viasna on patreon

Першы прысуд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай: 2 гады калоніі і 18 месяцаў "хатняй хіміі"

2020 2020-12-08T10:56:18+0300 2020-12-08T15:24:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babovic_pushkinskya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Фрунзенскага раёна 8 снежня вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай. Суддзя Юлія Блізнюк асудзіла па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі палітычных зняволеных Максіма Паўлюшчыка да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Марыю Бабовіч – да 18 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Пракурорка Аліна Касьянчык ад абвінавачванняў па ч. 2 арт. 218 КК адмовілася. Марыю вызвалілі пасля агалошвання прысуду, яна ўтрымлівалася пад вартай больш за месяц. 

Марыя Бабовіч і Максім Паўлюшчык. Калаж з фота

За што асудзілі палітвязняў?

9 верасня ў раёне станцыі метро “Пушкінская” у Мінску быў нанесены надпіс “Не забудзем” на тратуары каля народнага мемарыяла памяці забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. На месцы падзей каля 4 раніцы супрацоўнікі міліцыі затрымалі Марыю Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка, але пад варту ў межах крымінальнай справы іх узялі толькі 22 кастрычніка. Адразу ў дачыненні да Марыі была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў), але абвінавачванне было перакваліфікаванае на ч.2 арт. 339 і ч.2 арт. 218 КК.

Палітвязняў абвінававацілі у тым, што яны, "дзейнічаючы групай асоб, знаходзячыся паблізу будынка № 21А па вул. Прытыцкага ў Мінску (павільён каля выхаду метро каля мемарыяла Тарайкоўскаму), беспадстаўна, наўмысна здзейснілі апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці, чым прычынілі маёмасную шкоду ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" у буйным памеры"

Першапачаткова «Гаррэмаўтадар» прад'яўляў ім пазоў больш як на 10 тысяч рублёў, але на судзе памяняў патрабаванні пазову і зменшыў суму нанесенага шкоды да 211 рублёў і 20 капеек. На судзе адвакаты заявілі, што, у сувязі са змяненнем сумы, не ўзнікае крымінальнай адказнасці паводле прадʼяўленых артыкулаў, таму абвінавачаныя павінны быць вызвалены, але суд адхіліў хадайніцтва аб змене меры стрымання.

Ці прызналі віну абвінавачаныя?

На судзе Марыя Бабовіч і Максім Паўлюшчык прызналі віну, то бок тое, што яны нанеслі надпіс. Тым больш, што Максім так дапісаў надпіс, што атрымалася "Не забубем" (надпіс быў зроблены з памылкай). Але яны не лічаць гэта праявай хуліганства, а сам надпіс цынічным. Марыя Бабовіч і Маскім Паўлюшчык не лічыць гэта апаганьваннем, а таксама тое, што гэты надпіс мог кагосьці абразіць. Падчас допыта на судзе Максім сказаў, што "гэтая фарба пасля двух добрых дажджоў сышла бы". А Марыя Бабовіч адзначыла, што калі надпісзафарбавалі шэрай фарбай, то гэтым было нанесена больш шкоды, чым надпісам.

Родныя Максіма Паўлюшчыка цалкам кампенсавалі шкоду — 211 рублёў.

Падрабязна пра суд:

Суд за надпіс "Не забудзем": Допыт палітвязняў

У Фрунзенскім раённым судзе Мінску працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднавіць 9 верасня надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Што думаюць праваабаронцы пра гэты суд?

Беларуская праваабарончая супольнасць катэгарычна не згодная з абвінавачваннямі над фігурантамі гэтых справаў. На думку правааабаронцаў, напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства. Дадзеная форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

Праваабаронцы адзначаюць, што надпіс “Не забудзем” на асфальце тратуара не мог прывесці да значнага пашкоджання ці знішчэння дарожнага пакрыцця, і матэрыяльная шкода ад такога надпісу відавочна насіла сімвалічны характар.

Заявы праваабаронцаў аб прызнанні Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка палітвязнямі:

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Максіма Паўлюшчыка

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава адвольным і палітычна матываваным, а саміх Марыю Бабовіч і Дзяніса Граханава палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Другі суд за надпіс "Не забудзем!"

У гэтым жа судзе паралельна адбываецца разгляд крымінальнай справы супраць палітвязняў Дзяніса Граханава, Ігара Самусенкі і Уладзіслава Гуліса за спробу аднаўлення надпісу "Не забудзем!" каля народнага мемарыяла памяці забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. Іх справу разглядае суддзя Юлія Крэпская. Іх дзеянні таксама кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У першы дзень судовага паседжання пацярпелы "Гаррамаўтадар" знізіў суму нанесенай шкоды амаль у 40 разоў. Негледзячы на тое, што цяпер адсутнічае склад злачынства па арт. 218 КК, бо сума шкоды не перавышае 250 базавых велічыняў, абвінавачванні з палітвязняў не былі сняты. Дапытаныя палітвязні таксама не лічаць напісанне на асфальце надпісу "Не забудзем!" праявай хуліганства ці цынічным надпісам. Пры гэтым, родныя абвінавачаных кампенсавалі шкоду — усе амаль па 87 рублёў.

Працягваецца суд за надпіс "Не забудзем!" на Пушкінскай. Пра што кажуць палітвязні?

Суд Фрунзенскага раёна Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы за абнаўленне надпіса 9 верасня "Не забудем!" каля метро "Пушкінская" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

Другі суд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай. Суму шкоды знізілі амаль у 40 разоў

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 1 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы за абнаўленне надпіса 9 верасня "Не забудем" каля метро "Пушкінская" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства