Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць на сайце Беларускага Радыё Рацыя па любых са спасылак тут, альбо тут.
Анонс праграмы на 2 лютага:
Хроніка: Што зараз ацэньваецца у якасці несанкцыянаванага масавага мерапрыества? Вось некалькі гісторый: дапамога бяздомным, бел-чырвона-белы сцяг на ўласным балконе, інтэрнэт-стрым цягам трох хвілін. У Віцебску ж правялі судовыя паседжанні, якія увайдуць у гісторыю: наўпрост у міліцэйскім пастарунку ў нядзелю цягам васьмі гадзін асудзілі 13 чалавек — працягвалася гэта да поўначы, а хуткая дапамога прыязджала тройчы.
Асоба: У якіх умовах на Акрэсціна знаходзяцца затрыманыя? “На ўваходзе ляжаў бел-чырвона-белы сцяг. Ногі аб яго, канешне, ніхто не выціраў, але наступіць прыйшлося”. А ў камеры, разлічанай на 5 чалавек, было 13 чалавек — пра свой досвед распавядзе мінчук Дзмітрый Кубракоў.
Крымінальны пераслед:
- “Ён дапамагаў людзям — і мы не чакалі, што ён сам апынецца ў такой сітуацыі”, — кажа Аксана, жонка праваабаронцы “Вясны”, а зараз — палітзняволенага Леаніда Судаленкі.
- “Мы бачылі, як ў жніўні збівалі дзяўчат”, — распавядае Анастасія, жонка палітзняволенага Алега Фаміна пра інцыдзент, за які ён быў асуджаны на паўтара гады.
- “Я зразумеў, што сапраўдныя мужчына таксама плачуць”, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Міронаў пасля вынясення прысуду Віктара Барушкі, якога пакаралі на пяць гадоў.
Між іншым паглядзім, колькі каштуе “абраза” прадстаўніка ўлады.
Каментар: Змены ў крымінальным кодэксе рыхтуюцца ў Беларусі. А дакладней — узмацненне крымінальнай адказнасці за экстрэмізм. Пра гэта заявіў у эфіры СТВ Генеральны пракурор краіны Андрэй Швед. Пад “экстэмісцкія фарміраванні” могуць трапіць і праваабарончыя арганізацыі. А пад “эсктрэмісцкую сімболіку” — бел-чырвона-белы сцяг. Як жа ўсё гэта можна асэнсаваць? “Гэта ўсё ўжо было і ў Савецкія часы”, — сваю ацэнку дасць старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні Avias.