viasna on patreon

Пачаўся працэс над рэжысёрам Сідорчыкам. Яго судзяць за стварэнне чата для сяброў "Прагулка"

2021 2021-02-10T10:49:04+0300 2021-02-10T10:49:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sidorchyk_900.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маскоўскага раёна Мінска 9 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы супраць 31-гадовага палітзняволенага рэжысёра, акцёра і паэта Ігната Сідорчыка. Падставай для крымінальнай справы стаў створаны Ігнатам тэлеграм-чат "Прагулка", які сілавікі выявілі ў яго тэлефоне 10 жніўня. У ім Ігнат паклікаў сваіх сяброў сустрэцца 9 жніўня і распавядаў ім, у тым ліку, як карыстацца проксі серверам і дадаткамі ў выпадку блакавання інтэрнэту. Таксама яго абвінавачваюць у блакаванні руху ўвечары пасля выбараў каля кінатэатра "Беларусь" у Мінску. Першапачаткова супраць Ігната распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 КК, але потым яго перакваліфікавалі на "больш мяккі": на ч.1 арт. 342 КК. За кратамі Ігнат знаходзіцца ўжо паўгода. Справу Ігната разглядае суддзя Юрый Машкетаў. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірае за гэтым судовым працэсам. 

Ігнат Сідорчык. Фота з сацыяльных сетак
Ігнат Сідорчык. Фота з сацыяльных сетак

Хто такі Ігнат Сідорчык?

Ігнат пісаў вершы і арганізоўваў паэтычныя вечары. У 2016 годзе яны з прыяцелямі паставілі спектакль і выступілі з ім у ДК імя Шарко. Апошнім часам працаваў у рэкламнай кампаніі відэамантажорам.

У чым абвінавачваюць Ігната?

Дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе падтрымлівае пракурор Дзмітрый Падліпскі

Паводле версіі абвінавачвання, 9 жніўня ён "прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады, што пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, шляхам стварэння тэлеграм-чата "Прагулка", для размяшчэння ў ім інфармацыі з заклікамі збору ўдзельнікаў чата ў раёне кінатэатра "Беларусь" для наступнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады, што пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, шляхам ажыццяўлення блакавання транспарту, з дапамогай перакрыцця праезнай часткі, шляхам знаходжання ў счэпцы локцямі, тым самым аказваючы непадпарадкаванне супрацоўнікам улады". Па абвінавачванні Ігнат прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, калі 9 жніўня на скрыжаванні пр. Пераможцаў і вул. Мельнікайтэ "далучыўся да групы грамадзян і наўмысна ў телеграм-чаце заклікаў групу асоб сустрэцца каля кінатэатра "Беларусь" для далейшага ўдзелу ў групавых дзеяннях".

Час, у якое па версіі абвінавачвання Ігнат прыняў удзел у групавых дзеяннях: з 21:30 па 22:30 9 жніўня. Ігнат сваімі дзеяннямі ў гэтым час парушыў працу пяці транспартных сродкаў. 

Віну Ігнат прызнаў часткова: толькі пацвярджае тое, што стварыў чат "Прагулка".

Што кажа сам Ігнат на судзе?

Па словах Ігната, ён стварыў чат каля 6 раніцы 9 жніўня для таго, каб камунікаваць з сябрамі. На выпадак, калі адключаць інтэрнэт прапанаваў адразу ўсім сустрэцца ў 9 вечара каля кінатэатра "Беларусь" і пагутарыць. Удзельнікаў у чаце было каля 20-30 чалавек. Як стала вядома на судзе, Ігнат пісаў не толькі пра сустрэчу, але і пра проксі серверы, і прылады на выпадак блакавання інтэрнэту. Ігнат сцвярджае, што ў гэтым чаце нікога не заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Ён растлумачыў, што проста паклікаў сяброў сустрэцца, каб падыхаць свежым паветрам.

Ігнат Сідорчык распавядае ў судзе, што 9 жніўня цэлы дзень працаваў, выйшаў толькі прагаласаваць.

"У 19.30 стэлефанаваўся з сябрамі, сустрэліся каля Ліцэя БДУ і пайшлі ў бок кінатэатра "Беларусь".

З сабой у Ігната не было ні сімволікі, ні якіх-небудзь забаронены прадметаў, лозунгаў ён не выкрыкваў.

"Чуў толькі тое, што было нешта каля Стэлы, каля "Беларусі" нічога не было і не планавалася".

Па словах Ігната, ён прабыў каля "Беларусі" з кампаніяй каля хвілін 30.

"На скрыжаванні Мельнікайтэ і Заслаўскай убачылі натоўп і частка яго пабегла ў іх бок. Каля 21:50 спалохаліся і пабеглі назад праз двары. Вырашылі сысці ў бяспечнае месца, таму пайшлі ў бок Кастрычніцкай вуліцы".

Як распавядае Ігнат, ён бачыў на Мельнікайтэ спецмашыны, але супрацоўнікаў не бачыў. Ігнат на судзе падкрэсліў, што ён апалітычны.

На судзе аналізуюць перапіску чата. У ім маецца перасланае паведамленне з канала, які прызнаны экстрэмісцкім.

"Паведамленне ад Нехты пераслаў з мэтай засцерагчы сяброў, каб не хадзілі там, дзе заварушка", — кажа Ігнат.

Суддзя дапытвае Ігната з нагоды выбару мессенждэра, проксі серверах

У чаце "Прагулка" было каля 100 чалавек. Суддзя здзівіўся, што чат быў адкрыты: 

"Чат не быў створаны з мэтай дэзарганізацыі грамадства ў Мінску, так?"

Суддзя Юрый Машкетаў дапытвае палітвязня на судзе:

— А чаму менавіта телеграм?

— Ну зручна проста.

— А вам было вядома, што адключаць інтэрнэт?

— Так. У мяне праца звязана з інтэрнэтам, таму мой кіраўнік скінуў у працоўны чат проксі серверы, каб можна было пазбегнуць адключэння.

— Вамі ў чат было дададзена 25 сяброў, то бок астатніх 75 дадалі ўжо вашыя сябры, так?

— Так.

— Калі вы хацелі апавясціць сяброў аб сустрэчы, то чаму стваралі менавіта адкрыты чат?

— Я ў гэтым не разбіраюся.

Праз 10 хвілін:

— Ну ўсё ж такі, чаму менавіта ў тэлеграме, а не ў вайбере, напрыклад? І адкуль усё ж такі стала вядома, што будзе блакавацца інтэрнэт?

Суддзя працягвае задаваць пытанні Ігнату з нагоды проксі сервера:

— Ці тлумачылася вамі ў гэтым чаце як выкарыстоўваюцца проксі серверы, каб можна было атрымаць доступ да чатаў?

— Эм, як выкарыстоўваць проксі серверы?

— Так, тлумачыліся Вамі ці кім-небудзь з удзельнікаў чата?

— Мне патлумачылі на працы, а я нікому.

Сідорчык распавядае на судзе, што яны з сябрамі ішлі па тратуары, адпаведна, не маглі перашкаджаць працы транспарту, а тым больш прадпрыемстваў. Паводле яго словаў, да яго супрацоўнікі міліцыі з ніякімі патрабаваннямі не звярталіся і не падыходзілі, таму што яны "не парушалі грамадскі парадак".
Светлашумавыя гранаты супрацоўнікі выкарыстоўвалі, калі ўжо вярнуліся да кінатэатра. Ігнат пісаў у чаце: "У пекла таксама не палезем, беражэм сябе".

Сідорчык вярнуўся дадому а 5-й раніцы 10 жніўня.

Затрымалі, калі выйшаў па цыгарэты

Ігната затрымалі 10 жніўня паблізу крамы "Суседзі" на праспекце Незалежнасці. Увечары 10 жніўня ён выйшаў у магазін за цыгарэтамі, але дахаты ўжо не вярнуўся. Праспект у гэты час ужо быў перакрыты. Ён узяў пашпарт, так як ведаў, што могуць праверыць. Ён перайшоў праз дарогу да крамы, у яго папрасілі дакументы і праверылі заплечнік. Яго папрасілі прайсці ў службовы транспарт, дзе сказалі разблакаваць тэлефон, пасля чаго і павезлі на Акрэсціна. Як патлумачыла ягоная сяброўка ў судзе, іх агульны сябар паведаміў, што патэлефанаваў Ігнату, але слухаўку ўзяў незнаёмы чалавек. Дзяўчына вырашыла праверыць і патэлефанавала сама. Ёй адказаў чалавек з хрыплым голасам і прадставіўся Ігнатам. Так сябры зразумелі, што Ігнат затрыманы.

"Тут нешта страшнае адбываецца, таму давайце пойдзем дадому"

У судзе ў першы дзень паседжання былі дапытаныя шэсць сведак абароны: сябры Ігната, якія знаходзіліся ў чаце "Прагулка", а таксама яго калега.

Сябар Ігната Аляксей, з якім яны сябруюць каля 10 гадоў, распавёў, што яны часта сустракаліся з сябрамі позна ўвечары. Ён таксама знаходзіўся ў чаце "Прагулка": не ведае, хто яго туды дадаў. Прабыў там 1-2 дня. 9 жніўня сустракаўся з Сідорчыкам і іншымі сябрамі на Кастрычніцкай каля 12 ночы. Хлопцы распавядалі Аляксею, як дайшлі да яго, на што ён сказаў: "Дайшлі жывыя і добра".

Сяброўка Юлія распавяла, што да 14 гадзін 9 жніўня ў чаце "Прагулка" было ўжо каля 100 чалавек. Дзяўчына патлумачыла ў судзе, што гэта быў выключна чат для камунікацыі. 9 жніўня яна была ў кампаніі Ігната каля кінатэатра "Беларусь". Паводле яе словаў, яны проста сядзелі на парапеце і глядзелі, былі "назіральнікамі", потым вырашылі пайсці паглядзець, што там адбываецца. Пайшлі ўніз па вуліцы Мельнікайтэ, але на іх пачалі бегчы людзі.

Яшчэ адзін сведка Сяргей распавёў, што яны сустрэліся з Ігнатам і іншымі хлопцамі 9 жніўня каля кінатэатра "Беларусь" і селі піць гарбату, якую ён прынёс. Але, па яго словах, "вакол пачалася поўная блытаніна". Яны спусцілі па вуліцы Мельнікайтэ і Ігнат прапанаваў разыходзіцца:

"Тут нешта страшнае адбываецца, таму давайце пойдзем дадому".

У гэты момант яны ўбачылі натоўп каля 100-200 чалавек, які бег ім насустрач. Пракурор паспрабаваў высветліць, чаму пабеглі разам з астатнімі людзьмі.

Калега Ігната распавёў, што ён скінуў у працоўны чат проксі сервера, якімі займаюцца сістэмныя адміністратары. Растлумачыў, што скінуў іх для працы, каб заўсёды былі падлучаныя да сеткі.

Продложение працэсу прызначана на 16 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства