Да пяці гадоў пазбаўленя волі пагражае Уладзіміру Хамічкову за супраціў супрацоўнікам АМАПу Дапоўнена
14 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Мінску пачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай ў дачыненні да 20-гадовага студэнта Акадэміі авіяцыі Уладзіміра Хамічкова па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь - ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх") і ч. 2 арт. 363 ("Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення").
Справу вядзе суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржаўны абвінаваўца - пракурор Жураўлёва, абаронца – адвакат калегіі Цэнтральнага раёну Васільеў.
Справа тычыцца падзеяў 14 ліпеня 2020 году, калі ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатамі на выбарах прэзідэнта краіны экс-банкіру Віктару Бабарыку і першаму дырэктару беларускага Парку высокіх тэхналогій Валерыю Цапкалу. У сталіцы, а таксама Брэсце, Гомелі, Магілёве і Гродна прайшлі акцыі пратэсту.
У Мінску ў другой палове дня быў перакрыты праспект Незалежнасці ў цэнтры горада, сотні людзей без сцягоў і плакатаў проста ішлі па вуліцы ці выстройваліся ў “ланцуг салідарнасці", пляскалі ў далоні. Акцыі суправаджаліся затрыманнямі з ужываннем сілы, а дзе-нідзе і сутычкамі з міліцыяй.
Згодна абвінавачанню Уладзімір Хамічкоў быў затрыманы за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на прыступках рэстарану KFC на перакрыжаванні вуліцы Няміга і праспекту Пераможцаў.
Варта адзначыць, што тады на затрыманага быў складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 23.34 КаАП, згодна з якім Уладзімір Хамічкоў быў пакараны штрафам ў памеры 35 базавых велічынь (945 руб). Адразу ж ў дачыненні да яго была ўзбуджана і крымінальная справа.
Пацярпелымі па справе праходзяць 8 супрацоўнікаў АМАП (Апячонак, Зіноўеў, Бутрым, Гуцін, Асколкаў, Кудзін, Каспяровіч, Пікулік).
На пачатку судовага працэсу пацярпелы Бутрым заявіў калектыўнае хадайніцтва аб закрыцці судовага паседжання для абвяшчэння анкетных дадзеных супрацоўнікаў праваахоўных органаў у мэтах забеспячэння пацярпелым бяспекі, паколькі ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне на іх аказваецца ціск. Пярэчанняў з іншага боку не было, суддзя задаволіла хадайніцтва.
Другое хадайніцтва – спагнаць з абвінавачанага грашовыя сродкі ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Суддзя адказала, што гэтае хадайніцтва заяўляецца пазней.
Абвінавачаны заявіў хадайніцтва, каб ягоны допыт адбыўся пасля выступу пацярпелых і выступу сведак. Пярэчанняў не было, суддзя пастанавіла наступны парадак разгляду справы:
- допыт пацярпелых
- допыт сведкаў
- допыт абвінавачага
- вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы і рэчавых доказаў.
Пра што казалі сведкі ў сваіх паказаннях?
У першай палове паседжання быў апытаны толькі адзін пацярпелы – супрацоўнік 4-й аператыўнай роты Апячонак. Згодна ягоным сведчанням, у гэты дзень ён нёс службу па ахове грамадскага парадку пад кіраўніцтвам старэйшага групы Лесуна ў складзе 15 чалавек у форменным адзенні: чорная форма, дубінка, кайданкі, радыястанцыя і пярцовы балончык. Спачатку іх група знаходзілася на праспекце Незалежнасці каля Цырку, калі сцямнела, пераехалі на Нямігу. Каля 23 гадзінаў на Пераможцаў,1 супрацоўнікі міліцыі заўважылі вялікую групу грамадзянаў, якія адмаўляліся выканаць законныя патрабаванні, публічна выкрыквалі лозунгі “Ганьба”, “Свабоду Ціханоўскаму”, “Жыве Беларусь”, і Хамічкоў прымаў актыўны удзел у такіх дзеяннях, далучыўшыся да гэтых людзей. Ці выкрыкваў лозунгі асабіста абвінавачаны, пацярпелы не памятае.
Па словах АМАПаўца Апячонка, ён пабачыў, як Хамічкоў на прыступках рэстарану KFC знаходзіўся побач з пацярпелым супрацоўнікам міліцыі Бутрымам і ці то нанёс яму ўдар, ці то хацеў нанесці, бо Бутрым, пахіснуўшыся, зрабіў крок назад, магчыма, ухіліўшыся такім чынам. Затым Хамічкоў стаў уцякаць і ўскочыў унутр рэстарану, Бутрым кінуўся за ім, іншыя супрацоўнікі таксама следам забеглі ў KFC. Апячонак убачыў, што Хамічкоў аказвае супраціў пры затрыманні, размахвае рукамі і ўпіраецца нагамі. У рэстаране слізкая падлога, Апячонак паспрабаваў схапіць Хамічкова за руку, той яе выдзёргіваў і, паслізнуўшыся, упаў. Таксама абвінавачаны хапаўся за яго форменнае адзенне, у выніку чаго парваў правую кішэню на штанах, адарваў шэўрон на правым рукаве кіцеля Апячонка. Людзі ў рэстаране крычалі, здымалі на тэлефоны. Усіх падрабязнасцяў і як канкрэтна дастаўляўся абвінавачаны ў аўтазак, дакладна не памятае, бо заставаўся даўжэй за ўсіх і апошнім з аператыўнай групы выйшаў з рэстарану. Спаслаўся на тое, што ўсе паказанні ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы – рапарце, пратаколах допытаў і вочнай стаўкі.
Былі агалошаны паказанні пацярпелага з матэрыялаў справы.
Таксама пацярпелы ўказаў, што хоць абвінавачаны і прымяніў гвалт у дачыненні да тых, хто яго затрымліваў, асабіста яму мэтанакіраваных удараў ён не наносіў і цялесных пашкоджанняў не нанёс. Пашкоджанні вопраткі склалі 52 рублі 20 капеек.
Пацярпелы Апячонак папрасіў суд аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры 2500 рублёў, звязанай з размяшчэннем адпаведных відэаматэрыялаў у інтэрнэце, якія выклікалі зняважлівыя і абразлівыя каментары, ад чаго ён кепска спаў і адчуваў прыгнечанасць. Спагнаныя грашовыя сродкі мае намер ахвяраваць НПЦ дзіцячай анкалогіі.
Пасля перапынку было дапытана яшчэ пяцёра пацярпелых.
Першы з іх схаваў свае дадзеныя: каб высвятліць яго асобу суддзя закрыў судовае пасяджэнне і папрасіў прысутных пакінуць залу. Пасля слухачы былі запрошаныя і пачаўся допыт пацярпелага. Гэты супрацоўнік АМАПу непасрэдна затрымліваў Хамічкова. Ён растлумачыў, што прыблізна ў 23.00 ён у раёне Нямігі ўбачыў несанкцыянаваны масавы сход людзей, і яны з калегамі вырашылі правесці затрыманне самых актыўных асобаў. У раёне пр. Пераможцаў, 1 Хамічкоў, які знаходзіўся ў натоўпе пратэстоўцаў, замахнуўся на пацярпелага, альбо ён хацеў ударыць, альбо адштурхнуць яго. Дакладней пацярпелы сказаць не можа, бо не памятае падрабязнасцяў таго, што адбывалася. Пацярпелы паспеў ухіліцца і ні ўдару, ні штуршка ён не адчуў. Затым ён убачыў, як Хамічкоў з іншымі асобамі пабег у рэстаран KFC. Пацярпелы пабег за ім і ўжо ў рэстаране затрымліваў падсуднага. Пры затрыманні хлопец аказваў супраціў, махаў ва ўсе бакі рукамі і нагамі і не даваў завесці рукі за спіну. Далей, калегі-АМАПаўцы дапамаглі яму затрымаць Хамічкова з прымяненнем фізічнай сілы.
Пасля затрымання пацярпелы ўбачыў, што ў яго парваная форма ў раёне пахвіны, і лічыць, што гэта было зроблена дзеяннямі Уладзіміра Хамічкова, бо падчас затрымання ён хапаўся за яго вопратку.
У паказаннях дадзенага пацярпелага, якія былі дадзены ў ходзе судовага пасяджэння, рапарце і падчас папярэдняга следства маюцца разыходжанні. Так, падчас папярэдняга следства пацярпелы паказаў, што Хамічкоў кінуў у яго пластыкавы стакан, але не патрапіў, а таксама запусціў у яго іншым плацікавым стаканам у рэстаране KFC. У рапарце, складзеным на наступны дзень пасля затрымання, гэтыя звесткі адсутнічаюць. У ходзе судовага пасяджэння гэтыя "факты" таксама не абвяшчаліся.
Таксама, у судовым пасяджэнні пацярпелы растлумачыў, што ведае Хамічкова па тых падзеях, што апісвае, на пытанне абаронцы: "Абвінавачаны і хлопец, якога вы затрымлівалі, гэта адна і тая ж асоба?", пацярпелы растлумачыў, што так. Але на момант дачы паказанняў следчаму, сведку былі паказаныя скрыншоты відэазапісу затрымання, і ён указвае, што пазнае толькі сябе.
На мноства пытанняў абаронцы пацярпелым даваўся адказ, што ён не можа даць тлумачэнні ў сувязі з даўнасцю падзей.
Пацярпелы заявіў, што патрабуе ад абвінавачанага кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 2500 руб.
Далей былі дапытаныя яшчэ чацвёра пацярпелых, таксама супрацоўнікаў АМАП. Паводле пратаколаў допыту ў якасці пацярпелых, складзеных пры папярэднім следстве, на скрыншотах відэазапісу, супрацоўнікі пазнаюць толькі сябе. Але ў судовым пасяджэнні тлумачаць, што Уладзімір Хамічкоў і з'яўляецца той асобай, якая ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Абаронца кожнаму з пацярпелых задаў пытанне: “Па якіх прыкметах вы вызначылі, што гэта быў менавіта ён?” Ні адзін з пацярпелых патлумачыць гэта не змог.
Кожным з іх было ўказана на тое, што Хамічкоў не прычыніў нікому з супрацоўнікаў цялесных пашкоджанняў, гвалту або пагрозы гвалту з боку падсуднага не было.
Пятым пацярпелым, якому Хамічкоў быў перададзены пасля затрымання для яго памяшчэння ў службовы транспарт і дастаўлення ў РУУС, было заяўлена, што супраціву Хамічкоў не аказваў, хутчэй непадпарадкаваўся законнаму патрабаванню прайсці ў службовы транспарт.
Пасяджэнне працягнулася допытам астатніх пацярпелых 15 студзеня ў 10.00.
Так супрацоўнік АМАП Пікулік не бачыў і не ведае, за што быў затрыманы Хамічкоў. Убачыў, што двое калегаў забеглі ў кафэ. Паступіла каманда дапамагчы ім. Усе былі ў масках. Двое калегаў спрабавалі затрымаць маладога чалавека: у той момант не бачыў яго твару, бо абвінавачаны ляжаў на падлозе. Падсудны спрабаваў стаць на калені, у сувязі з чым моцна махаў нагамі.
У пратаколе апытання ёсць фраза, што Хамічкоў спецыяльна не наносіў удараў гэтаму пацярпеламу, а свой крывападцёк на правай назе ў ніжняй частцы галёнкі меркавана атрымаў, бо спрабаваў схапіць Хамічкова за ногі, каб супакоіць яго. Па меддапамогу пацярпелы не звяртаўся, ад судмедэкспертызы адмовіўся.
Пазней, убачыўшы фота ў Інтэрнэце, зразумеў, што гэта абвінавачаны. Даверыўся інфармацыі з сеткі Інтэрнэт. У канцы апытання спытаў у суддзі: "Калі абвінавачаны скажа, што ўдары наносіў спецыяльна, ці змагу звярнуцца па матэрыяльную кампенсацыю?"
Яшчэ адзін супрацоўнік АМАП распавёў суду, што знаходзіўся ў мікрааўтобусе, назіраў за становішчам і спрабаваў выявіць асабліва агрэсіўных і актыўных грамадзянаў.
Непасрэдна Хамічкова не затрымліваў. Супрацоўнікі прывялі і перадалі яго гэтаму пацярпеламу каля машыны. Пры пагрузцы ў аўто затрыманы схапіўся за форму і ўпіраўся нагамі аб бардзюр. Пазней менавіта гэты супрацоўнік афармляў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Уладзіміра Хамічкова.
Візуальна ў натоўпе памятае Хамічкова: моцна агрэсіўным не быў, але быў актыўным, пляскаў у ладкі.
Дадзены супрацоўнік не лічыць сябе пацярпелым і прэтэнзій да затрыманага не мае. Лічыць, што Уладзімір Хамічкоў аказаў яму непадпарадкаванне, але не больш.
На ўдакладняючае пытанне суда, што мае на ўвазе пад актыўным удзельнікам ён растлумачыў, што актыўныя ўдзельнікі падахвочваюць натоўп, стаяць мэтанакіравана. Побач з падсудным стаялі і іншыя людзі, якія падбухторвалі натоўп, пляскалі ў далоні, выкрыквалі лозунгі.
Інфармацыя будзе дапоўненая.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.
Каго яшчэ асудзілі за падзеі 14 ліпеня ў Мінску:
Да чатырох гадоў калоніі асудзілі мінчука за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 14 ліпеня
Іллю Туркова асудзілі да чатырох гадоў калоніі за падзеі 14 ліпеня
За штуршок у спіну АМАПаўца 14 ліпеня мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"
Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"
20-гадовага мінчука асудзілі за падзеі 14 ліпеня па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса