viasna on patreon

"Так як нікога не знайшлі, то вырашылі павесіць на мяне". Пачаўся суд за абразу жонкі супрацоўніка АМАПа

2021 2021-01-27T09:34:55+0300 2021-03-10T17:53:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_centralny_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). На лаве падсудных – 31-гадовы Алег Зубрыцкі. Суддзя – Вікторыя Шабуня.

Пацярпелая – А. І. Навумчык, якая з'яўляецца жонкай супрацоўніка АМАПа А. А. Навумчыка. Сам жа ён праходзіць па гэтай справе ў якасці сведкі.

Па матывах палітычнай варожасці

Як паказвае абвінавачванне, Алег Зубрыцкі, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Беларусі і рознымі палітычнымі поглядамі, пагражаў прымяненнем гвалту ў дачыненні да А. І. Навумчык, а менавіта 14 жніўня 2020 года адправіў ёй SMS-паведамленне з пагрозамі прымянення гвалту ў выглядзе згвалтавання ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці яе мужа А. А. Навумчыка — такім чынам Зубрыцкі здзейсніў пагрозу прымянення гвалту.

Сваю віну Алег Зубрыцкі не прызнаў. На судовым пасяджэнні ён растлумачыў, што глядзеў навіны і бачыў там, як збівалі і затрымлівалі людзей падчас пратэстных акцый з 9 жніўня — не толькі непасрэдных удзельнікаў, але і проста выпадковых мінакоў. Убачыўшы ў тэлеграм-канале "Каратели Беларуси" пост з дадзенымі жонкі А. А. Навумчыка, ён вырашыў ёй патэлефанаваць, каб удакладніць у самога супрацоўніка АМАП: "ці затрымліваў ён усіх запар альбо толькі парушальнікаў?”. Адзіным матывам Алега быў "праверыць інфармацыю", а пагроз ён ніякіх не ўжываў. Ён патэлефанаваў жонцы А. А. Навумчыка, а не яму самому, толькі таму, што менавіта яе дадзеныя былі пазначаны ў пасце. Аднак нумар быў недаступны.

Затым Алег прыкладна цягам тыдня таксама рабіў спробы званкоў некалькім супрацоўнікам Цэнтральнага РУУС горада Менска — каб задаць тыя ж самыя пытанні. Алег падкрэсліў, што хацеў проста праверыць інфармацыю — аднак тэлефоны былі недаступныя. Адзін з супрацоўнікаў усё ж адказаў —і папрасіў Алега больш не тэлефанаваць. Але неўзабаве ператэлефанаваў яму і ўдакладніў у Алега яго прозвішча, імя. Той іх спраўдзіў.

Адміністрацыйны пераслед і катаванні

15 верасня 2020 года Алег быў затрыманы, а на наступны дзень асуджаны па артыкуле 23.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). На тым судовым пасяджэнні ён прызнаў віну цалкам — аднак зрабіў гэта з-за пагроз:

"Мяне вывелі ноччу, сказалі ўстаць на калені, і супрацоўнік, які быў на змене, падышоў і даваў мне ляшчоў", — растлумачыў Алег падчас свайго судовага паседжання па крымінальнай справе.

Допыты, якія перараслі ў крымінальную справу

Судовае пасяджэнне па гэтай адміністрацыйнай справе скончылася для Алега штрафам. Пасля яго заканчэння (праходзіла яно з дапамогай відэаканферэнцсувязі) Алега адвялі "ў пакой" — задавалі пытанні "каму і навошта тэлефанаваў".

18 верасня Алега выклікалі ў РУУС і зноў дапыталі "больш дэталёва" па тых, каму Алег тэлефанаваў. У той жа дзень канфіскавалі мабільны тэлефон Алега, аднак адпаведных працэсуальных дакументаў пры гэтым не афармлялі. Пасля гэтага свой тэлефон Алег не бачыў.

Упершыню па факце адпраўлення паведамлення на нумар Навумчык Алега дапыталі 7 кастрычніка 2020 года — рабілі гэта ва Упраўленні ўласнай бяспекі. Затым 20 кастрычніка Алега зноў затрымалі і зноў дапыталі. Крымінальную справу на Алега распачалі 20 кастрычніка, а праз два дні правялі яшчэ адзін дадатковы допыт.

Спачатку было не SMS, а Viber

Допыты 20 і 22 кастрычніка былі прысвечаныя таму, ці адпраўляў Алег паведамленне А. І. Навумчык з дапамогай мэсэнджар Viber 12 жніўня. Аднак аказалася, што на той момант Алег там не быў зарэгістраваны — што пацвердзілася электронным лістом ад Viber.

Нагадаем, што абвінавачванне ў Зубрыцкага легла адпраўка ім SMS-паведамлення Навумчык, датаванае 14 жніўня.

Згодна з узятым білінгам званкоў, на нумар А. І. Навумчык сапраўды прыйшло нейкае паведамленне 14 жніўня (яго тэкст білінг не паказвае). Алег гэта тлумачыць проста: калі ён патэлефанаваў, тэлефон А. І. Навумчык быў недаступны. Затым, мабыць, яна ўключыла тэлефон — і на яе нумар прыйшло SMS-апавяшчэнне аб прапушчаным званку.

“За што помсціць?" Дзіўны скрыншот як доказ віны

У матэрыялах справы Алега Зубрыцкага маецца скрыншот SMS-паведамлення, атрыманага Навумчык 14 жніўня (дзе і напісаны, згодна з абвінавачваннем, пагрозы да яе). Аднак Алег сцвярджае, што "скрыншот можа зрабіць хто заўгодна" і звяртае ўвагу на адну асаблівасць:

"У скрыншоце зверху, дзе [аўтаматычна ставіцца] дата – стаяла "сёння". Але ж [на месцы] "даты" павінна было б стаяць "14 жніўня", калі паведамленне даслана 14-га [як указана ў абвінавачанні – Заўв.]. А гэты скрыншот зроблены ў 20-х чыслах снежня”.

“Як вы думаеце, хто мог гэта здзейсніць па адносінах да вас?", – спытала суддзя.

"Мне не вядома. Гэта мог зрабіць любы чалавек".

"Для чаго?”

"Можа быць у якасці нейкай помсты, [таму] што я тэлефанаваў...”

"Хто вам можа помсціць і за што?”

"Ну можа тыя, каму я тэлефанаваў, можа Навумчык... але я не сцвярджаю, я не ведаю“

"Але вы ж казалі, што [пры званках] вы нічога дрэннага не пыталіся і што вы сябе агаварылі [па адміністрацыйнай справе — Заўв.]. Вы паведамілі суду, што паводзілі сябе годна ва ўсіх вашых званках, куды паспелі датэлефанавацца. Для чаго вам помсціць? За што? “

"Бо яны нікога не знайшлі, то вырашылі павесіць на мяне…“

Працяг судовага працэсу па крымінальнай справе ў дачыненні да Алега Зубрыцкага запланаваны на 2 лютага ў 14.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства