назіраюць рэзкае ўзмацненне ціску, што праяўляецца як у нарастаючай інтэнсіўнасці, так і ў паўсюдным характары. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якая паступіла 13 лютага ў БелаПАН і якую падпісалі Беларуская партыя «Зялёныя», экалагічнае таварыства «Зялёная сетка», грамадскае аб'яднанне «Экадом» і Беларуская антыядзерная кампанія.

"На наш погляд, арышты, адміністрацыйныя і крымінальныя справы, ператрусы, дагляды, канфіскацыя тэхнікі сталі насіць як татальны, так і мэтавы характар. Мы хочам звярнуць увагу на шэраг ператрусаў, якія па надуманых падставах праводзяцца ў экалагічных актывістаў і мясцовых жыхароў, хто спачувае ім, уладальнікаў аграсядзібаў Нарачана-Вілейскага краю: у Віцебскай і Мінскай абласцях Беларусі", — гаворыцца ў заяве.

Як адзначаюць эколагі, падстава, пад якой вядзецца гэтая дзейнасць — "вышук нейкіх суб'ектаў у рамках так званай гарадзенскай справы, калі падчас пратэстных акцый у Гродне невядомымі былі здзейсненыя дзеянні ў дачыненні да аб'ектаў уласнасці супрацоўнікаў сілавых структур".

"Вялікая (каля 300 км) адлегласць ад Гродна да пасёлкаў і хутароў Нарачана-Вілейскага краю, адсутнасць прамых хуткасных транспартных камунікацый, адсутнасць якой-небудзь, нават апасродкаванай сувязі паміж мясцовымі актывістамі экалагічнага руху і шуканымі суб'ектамі з Гродна, а таксама паўсюдны характар рэпрэсіўных дзеянняў, падводзяць на высновы аб іх рэальных прычынах. Гэта, на наш погляд, сацыяльна-экалагічная актыўнасць грамадзянаў", — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што падобныя дзеянні, накіраваныя на ўсіх экалагічна актыўных грамадзянаў і арганізацыі дадзенага рэгіёну, прыводзяць да таго, што экалагічны рух аказваецца паралізаваны, спыняецца якое-небудзь узаемадзеянне з мясцовымі ўладамі.

"Гэты працэс, на наш погляд, можа прывесці не толькі да жаданага для вертыкалі ўлады выніку, а менавіта, падаўлення пратэстнай актыўнасці, але і да спынення ўзаемадзеяння грамадзянаў з дзяржаўнымі інстытутамі па экалагічных пытаннях — да знікнення экалагічнага трэцяга сектара, які ажыццяўляў як дзейнасць па абароне навакольнага асяроддзя, так і выконваў вялікі аб'ём незалежнай экспертнай працы ў вузкіх галінах экалагічнай дзейнасці, — падкрэсліваюць падпісанты заявы. — У гэтых умовах — прававога дэфолту, адсутнасці экалагічнага грамадскага кантролю і незалежнай экспертнай супольнасці — непазбежна з'яўленне дадатковых экалагічных рызык і пагроз. Асабліва, улічваючы пуск першага энергаблока БелАЭС. У гэтых умовах цяперашняе кіраўніцтва краіны наўрад ці можа разлічваць на канструктыўнае ўзаемадзеянне на міжнародным узроўні. Суседства з Беларуссю становіцца для іншых краін экалагічна небяспечным".

Яны заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага спынення ціску на экалагічную супольнасць незалежна ад меркаванняў, якімі кіруюцца сілавыя структуры.

"Мы падтрымліваем рэзалюцыю Еўрапарламента па беларускай АЭС, якая выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, заклапочанасць ціскам на экалагічных актывістаў і экспертную супольнасць і заклікае Беларусь забяспечыць адпаведнасць міжнародным стандартам, у тым ліку ў дачыненні да ўдзелу грамадскасці. Рэпрэсіі павінны быць спыненыя, а законнасць адноўленая!" — падкрэсліваецца ў заяве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства