viasna on patreon

Суд за надпіс "Не забудзем": Допыт палітвязняў Дапоўнена

2020 2020-12-01T13:45:49+0300 2020-12-01T21:43:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_pavlyushchik_bobovich_20201127_os_tutby_phsl_0589.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

КАРТКА ПРАЦЭСА

Суд: Фрунзенскага раёна Мінска

Абвінавачаныя: Марыя Бабовіч і Максім Паўлюшчык

Артыкулы: ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі

Суддзя: Юлія Блізнюк

Дзяржабвінавачванне: Аліна Касьянчык

Пацярпелыя: «Гаррэмаўтадар»

У Фрунзенскім раённым судзе Мінску працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднавіць 9 верасня надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Справу кваліфікавалі па ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Іх абвінавачваюць у тым, што яны, "дзейнічаючы групай асоб, знаходзячыся паблізу будынка № 21А па вул. Прытыцкага ў Мінску (павільён ля выхаду метро каля мемарыяла Тарайкоўскаму), беспадстаўна, наўмысна здзейснілі апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці, чым прычынілі маёмасную шкоду ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" у буйным памеры"Праваабаронцы катэгарычна не згодныя з такой кваліфікацыяй і лічаць, што напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства. Марыя Бабовіч і Максім Паўлюшчык прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Фота: TUT.BY

На другім судовым паседжанні 1 снежня адбываўся допыт абвінавачаных — Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка. 

"Гэтая фарба пасля двух добрых дажджоў сышла бы". Што кажа Максім Паўлюшчык?

Максім Паўлюшчык распавёў на судзе:

"9 верасня я знаходзіўся на Пушкінскай, праз дарогу я ўбачыў тры чалавекі, вырашыў падысці пацікавіцца, што там адбываецца. Дзяўчына (не Бабовіч) сказала, што яны збіраюцца маляваць. Хлопец сказаў: "Не забудзем". Марыя пачала пісаць, потым я ўзяў пэндзлік.

Я думаў, што не будзе адказнасці. Хлопец сказаў, што едзе міліцыя. Марыя спытала, што будзем рабіць, ён сказаў, што ўцякаць не будзем, усё роўна па камерах знойдуць".

Па словах Максіма, надпіс яны наносіля каля 4 раніцы.

Пракурорка Аліна Касьянчык запытала, што ён хацеў выказаць гэты надпісам.

"Я да гэтага часу не магу зразумець, навошта я гэта рабіў", — сказаў Масім Паўлюшчык.

Па адукацыі Максім тынкоўшчык-маляр, таму ў сувязі з гэтым валодае адмысловымі ведамі наконт фарты. На судзе сказаў, што "гэтая фарба пасля двух добрых дажджоў сышла бы".

"Я папрасіў пэндзлік у Марыі і напісаў усё".

Першапачаткова агаворваўся надпіс: "Не забудзем", але ён напісаў спецыяльна: "Не забуду".

Пасля таго, як сказалі, што едзе міліцыя, і як яна прыехала, прайшла хвіліна.

"Марыя разліла фарбу, мы стаялі чакалі".

Калі прыехалі міліцыянты, то ў Марыі была фарба была на руках, а ў Максіма на красоўцы. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Марыю і Максіма, але фарбу і пэндзлік пакінулі каля надпісу. Марыю і Максіма даставілі ў Фрунзенскі РУУС.

Родныя Максіма ўжо цалкам кампенсавалі шкоду — 211 рублёў.

Таксама Максім растлумачыў, што "мемарыял — месца, дзе быў забіты адзін з пратэстоўцаў. Там розныя кветкі, усякія надпісы. Тыя надпісы былі зробленыя, каб ушанаваць памяць чалавека".

Максім на судзе сказаў, што раскайваецца. Шмат разоў паўтараў, што не разумее навошта і для чаго гэта зрабіў. Бабовіч напісала толькі чатыры літары: "Не за..." Астатняе дапісаў Максім.

Пачаўся суд за надпіс памяці забітага пратэстоўца Тарайкоўскага

У Фрунзенскім раённым судзе Мінску 27 лістапада распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднавіць надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Марыя Бабовіч: "Яны зафарбавалі надпіс шэрай фарбай, я думаю, што яны гэтым больш шкоды нанеслі, чым мы"

Палітзняволеная Марыя Бабовіч распавяла на судзе:

"8 верасня каля 10-11 вечара я паехала да знаёмага ў госці. Праз пару гадзін я паехала дадому праз метро Пушкінскую. Там сустрэла незнаёмых мужчыну і жанчыну, з якімі пагутарылі з нагоды надпісы на асфальце. Яны сказалі, што хочуць нанесці надпіс "Не забудзем". Яны збіраліся зрабіць надпіс, прапанавалі дапамагчы. Я пачала пісаць, потым Максім узяў пэндзаль і дапісаў надпіс. Калі сказалі, што едзе міліцыя, то мужчына пайшоў, а жанчына пайшла яшчэ да нанясення надпісу".

Марыя растлумачыла свае дзеянні так:

"Я ведала, што значыць гэты надпіс. Гэта асабліва нічога новага ў сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне".

Па словах Марыі, незнаёмы мужчына сказаў ёй, што фарба хутка змываецца вадой, таму яна і пагадзілася зрабіць надпіс, бо "вялікую шкоду грунтоўка тратуарнай плітцы не можа нанесці".

На судзе Марыя растлумачыла, што, калі дазналася, што едзе міліцыя, то "фарбу я разліла на асфальт, каб пазбавіцца ад фарбы". Суддзя потым удакладніла, ці з'яўляецца тое, што Марыя разлівала фарбу па колу — нейкім сімвалам. Марыя адказала, што не. 

Марыя прызнала віну цалкам, пры гэтым сказала, што "месяц арышту дастаткова, каб усвядоміць усё". Таксама Марыя сказала, што нанясенне надпісу яна не лічыць хуліганствам.

"Гэтым надпісам хацела сказаць, што мы не забудзем памяць пра Аляксандра Тарайкоўскага, дакладней, памяць пра яго і тое, што з ім адбылося, на жаль". 

Пазней надпіс была зафарбавана шэрай фарбай.

"Яны зафарбавалі надпіс шэрай фарбай, я думаю, што яны гэтым больш шкоды нанеслі, чым мы", — сказала Марыя.

Па словах Марыі, яна не лічыць надпіс "Не забудзем" цынічнай і не лічыць гэта апаганеннем, а таксама тое, што гэты надпіс мог кагосьці абразазіць.

Першапачаткова «Гаррэмаўтадар» прад'яўляў ім пазоў больш як на 10 тысяч рублёў, але на судзе памяняў патрабаванні пазову і зменшыў суму нанесенага шкоды да 211 рублёў і 20 капеек. На судзе адвакаты заявілі, што, у сувязі са змяненнем сумы, не ўзнікае крымінальнай адказнасці паводле прадʼяўленых артыкулаў. Заяўлена хадайніцтва аб змене меры стрымання. Але суд адхіліў хадайніцтва аб змене меры стрымання, абвінавачаныя засталіся ў клетцы.

Будзе дапоўнена.

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Максіма Паўлюшчыка

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава адвольным і палітычна матываваным, а саміх Марыю Бабовіч і Дзяніса Граханава палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства