Другі суд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай. Суму шкоды знізілі амаль у 40 разоў Дапоўнена
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 1 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы за абнаўленне надпіса 9 верасня "Не забудем" каля метро "Пушкінская" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. На лаве падсудных — палітычныя зняволеныя Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка, а таксама Уладзіслаў Гуліс. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 218 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя суда Фрунзенскага раену Юлія Крэпская. Пацярпелым па справе прызнаны "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама", шкода нанесеным надпісам ацэнена ў 10 182 рубля 52 капейкі. Але прадстаўнік пазоўніка на пачатку суда заявіў, што рэальная сума шкоды склала 255 рубля 99 капеек, а першапачаткова заяўленая сума шкоды — арыентовачная. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і вядзе анлайн з залі суда.
Хто яны — фігуранты справы?
Усе абвінавачаныя ўтрымліваюцца пад вартай з 22 кастрычніка.
На лаве падсудных — 42-гадовы бармэн Дзяніс Граханаў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязням 29 кастрычніка. Фігурантамі гэтай справы з'яўляюцца 25-гадовыя аўтамойшчык Уладзіслаў Гуліс і адміністратар велапраката Ігар Самусенка. Апошняга беларускія праваабаронцы прызналі палітычным зняволеным 25 лістапада.
На думку праваабаронцаў напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства.
"Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі", — адзначаюць праваабаронцы.
Надпіс "НЕ ЗАБУДЗЕМ!" — цынічны і абражае пачуцці грамадзян. У чым іх абвінавачваюць?
Крымінальная справа была ўзбуджаная 10 верасня. Паводле абвінавачання "дзейнічаючы групай асоб Дзяніс Граханаў, Ігар Самусенка і Уладзіслаў Гуліс, знаходзячыся каля дома 21 на вуліцы Прытыцкага нанеслі надпіс чырвона-белага колеру на тратуарную плітку, тым самым здзейсніўшы псаванне маёмасці, чым нанеслі матэрыяльны ўрон «Гаррэмаўтадору»".
Падчас следства Дзяніс Граханаў тлумачыў, што тым самым ён выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю адносна гібелі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага.
Дзяніс Граханаў прызнаў віну часткова: ён прызнае, што нанёс на тратуарную плітку, але тое, што надпіс з'яўляецца цынічнай, не згодны. Такую ж пазіцыю занялі Гуліс і Самусенка — яны таксама прызнаюць віну часткова.
Адзін з адвакатаў падаў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы заключэння вядомага філолага Аляксандра Лукашанца. Той прааналізаваў, ці з'яўляецца надпіс "Не забудзем" цынічнай. З зачытанага ў судзе заключэння мовазнаўцы вынікае, што не з'яўляецца. Суддзя далучыла заключэнне да матэрыялаў справы.
З абвінавачвання Дзяніса Граханава "Дзяніс Граханаў абвінавачваецца ў тым, што дзейнічаў у групе асоб з Гулісам і Самусенкам, у перыяд часу з 1:47 па 2:20 хвілін 9 верасня 2020 года, знаходзячыся ў грамадскім месцы паблізу дома 21А на вуліцы Прытыцкага, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства беспадстаўна наўмысна, здзейсніў апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах, якія суправаджаліся знішчэннем чужой маёмасці пры наступных абставінах. Так, ён, дзейнічаючы ў групе асоб, з выкарыстаннем двух аэразольных балончыкаў чырвонага і белага колераў, наўмысна нанёс на тратуарную плітку, якая належыць "Гаррамаўтадар Менгарвыканкама", цынічны надпіс, які абражае пачуцці грамадзян, якая дэманструе грэбаванне да маральных каштоўнасцяў, накіраваную на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці наступнага зместу: "НЕ ЗАБУДЗЕМ!", знішчаную вышэйпазначаную плітку, прычыніўшы сваімі дзеяннямі маёмасную шкоду "Гаррамаўтадару" на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі, што ў момант здзяйснення злачынства склала больш за 377,13 базавых велічыняў і з'яўляецца буйным памерам. Пры гэтым, нанясенне надпісе істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі тратуарнай пліткі. Такім чынам, Граханаў здзейсніў наўмыснае знішчэнне маёмасці, якое пацягнула прычыненне шкоды". |
Адвакаты абвінавачаных: Адсутнічае склад злачынаства па арт. 218 Крымінальнага кодэкса
Усім фігурантам справы, акрамя ч. 2 арт. 339 КК, інкрымінуецца ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса — Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры. Па Крымінальнаму кодэксу Беларусі прычыненне шкоды ў буйным памеры — гэта памер знішчанай або пашкоджанай маёмасці, выражаны ў дзвесце пяцьдзесят і больш (да тысячы) базавых велічынь на дзень здзяйснення злачынства.
Адвакаты Гуліса, Граханава і Самусенкі заявілі хадайніцтва аб змяненні меры стрымання ўсіх абвінавачаных на незвязаную з пазбаўленнем волі, бо ў сувязі з тым, што "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" змяніў суму шкоды да 255 рублёў, што складае менш за 40 базавых велічыняў, то цяпер наогул адсутнічае склад злачынства па арт. 218 Крымінальнага кодэкса. А артыкул 339 КК не з'яўляецца цяжкім і гвалтоўным. Таму, на думку абаронцаў абвінавачаных, няма падставаў трымаць іх пад вартай.
"Няма складу інкрымінуемага злачынства", — кажуць адвакаты.
Дзяржаўны абвінаваўца не пагадзіўся з аргументамі адвакатаў і лічыць, што падставы ўтрымання пад вартай абвінавачаных не адпалі.
Суддзя Юлія Крэпская адхіліла хадайніцтва абаронцаў фігурантаў гэтай справы. Паводле яе меркавання, абставінаў, якія б прадугледжвалі адмену або змяненне меру стрымання, не выяўлена. Такім чынам, Дзяніс Граханаў, Ілля Самусенка, Уладзіслаў Гуліс застаюцца пад вартай.
Таксама адвакат Дзяніса Граханава падаў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы просьбу больш за дзесятак калегаў Дзяніса аб вызваленні яго ад крымінальнай адказнасці, каб ён мог вярнуцца да працы. Гэта было далучана да матэрыялаў справы.
"Чалавек загінуў, а праваахоўныя органы ніякай справы не ўзбудзілі". Што кажа на судзе палітвязень Дзяніс Граханаў?
Было прынята рашэнне адразу дапытаць абвінавачаных. 1 снежня быў дапытаны толькі Дзяніс Граханаў. На судзе ён растлумачыў, што не згодны з тым, што яго дзеянні ўтвараюць склад злачынства.
"9 верасня на ровары паехаў на Пушкінскую каля 2 гадзін ночы. У мяне быў з сабой заплечнік з балонам фарбы", — распавядае пра падзеі таго вечара Дзяніс.
Дзяніс патлумачыў, што ехаў туды мэтанакіравана нанесці надпіс каля народнага мемарыяла памяці Аляксандра Тарайкоўскага. Калі ён прыехаў, стаў пісаць чырвонай фарбай "Не забудзем!". Але гэты балон неўзабаве скончыўся, ён дастаў белую фарбу. У гэты момант міма праходзілі двое хлопцаў, як высветлілася ў наступным, гэта было Уладзіслаў Гуліс і Ігар Самусенка. Дзяніс Граханаў паспеў нанесці 3-4 літары. Хлопцы разгаварыліся і вырашылі дапамагчы Дзянісу. Мужчына перадаў 25-гадовым хлопцам балон з белай фарбай. Гуліс і Самусенка пачалі дапісваць надпіс "Не забудзем".
Па словах Дзяніса Граханава, потым з'явіліся невядомыя ў балаклавах ў форме аліўкавага колеру. Адзін з іх падбег да яго з крыкамі. Дзяніс на ўдакладняючае пытанне пракурора патлумачыў, што спалохаўся, і форма тых людзей не была падобная на форменнае абмундзіраванне супрацоўнікаў міліцыі.
"Рыбакі і паляўнічыя ў гэтым ходзяць".
Дзяніс падбег да ровара, сеў і з'ехаў.
"Падумаў, што можа бандыты якія".
Пракурор Валерыя Таратынка спытала, чаму ён тады не спалохаўся незнаёмых Самусенкі і Гуліса. Граханаў адказаў, што яны да яго не падбягалі з крыкамі і ў балаклавах.
Затрымалі Дзяніса раніцай 10 верасня.
Палітвязень растлумачыў матывы свайго ўчынка наступным чынам:
"10 чысла адбылося трагічнае забойства. Туды прыносілі тысячы кветак. Чалавек загінуў, а праваахоўныя органы ніякай справы не ўзбудзілі. Раней неаднаразова наносіліся больш сур'ёзныя надпісы, больш тоўстымі літарамі. Яны аднаўляліся ледзь не кожны дзень. Іх засыпалі салянай сумессю, зафарбоўвалі шэрай фарбай. Кветкі зачымсьці пастаянна звозілі адтуль, як быццам яны перашкаджалі камусьці. Мяне, як і многіх людзей, гэта і абурыла".
Дзяніс Граханаў растлумачыў, што ў яго ў думках не было, што "танная нізкагатункавая фарба можа нанесці нейкія страты тратуарнай плітцы". Пры гэтым ён прызнаў, што нанёс шкоду "Гаррамаўтадару" і гатовы пакрыць шкоду. Дзяніс не прызнаў, што сваімі дзеяннямі груба парушыў грамадскі парадак, і што надпіс "Не забудзем" з'яўляецца цынічным.
"Помнік на могілках тады таксама цынічны", — кажа Дзяніс.
На пытанне дзяржаўнага абвінаваўца, ці лічыць, што ён сваімі дзеяннімі знішчыў тратуарную плітку і знізіў яе эстэтычную каштоўнасць, Дзяніс Граханаў адказаў адмоўна. На яго думку, надпісам "Не забудзем" не змог знішчыць тратуарную плітку, што яму інкрымінуецца.
"Як можна апаганіць плітку гэтым надпісам, яна ж нікога не абражае. Тысячы і тысячы кветак, якія прыносілі туды кажа пра тое, што пачуцці грамадзян нельга было гэтым абразіць.
Як можна фарбай знішчыць плітку? Знішчэнне — гэта калі нельга выкарыстоўваць па прызначэнні плітку. Але па ёй працягвалі хадзіць пешаходы. Наяўнасць фарбы не перашкаджала яе выкарыстання па прамым прызначэнні. А тут можна змыць фарбу без праблем. У параўнанні з іншымі надпісамі, яна была ледзь прыкметнай, трэба было прыгледзецца: літары тоненькія, фарба жыдзенькая. У мяне не было намеру зрабіць нешта знішчальнае з гэтай пліткай", — распавядае Граханаў.
Дзяніс распавёў, што пасля знішчэння яго надпісу на тым жа месцы з'яўлялася яшчэ як мінімум адзін надпіс.
Працяг судовага паседжання, на якім будуць дапытаныя абвінавачаныя Ігар Самусенка і Уладзіслаў Гуліс, прызначаны на 3 снежня.
Увечары 1 снежня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіслава Гуліса палітычным зняволеным.
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Уладзіслава Гуліса
Другі суд за надпіс "Не забудзем"
У гэтым жа судзе паралельна адбываецца разгляд крымінальнай справы супраць палітвязняў Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднаўлення надпісу "Не забудзем". Іх справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк. Дзеянні Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка таксама кваліфікавалі па ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Іх абвінавачваюць у тым, што яны, "дзейнічаючы групай асоб, знаходзячыся паблізу будынка № 21А па вул. Прытыцкага ў Мінску (павільён ля выхаду метро каля мемарыяла Тарайкоўскаму), беспадстаўна, наўмысна здзейснілі апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці, чым прычынілі маёмасную шкоду ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" у буйным памеры".
Падрабязнасці справы:
Суд за надпіс "Не забудзем": Допыт палітвязняў
Заявы праваабаронцаў аб прызнанні палітычнымі зняволенымі фігурантаў гэтай справы:
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Ігара Самусенкі