Сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў Дапоўнена
Сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Мазырчук Руслан Парфёнаў падчас выбарчай кампаніі займаўся зборам подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кадыдатам на прэзідэнта ў Мазыры, Калінкавічах, Хойніках, Нароўлі, Лельчыцах і Жыткавічах. 6 жніўня яго затрымалі, а 7 жніўня правялі закрытае судовае паседжанне, падчас якога прызналі вінаватым у хуліганстве і прысудзілі 10 сутак арышту.
Як паведамляе "Палеская Вясна", 8 жніўня, напярэддані асноўнага дня галасавання па выбарах прэзідэнта, на тэлеканале ОНТ паказалі сфальсіфікаваны сюжэт, у якім Руслана Парфёнава з Мазыра абвінавацілі нібыта ў вырабе нейкіх «вожыкаў» для спынення транспарту. Пры гэтым у ролі Парфёнава паказалі зусім іншага чалавека, нават вонкава не падобнага на сапраўднага Руслана.
17 жніўня Руслан Парфёнаў выйшаў з ІЧУ, адбыўшы адміністрацыйнае пакаранне, а 19 жніўня яго затрымалі зноў. З таго часу ён утрымліваўся ў Мінску ў ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага. Пазней стала вядома, што Руслана Парфёнава абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў).
9 студзеня ў судзе Мазырскага раёна павінна было пачацца судовае паседжанне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках над Русланам Парфёнавым. У фае суда перад пачаткам паседжання сабраліся некалькі дзясяткаў жыхароў горада. Але ў абвестцы на стэндзе з раскладам паседжанняў было пазначана, што паседжанне будзе закрытым. Ахова суда не прапускала ў памяшканне тых, хто прыйшоў на паседжанне да Парфёнава.
Судзіць Руслана Парфёнава старшыня суда Мазырскага раёна Анатоль Стрэльчанка. Ніякіх тлумачэнняў аб прычынах закрытасці судовага паседжання атрымаць не ўдалося. Кіраўнік Мазырскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун падаў скаргу на тое, што судовае паседжанне абвешчана закрытым.
Перад пачаткам судовага паседжання у залу паседжанняў увайшоў пракурор Мазырскага раёна Сяргей Сініцкі, які, імаверна, выступае абвінаваўцам у працэсе. Таксама на паседжанне з’явіўся дзяржаўны адвакат з юрыдычнай кансультацыі Мазырскага раёну Анатоль Лапцеў.
Маці Руслана Парфёнава Людмілу, якая прасілася хаця б пабачыцца з сынам, таксама не дапусцілі ў залу паседжанняў.
Як удалося высветліць, у сувяззю з хваробай адваката Руслана Парфёнава, у судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 2 лютага.
Пасля таго, як удзельнікі судовага паседжання пачалі разыходзіцца з залы, людзі, якія прыйшлі падтрымаць Руслана Парфёнава, выйшлі на вуліцу да выезду з брамы суда, каб пабачыць, як яго будуць вывозіць і неяк падтрымаць. Аўтазак доўга не выязджаў з тэрыторыі суда, а калі выехаў, дык уключыў мігалкі і сірэну, каб заглушыць воклічы жыхароў горада.