viasna on patreon

Яшчэ адна крымінальная справа па падзеях 14 ліпеня разглядаецца ў Першамайскім судзе Дапоўнена

2021 2021-01-06T10:55:24+0300 2021-01-14T23:44:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalinouski_jaugen_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Каліноўскі ў судзе. Фота spring96.org

Яўген Каліноўскі ў судзе. Фота spring96.org

5 студзеня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска пачаўся яшчэ адзін судовы працэс па падзеях 14 ліпеня каля станцыі метро Плошча Перамога – там адбылася сутычка супрацоўнікаў АМАПу, якія праводзілі грубыя затрыманні, і грамадзянаў, што спрабавалі ім супрацьстаяць.  

На лаве падсудных 22-гадовы студэнт БДУ Яўген Каліноўскі, якога вінавацяць у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). Хлопец быў затрыманы 27 ліпеня і з таго часу знаходзіцца пад вартай.

Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч. Дзяржабвінаваўца – Зубко.

Пацярпелыя – два супрацоўнікі АМАП Ігар Астапук і Алег Баразноў. Ігар Астапук ужо ўдзельнічаў у працэсе над Іллём Турковым, якого асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі.

Сваёй віны ў судзе Яўген Каліноўскі не прызнаў. Прасіў у якасці абаронцы дапусціць у судовы працэс яго бацьку, аднак суд адмовіў у хадайніцтве.

Што ставіцца ў віну Яўгену Каліноўскаму? 

Паводле абвінавачвання, Яўген Каліноўскі 14 ліпеня не пазней 20 гадзін прыбыў на праспект Незалежнасці ў Мінску, дзе з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў АУС. Абвінавачаны далучыўся да групы грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ва ўказаных супрацьпраўных дзеяннях, знаходзіўся ў счэпцы лакцямі ў першых шэрагах масавага мерапрыемства, публічна выкрыкваў лозунгаў, гучна пляскаў у далоні.

Ён жа, знаходзячыся каля дома 31а на праспекце Незалежнасці, наўмысна з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў АУС, ужыў гвалт у дачыненні да Алега Баразнова – нанёс адзін удар кулаком у галаву, пасля гэтага схапіў яго рукамі за шыю і паваліў на зямлю, а затым нанёс пацярпеламу адзін удар каленам у галаву і адзін удар нагой у галаву, пасля чаго збег.

У выніку злачынных дзеянняў Яўген Каліноўскі прычыніў Баразнову пабоі і фізічны боль, а таксама лёгкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя ў выглядзе закрытай чэрапна-мазгавой траўмы лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу і крывападцёкаў на твары.

Там жа наўмысна ўжыў гвалт у дачыненні да Ігара Астапука, падбегшы да пацярпелага і з разгону штурхнуўшы яго двума рукамі ў спіну, з-за чаго пацярпелы страціў раўнавагу, аднак паспеў схапіць Каліноўскага за рукаў верхняга адзення, хацеў яго затрымаць. У сваю чаргу Каліноўскі наўмысна аказаў супраціў Астапуку, спалучаны з прымяненне гвалту, а менавіта зрабіў кулёк праз галаву спіной наперад, штурхнуў двума нагамі Астапука ў тулава, згрупаваўся, падціснуўшы да сябе рукі і ногі, нанёс пацярпеламу два ўдары нагой у галаву, пасля чаго вырваўся з захопу і збег. У выніку сваіх дзеянняў падсудны прычыніў пацярпеламу пабоі і фізічны боль, цялесныя пашкоджанні, якія  не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя, у выглядзе ранак кісцей рук, а таксама пашкодзіў рукаў форменнай курткі коштам 23 рублі 51 капейка.

kalinouski_sud1.jpg
Пацярпелы Ігар Астапук і абвінавачаны Яўген Каліноўскі ў момант спробы затрымання апошняга. Скрыншот з відэа TUT.BY
kalinouski_sud2.jpg
Пацярпелы Ігар Астапук і абвінавачаны Яўген Каліноўскі ў момант спробы затрымання апошняга. Скрыншот з відэа TUT.BY

Віна Яўгена Каліноўскага, па меркаванні дзяржабвінаваўцы, пацвярджаецца паказаннямі абвінавачанага і пацярпелых, пісьмовымі матэрыяламі справы.

Паказанні пацярпелых АМАПаўцаў

Ігар Астапук у судзе распавёў, што быў на службе ў месцы названых падзей, там было шмат людзей, якія выкрыквалі лозунгі «Жыве Беларусь», «Стоп таракан», «Фашысты», стаялі ў счэпцы. Яны з іншымі супрацоўнікамі АМАП, у прыватнасці з напарнікам Віталём Самалётавым, неаднаразова падыходзілі да грамадзянаў і казалі, што мерапрыемства з'яўляецца несанкцыянаваным. Але людзі не рэагавалі. Па словах пацярпелага, Каліноўскі пляскаў у ладкі, але не памятае, ці выкрыкваў той лозунгі. 

Потым паступіла каманда затрымліваць найбольш актыўных удзельнікаў, Ігар Астапук з напарнікам затрымалі аднаго такога ўдзельніка, вялі ў спецтранспарт, але пры ўздыме на горачку, Самалётава ўдарылі нагой у спіну, ён упаў. У гэты ж момант да пацярпелага падбег Яўген Каліноўскі, двума рукамі штурхнуў у спіну, Астапук паспеў павярнуцца, схапіць яго за кофту, разам яны скаціліся ўніз, далей спрабаваў затрымаць падсуднага, але з усіх бакоў сталі падбягаць людзі, біць яго і Самалётава. Калі людзі спрабавалі адцягнуць Каліноўскага ад пацярпелага, падсудны некалькі разоў ударыў нагамі Астапука ў галаву - спецыяльна ці адмахваючыся, пацярпелы не ведае. Пасля гэтага пацярпелы быў на лячэнні ў шпіталі МУС на працягу 8 дзён. 

Таксама Ігар Астапук заявіў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, якую збіраецца накіраваць на падтрымку дзіцячага дома. 

Абаронца Яўгена Каліноўскага ўказаў на шэраг супярэчнасцеў у паказаннях Ігара Астапука: пацярпелы падчас папярэдняга следства не казаў, што менавіта абвінавачаны наносіў яму ўдары пры затрыманні, і не змог дакладна ўказаць, у які момант у яго з’явіліся драпіны на руках і кім яны былі яму нанесеныя, бо не звярнуў на гэта ўвагі. Аднак пасля прагляду відэазапісу падчас апошняга допыта напрыканцы лістапада 2020 года і ў судзе Ігар Астапук упэўнена заяўляў пра тое, што драпіны на руках былі нанесеныя яму з-за дзеянняў Яўгена Каліноўскага.

Быў апытаны і другі пацярпелы Алег Баразноў. 

Ён распавёў, што на месца прыехаў значна пазней, недзе ў 20.30, бачыў Астапука, Самалётава і іншых супрацоўнікаў АМАП (прозвішчы іх у судзе называць не захацеў), таксама бачыў грамадзянаў, якія ў большасці стаялі на зялёнай зоне і тратуары, некаторыя ў счэпцы, міліцыянеры папярэджвалі іх аб незаконнасці мерапрыемства. Сам Алег Баразноў таксама казаў людзям, што мітынг несанкцыянаваны і яны павінны разыйсціся.

Пацярпелы не бачыў блізка Яўгена Каліноўскага, але ў нейкі момант яго нехта ўдарыў. Хто гэта быў Алег Баразноў даведаўся, толькі калі праглядзеў відэазапісы і яму ўказалі на чалавека і назвалі яго.

Ён заявіў матэрыяльную кампенсацыю за фізічныя і маральныя пакуты ў памеры 3000 рублёў. Маральныя пакуты Алега Баразнова звязаныя з тым, што яго блізкія яго не бачылі, пакуль ён быў у шпіталі, а таксама асабістыя звесткі яго і яго сям’і з’явіліся ў тэлеграм-канале “Карацелі Беларусі”, пасля чаго ў яго адрас пачалі паступаць пагрозы.

Прасіў строга падсуднага не караць. 

Абаронца таксама ўказала на шэраг супярэчнасцяў у паказаннях Алега Баразнова на папярэднім следстве і ў судзе. Так на першым допыце яшчэ ў якасці сведкі пацярпелы дакладна апісаў чалавека, які яго стукнуў і піхнуў, а таксама казаў пра тое, што не бачыў колькі людей наносілі яму каля 5-10 удараў пакуль ён ляжаў. 

Свае паказанні ў судзе даў і Яўген Каліноўскі

Падсудны не адмаўляе ўдзелу ў масавым мерапрыемстве 14 ліпеня, але не ведаў санкцыянаванае яно было ці не, сам за дазволам у Мінгарвыканкам не звяртаўся. Прыехаў адзін на Нямігу, потым пешшу прайшоў да праспекта Незалежнасці і там ужо бачыў шмат людзей, якія, як думаў Яўген, сабраліся для таго, каб мірна выказаць пратэст супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі. Супрацоўнікі АМАП былі на адлегласці 20-30 метраў і “перагружалі” затрыманых з аўтазака ў аўтазак. Таксама Яўген Каліноўскі бачыў як затрымлівалі людзей. Адзначыў, што некаторыя людзі выкрыквалі лозунгі “Міліцыя з народам”, “Жыве Беларусь”. Пры сабе Яўген Каліноўскі не меў ніякай забароненай сімволікі.

Пасля ён апынуўся ў счэпкі, у якой знаходзіўся не больш 3-4 хвілін, яна была адзіная і ў ёй знаходзіліся і жанчыны, і людзі сталага ўзросту. Яўген Каліноўскі адзначае, што не ўспрымаў счэпку як элемент супрацьстаяння, кажа, што выкрыкваў лозунгі “Міліцыя з народам”, “Ганьба”, “Позор”, а ў далоні не пляскаў, бо гэта немагчыма зрабіць, калі стаіш у ланцугу. Супрацоўнікі АМАП знаходзіліся на месцы падзей на працягу ўсяго часу, але паводле словаў абвінавачванага, ніякіх патрабаванняў яны не выказвалі ні яму асабіста, ні натоўпу сабраўшыхся людзей. 

"Яны назіралі і размаўлялі паміж сабой, з чаго я зрабіў выснову, што тое, што адбываецца, не выклікае ў іх прэтэнзій, а людзі не парушаюць грамадскі парадак", - падкрэсліў Яўген Каліноўскі. 

Ён таксама звярнуў увагу, што на масавых мерапрыемствах звычайна ходзяць супрацоўнікі інфармацыйнай групы, якія выказваюць патрабаванні праз гукаўзмацальную тэхніку. У той дзень такіх супрацоўнікаў абвінавачаны не бачыў.

У нейкі момант Яўген Каліноўскі заўважыў, што да групы людзей падыходзяць супрацоўнікі АМАП і пачынаюць рэзка, жорстка і безпадстаўна прымяняць гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў – хапалі за аддзенне, адпіхвалі іх, білі жанчын па руках, але не затрымлівалі. Адным з такіх супрацоўнікаў быў Баразноў.

"Мяне гэта абурыла, я заўважыў несправядлівасць, якая ажыццяўляецца ў дачыненні да грамадзян, якія мірна прысутнічалі там. Я паспрабаваў спыніць супрацьпраўныя, на мой погляд, дзеянні супрацоўніка міліцыі, бо за імі не ішло затрыманне, а сам супрацоўнік не спрабаваў выказаць свае патрабаванні і патлумачыць свае дзеяннні людзям". 

Менавіта таму Яўген Каліноўскі падбег да Алега Баразнова, схапіў яго ззаду за тулава і паспрабаваў адцягнуць. З-за таго, што яны знаходзіліся на няроўнай паверхні, абодва страцілі раўнавагу, упалі, пакаціліся з прыгорку, апынуліся на тратуарнай плітцы дарожкі.

"Я не пераследваў мэты нанесці цялесныя пашкоджанні. Заўважыў групу грамадзянаў, якая пачала наносіць удары па Баразнову. Я страціў арыентацыю ў прасторы, не разумеў, што адбываецца, і баяўся праявы фізічнай агрэсіі да сябе асабіста. Таму я падняўся і вярнуўся на тое месца, дзе быў да гэтага. Пры гэтым Баразноў мог мяне бачыць, але ніякім чынам не пракаментаваў мае дзеянні, не паспрабаваў мяне затрымаць. Таму я зрабіў выснову, што ён не палічыў мае дзеянні супрацьпраўнымі".

Ніякіх удараў Баразнову падсудны не наносіў.

Пасля ён зноў стаў у счэпку, у якой знаходзіўся 3-4 хвіліны. Пазней Яўген Каліноўскі ўбачыў, што супрацоўнікі АМАП пачалі выдзіраць людзей з іншай счэпкі. За адным хлопцам, які збег з горкі, рушыў услед супрацоўнік міліцыі, пачаў беспадстаўна хапаць яго за вопратку, за рукі, ужыў болевыя прыёмы, яшчэ з адным міліцыянтам пачалі адводзіць хлопца, трымаючы яго рукі за спіной, падняўшы вышэй за галаву.

"Я быў абураны, што ў дачыненні да незнаёмага мне чалавека ўжываецца такога роду гвалт і фізічная сіла без відавочных прычын, таму паспрабаваў спыніць супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў, адштурхнуўшы Астапука ад хлопца і чакаючы, што сітуацыя вырашыцца дыялогам або тлумачэннем прычын, чаму тое, што адбываецца мае месца".

Падсудны штурхнуў супрацоўніка АМАП двума рукамі ў спіну і не пераследваў мэты прычыніць яму калецтвы або пашкоджанні. Астапук павярнуўся і схапіў за кофту ў раёне грудзей, абодва сталі падаць. Падсудны ўспрыняў гэта як фізічную агрэсію ў адносінах да сябе без наяўных на тое падстаў.

Аднак ён сцвярджае, што не наносіў удараў, не бачыў і не адчуваў, што парваў форменнае абмундзіраванне, за куртку пацярпелага не хапаў, а сам спрабаваў пазбегнуць прычынення збіцця, ранак у дачыненні да сябе. Пры гэтым Астапук знаходзіўся зверху на ім, нанёс некалькі ўдараў па твары ў той час, як абвінавачаны знаходзіўся ў безабаронным становішчы і сам не аказваў ніякага супраціву. Сцвярджае, усе яго дзеянні былі абумоўленыя інстынктам самазахавання і жаданнем выратаваць жыццё і здароўе; ён не здзяйсняў дзеянні з помсты за дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі, а як рэакцыя на неправамерныя затрыманні людзей.

Сваёй віны і іскавых патрабаванняў не прызнаў. Выказаў шкадаванне, што яму давялося ўжыць гвалт у дачыненні да пацярпелых, і ў той жа час спадзяецца, што ў будучыні дыялог паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі міліцыі будзе насіць мірны, негвалтоўны характар.

За час вучобы ў школе неаднойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх алімпіядах па геаграфіі, у тым ліку міжнародных. Падчас навучання ў БДУ праходзіў стажыроўкі ва ўніверсітэце ЗША, Польшчы, прымаў удзел у студэнцкім жыцці – удзельнічаў у міжнародным форуме. Таксама Яўген Каліноўскі быў узнагароджаны прэміяй “Чалавек года Віцебшчыны”, быў уключаны ў спецыяльны фонд прэзідэнта падтрымкі таленавітай моладзі – атрымліваў стыпендыю. Мае і іншыя ўзнагароды.

Разгляд справы працягваецца 6 студзеня ў 10.30.  

Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Ні на адным з відэазапісаў, якія ёсць у матэрыялах, не маецца патрабаванняў супрацоўнікаў АМАПу да грамадзянаў аб незаконнасці сходу і неабходнасці разыйсціся, не парушаць заканадаўства. 

Згодна з даведкамі, кошт лячэння пацярпелага Ігара Астапука склаў 2 580 рублёў, а Алега Баразнова – 2 941 рубель.

Абвінавачаны прапанаваў кожнаму з пацярпелых добраахвотна выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды да сканчэння судовага працэсу ў памеры 500 рублёў кожнаму, якія будуць перанакіраваныя па жаданні Астапука і Баразнова на рахунак дзіцячага дома. 

Пракурор Зубко прасіла суд далучыць да матэрыялаў справы копію прысуда Іллі Туркова. А таксама хадайнічала аб выкліку ў суд сведкі Віталя Самалётава. Суд хадайніцтвы задаволіў. 

Працяг судовага пасяджэння адбудзецца 14 студзеня ў 10.30. 

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. 

Падтрымаць Яўгена Каліноўскага лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Каго яшчэ асудзілі за падзеі 14 ліпеня ў Мінску:

Да чатырох гадоў калоніі асудзілі мінчука за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 14 ліпеня

Суд Маскоўскага раёна Мінска 24 снежня асудзіў паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса 29-гадовага Іллю Фрэня. Яго абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да двух супрацоўнікаў АМАПа 14 ліпеня на плошчы Перамогі – ён адбіваў пратэстоўца ад затрымання. Ілля прызнаў віну часткова, так як шмат чаго не памятае з-за таго, што знаходзіўся «на адрэналіне». Суддзя Лілія Цяліца прызнала Фрэня вінаватым паводле арт. 364 КК і асудзіла яго на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрашваў пракурор, гэта амаль самае строгае пакаранне па гэтым артыкуле. Хлопца арыштавалі ў залі суда.

Іллю Туркова асудзілі да чатырох гадоў калоніі за падзеі 14 ліпеня

Раніцай 30 снежня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска працягнуўся разгляд справы ў дачыненні да Іллі Туркова, якого вінавацяць па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі каля ст. м. Плошча Перамогі 14 ліпеня.

За штуршок у спіну АМАПаўца 14 ліпеня мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"

Суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў чарговую крымінальная справа за пратэстныя акцыі 14 ліпеня. Распавядаем, пра крымінальную справу і суд над Уладзіславам Усцінам.

Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"

Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада асудзіў 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала мінчаніна вінаватым па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу). Антона Лакішыка арыштавалі ў залі суда.

20-гадовага мінчука асудзілі за падзеі 14 ліпеня па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса

Глеба Гатоўку судзілі за ўдзел у стыхійнай акцыі пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, дзе штурхнуў нагой у бок супрацоўніка АМАПа і аказаў непадпарадкаванне старэйшаму лейтэнанту АМАПа, а таксама за тое, што з-за боязі захварэць COVID-19 у казарме ўхіліўся ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства