viasna on patreon

Працягваецца суд за надпіс "Не забудзем!" на Пушкінскай. Пра што кажуць палітвязні? Дапоўнена

2020 2020-12-03T17:00:00+0300 2020-12-03T19:27:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_grehanov_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Фрунзенскага раёна Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы за абнаўленне надпіса 9 верасня "Не забудем!" каля метро "Пушкінская" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. На лаве падсудных — палітычныя зняволеныя Дзяніс Граханаў, Ігар Самусенка і Уладзіслаў Гуліс. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 218 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. У першы дзень судовага паседжання пацярпелы "Гаррамаўтадар" знізіў суму нанесенай шкоды амаль у 40 разоў. Негледзячы на тое, што цяпер адсутнічае склад злачынства па арт. 218 КК, бо сума шкоды не перавышае 250 базавых велічыняў, абвінавачванні з палітвязняў не былі сняты. 1 снежня быў дапытаны палітвязень Дзяніс Граханаў, які заявіў, што не лічыць свой учынак хуліганствам, а надпіс "Не забудзем" — цынічным. Сёння ў судзе дапытваюцца палітвязні Ігар Самусенка і Уладзіслаў Гуліс. "Вясна" працягвае сачыць за гэтым працэсам і вядзе онлайн з залі суда.

sud_grehanov_viasna.jpg
Суд над палітвязнямі. Фота: spring96.org

Справу разглядае суддзя суда Фрунзенскага раену Юлія Крэпская. Пацярпелым па справе прызнаны "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама", шкода нанесеным надпісам ацэнена ў 10 182 рубля 52 капейкі. Але прадстаўнік пазоўніка на пачатку суда заявіў, што рэальная сума шкоды склала 255 рубля 99 капеек, а першапачаткова заяўленая сума шкоды — арыентовачная. 

Першае судовае паседжанне:

Другі суд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай. Суму шкоды знізілі амаль у 40 разоў

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 1 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы за абнаўленне надпіса 9 верасня "Не забудем" каля метро "Пушкінская" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

"Я лічу, што надпіс "Не забудзем!" — не цынічны і не абразлівы". Допыт палітвязня Уладзіслава Гуліса

З абвінавачвання Уладзіслава Гуліса

"Уладзіслаў Гуліс быўшы раней судзімым па ч. 3 арт. 328 КК маючы не знятую і ня пагашаную судзімасць, на шлях выпраўлення не стаў, належных высноў для сябе не зрабіў і зноў здзейсніў наўмыснае злачынства.

Гуліс абвінавачваецца ў тым, што дзейнічаў у групе асоб з Граханавым і Самусенкам, у перыяд часу з 1:47 па 2:20 хвілін 9 верасня 2020 года, знаходзячыся ў грамадскім месцы паблізу будынка 21А на вуліцы Прытыцкага, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, беспадстаўна, наўмысна здзейсніў апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах, якія суправаджаюцца знішчэннем чужой маёмасці пры наступных абставінах. Так, ён у вышэйпаказаныя дату і час, дзейнічаючы ў групе асоб, з выкарыстаннем двух аэразольных балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наўмысна нанёс на тратуарную плітку, якая належыць "Гаррамаўтадору Мінгарвыканкама", цынічны надпіс, якая абражае пачуцці грамадзян, якая дэманструе грэбаванне да маральных каштоўнасцяў, накіраваную на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці наступнага зместу: "Не забудзем!", знішчыў вышэйпазназаную плітку, прычыніўшы сваімі дзеяннямі маёмасную шкоду "Гаррамаўтадару" на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі, што на момант злачынства склала больш за 377,13 базавых велічынь і з'яўляецца буйным памерам. Пры гэтым, нанясенне надпісе істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі тратуарнай пліткі. Такім чынам, Гуліс здзейсніў наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры".

Другое судовае паседжанне пачалося з допыту 25-гадовага аўтамойшчыка Уладзіслава Гуліса. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем пасля першага судовага паседжання 1 снежня.

Ён адразу заявіў, што цалкам не прызнае віну. Абвінавачаны распавёў, што раней не ведаў Дзяніса Грэханава, а вось з Ігарам Самусенкам яны з'яўляюцца сябрамі.

9 верасня Гуліс з Самусенкам дамовіліся сустрэцца на Пушкінскай, каб схадзіць за цыгарэтамі ў краму "Суседзі". Калі Ігар і Уладзіслаў вярталіся ўжо дадому, убачылі, што каля метро на Пушкінскай незнаёмы чалавек [як высвятлілася ў далейшым — Дзяніс Граханаў] ужо напісаў чырвоным балкончыкам чатыры літары — "НЕ ЗА".

Трое хлопцаў разгаварыліся, але Уладзіслаў не можа ўспомніць пра што менавіта размаўлялі.

"Мы абмеркавалі, што тут быў забіты чалавек".

Потым Уладзіслаў распавёў Дзянісу, як пісаць, каб сыходзіла менш фарбы. Уладзіслаў Гуліс напісаў з фразы "НЕ ЗАБУДЗЕМ!" толькі літару "Е". Хто напісаў астатнюю частку фразы — ён не бачыў.

"Я ведаў, што заўсёды на гэтым месцы пішацца фраза "Не забудзем!", — патлумачыў абвінавачаны, адкуль ведаў, якую фразу піша Дзяніс Граханаў.

Неўзабаве прыехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі Уладзіслава Гуліса і Ігара Самусенку. Дзяніс Граханаў не быў затрыманы адразу.

На пытанне пракурора, ці лічыць ён, што сваім надпісам пашкодзіў ці наогул знішчыў тратуарную плітку, Гуліс адказаў, што не.

"Я потым гэтую фарбу змыў з рук звычайнай вадой у прыбіральні", — патлумачыў Уладзіслаў, што шкоды ад гэтай фарбы не можа быць.

Уладзіслаў не згодны і з тым, што тратуарнай плітцы надпісам "Не забудзем!" былі зніжаны яе эстэтычныя якасці.

"На наступны дзень, калі нас адпусцілі, я хадзіў на тое месца. Я не ўбачыў, што плітка была зламаная або знішчана. І там быў ужо іншы надпіс".

"Я лічу, што надпіс "Не забудзем!" — не цынічны і не абразлівы", — адказвае на пытанні пракурора Уладзіслаў.

Гуліс прызнаў пазоўнае патрабаванне па справе на суму 255 рублёў — "рэальную суму, якая спатрэбілася для выдалення фарбы", па словах Уладзіслава Гуліса.


Пасля допыту Уладзіслава Гуліса ў працэсе была заменена дзяржаўная абвінаваўца Валерыя Таратынка — на пракурорку Аліну Касьянчык. Яна таксама падтрымлівае дзяржабвінавачванне на другім судзе па надпісу "Не забудзем!" над Марыяй Бабовіч і Максімам Паўлюшчыкам.


"Я не бачу ў гэтым нічога цынічнага або абражаючага каго-небудзь". Допыт Ігара Самусенкі

З абвінавачвання Ігара Самусенкі

"Самусенка Ігар абвінавачваецца ў тым, што дзейнічаў у групе асоб з Граханавым і Гулісам, у перыяд часу з 1:47 па 2:20 хвілін 9 верасня 2020 года, знаходзячыся ў грамадскім месцы паблізу будынка 21А на вуліцы Прытыцкага, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, беспадстаўна, наўмысна здзейсніў апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах, якія суправаджаюцца знішчэннем чужой маёмасці пры наступных абставінах. Так, ён у вышэйпаказаныя дату і час, дзейнічаючы ў групе асоб, з выкарыстаннем двух аэразольных балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наўмысна нанёс на тратуарную плітку, якая належыць "Гаррамаўтадору Менгарвыканкама", цынічны надпіс, якая абражае пачуцці грамадзян, якая дэманструе грэбаванне да маральных каштоўнасцяў, накіраваную на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці наступнага зместу: "Не забудзем!", знішчыў вышэйпазнчаную плітку, прычыніўшы сваімі дзеяннямі маёмасную шкоду "Гаррамаўтадару" на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі, што на момант здзяйснення злачынства склала больш за 377,13 базавых велічынь і з'яўляецца буйным памерам. Пры гэтым, нанясенне надпісе істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі тратуарнай пліткі. Такім чынам, Самусенка здзейсніў наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры".

25-гадовы адміністратар велапракату Ігар Самусенка заявіў, што цалкам не прызнае віну.

"Я не бачу тут, што я прынёс шкоду на першапачатковую суму. Я не бачу ў гэтым нічога цынічнага або абражаючага каго-небудзь".

Ігар Самусенка распавёў тое ж, што і раней Уладзіслаў Гуліс: пасля крамы яны выпадкова сустрэлі Дзяніса Граханава, які пісаў на тратуарнай плітцы чырвонай фарбай "Не забудзем!"

Па словах Ігара Самусенкі, яны падышлі ў той момант, калі Дзяніс напісаў тры літары з фразы: "Не з". Граханаў распавёў ім, што "тут [на Пушкінскай] знаходзіцца мемарыял, куды прыносяць кветкі".

"Тут загінуў чалавек".

У нейкі момант Дзяніс Граханаў сказаў Самусенку і Гулісу, што скончылася чырвоная фарба ў балоне, але быў яшчэ балончык з белай фарбай. Па словах Ігара, ён фарбай абвёў літару "А", каб праверыць, ці ёсць яшчэ ў балоне фарба чырвонага колеру. Ігар Самусенка распавёў, што не бачыў, ці пісаў Граханаў белай фарбай нешта ці Гуліс.

Як распавядае Ігар Самусенка, потым прыехалі супрацоўнікі міліцыі ў масках.

"Стаяць! Усім легчы на падлогу!", — перадаў іх словы Самусенка.

Ігар Самусенка і Уладзіслава Гуліс былі затрыманыя. Іх даставілі ў Фрунзенскае РУУС, дзе дапытвалі, ці пісалі яны надпіс. Абвінавачаны распавёў, што не прызнаваў віну першапачаткова, бо "не пісаў гэтую фразу".

"Я не мог нанесці шкоду плітцы. Шкода — гэта, калі б яна паламалася. Фарба лёгка сціраецца. Граханаў казаў, што фарба нізкай якасці, і хутка сцярэцца, калі будуць хадзіць людзі ці пройдзе дождж".

Пракурорка запытвалася, ці распавядаў Граханаў, ці наносіць ён падобны надпіс упершыню. Самусенка і Гуліс адказвалі на судзе, што ўпершыню.

"Я не мог падумаць тады, што можна нанесці нейкую шкоду асфальце. Людзі ж пішуць "Люблю", "З добрай раніцай!"— распавядае сваё стаўленне да зробленага Ігар Самусенка.

"Чаму дома ў сябе не памалявалі тады?" — запыталася пракурорка Аліна Касьянчык.


У якасці сведкі была дапытаная мама Ігара Самусенка, яна працуе настаўніцай у адной з мінскіх школ.

"Мой сын не заслугоўвае пакарання за гэтыя дзеянні".

Па словах маці Ігара, калі сын вярнуўся дадому, то яны нікуды не хаваліся, бо не думалі, што будуць такія наступствы [у выглядзе арышту па крымінальнай справе].

"Ну можа штраф якой, грамадскія працы".

Яна паведаміла таксама, што пакуль не кампенсавалі ўрон, але гатовыя аплаціць.


Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы

9 верасня ў 6 гадзін было агледжана месца здарэння. Па пратаколе агляду там было некалькі надпісаў, выкананых у белых, сінях, жоўтых, фіялетавых, чырвоных кветак розных формаў і памераў.

Акрамя "Не забудзем!", там былі надпісы "Мы памятаем цябе, воін святла", "Уходи!", " Саня, вон,...", "3%" і іншыя. У зале суда пракурорка прад'явіла абвінавачаным розныя фатаграфіі гэтых надпісаў на Пушкінскай, каб яны апазналі тую, якую зрабілі самі.

На судовым паседжанні таксама быў прагледжаны відэазапіс ад 9 верасня [каля 2 гадзін ночы] з камеры відэаназірання з Пушкінскай, на якой, як мяркуецца, Дзяніс Граханаў, Уладзіслаў Гуліс і Ігар Самусенка наносяць на плітку надпіс "Не забудзем!" У далейшым абвінавачаныя сказалі, што пазналі сябе на відэа.

"Граханаў, вы сябе апазнаеце на відэа?"

"Ну так [усе ў зале суда смяюцца з дрэннай якасці відэа, на якім складана нешта разгледзець]. Праўда, якасць дрэнная".

На відэазапісе было бачна, як да абвінавачаных мінак падыходзіў і аб чымсьці размаўляў з імі. Пракурорка спытала ў абвінавачаных, пра што была гутарка.

"Ну сказаў "Малайцы!" і пайшоў далей", — растлумачыў Гуліс.

"Малайцы?" — перапытвала пракурорка.


Пасля абеду на другім пасяджэнні стала вядома, што родныя палітвязняў аплацілі суму матэрыяльнай шкоды — усе амаль па 87 рублёў. Па хадайніцтве адвакатаў суддзя далучыла  да матэрыялаў справы квітанцыі аплаты на рахунак "Гаррамаўтадар".


Адказны за выдаленне надпіса "Не забудзем!" на Пушкінскай прадстаўнік "Гаррамаўтадара" не ведае, хто зафарбаваў надпіс шэрым колерам, і не ведаў, што яго выдалялі кёрхерам

У судзе быў дапытаны ў якасці сведкі прадстаўнік "Гаррамаўтадар", у абавязкі якога ўваходзіць кантроль уборкі тэрыторыі і за рабочымі, ён таксама складаў даведку для падліку шкоды. Менавіта ён кіраваў 9 верасня выдаленнем надпісам. Гэтага сведку ў судзе дапытвалі больш за гадзіну. 

Паводле яго словаў, 9 верасня на Пушкінскай былі ўчыненыя два надпісы. Ён ужо сведчыў на іншым крымінальным працэсе па надпісу "Не забудзем!" над Бабовіч і Паўлюшчыкам.

"Калі мы выяўляем нейкі надпіс, то нам адразу трэба паведаміць кіраўніцтву і потым выдаліць надпіс", — распавёў сведка.

9 верасня яго начальнік Фралоў сказаў выдаліць надпіс, але не ўдакладніў якім спосабам. Сведка сказаў, што ў іх няма дакладных інструкцый або метадычак, якім менавіта чынам выдаляць надпіс. Па яго словах, выбіраюць самы танны.

На паседжанні прадстаўнік "Гаррамаўтадар" распавёў, што было зроблена 9 верасня пры выяўленні надпісы "Не забудзем!":

"Мы адразу засыпалі надпіс соллю, яна не ад'ела. Потым шчоткай па метале прайшліся — таксама не. Потым спрабавалі ўстаноўкай пад ціскам. 9 верасня надпіс не быў выдалены. Кіраўніцтва сказала, калі не атрымліваецца выдаліць надпіс, то трэба вызначыць, ці можна выдаліць гэтую плітку".

Пракурорка Аліна Касьянчык спытала ў сведкі, якім чынам ажыццяўляецца замена пліткі. Сведка заявіў, што ён не спецыяліст па гэтым пытанні, але дзяржабвінаваўца гэта не збянтэжыла:

"Улічваючы, што я не спецыяліст па гэтым пытанні, магу сказаць са сваіх асабістых назіранняў, што адразу плітка выбіваецца адбойным малатком..."

Сведка заявіў на судзе, што недзе праз два тыдні ён заўважыў, што надпіс быў зафарбаваны шэрай фарбай. Але пра гэта сведка не быў дасведчаны, ён не ведае, хто зафарбаваў надпіс, сваім падначаленым "Горревмотодора" не даваў ўказанні.

"Для мяне важнасць гэты момант не ўяўляў", — сказаў сведка на пытанне пракуроркі, паведамляў ён пра зафарбоўванне надпісу шэрай фарбай.

Сведка таксама паведаміў, што ўжо 13 верасня і фарба, і надпіс сышлі — "зацерліся нагамі". Пры гэтым, як сказаў сведка, ўжывалася ўстаноўка высокага ціску. Па словах сведкі, які спасылаўся на асабістыя перакананні, плітка была пашкоджана, але керхерам пашкоджанне было ліквідавана.

Прадстаўнік "Гаррамаўтадара" распавёў на судзе, што толькі на мінулым тыдні даведаўся, што для ліквідацыі надпісы быў таксама выкарыстаны керхер. Да гэтага ён не ведаў пра гэта. Даведаўся, калі сказалі на мінулым тыдні падрыхтаваць даведку для фактычнага разліку выдалення надпісу. Па яго словах, ён здзівіўся.

"Старэйшы майстар Пракапенка атрымаў указанні наўпрост".

Сведка не мог патлумачыць на судзе, якім чынам ён складаў дакументы для ажыццяўлення разліку кошту выдалення надпісу. Ён не мог успомніць адразу, уключаў ён у даведку для разліку працы 9 верасня. Сведка мог адказаць толькі пасля таго, як дзяржабвінаваўца падала падпісаны ім дакумент для агляду. Ён сказаў, што не ўваходзілі працы 9 верасня ў разлік, але па заўвазе адваката высветлілася, што ў разлік уваходзілі, напрыклад, вячэрнія працы прыбіральшчыкаў. Сведка не змог растлумачыць гэта.

Сведка паведаміў, што яму невядомая пазіцыя "Гаррамаўтадара" з нагоды выдалення надпісы.

"На сённяшні дзень там засталіся толькі сляды шэрай фарбай", — сказаў сведка.

Па словах сведкі, зафарбоўванне шэрай фарбай — не з'яўляецца спосабам выдалення надпісы. І калі такая фарба з'яўляецца, то ўсё роўна павінны выдаліць яе.

Сведка растлумачыў, што надпіс "Не забудзем" для яго не з'яўляецца абразлівай — "гэта ўсяго толькі лішняя нагода папрацаваць".

Дзяржабвінаваўца зачытала паказанні сведкі, дадзеныя падчас следства ў сувязі з істотнымі супярэчнасцямі. Падчас допыту 17 верасня, сведка казаў, што плітку трэба замяніць. Таксама падчас следства ён распавёў, што супрацоўнікі "Гаррамаўтадара" зафарбавалі надпіс "Не забудзем!", але на судзе сказаў, што пераблытаў. Яму невядома, хто зафарбаваў надпіс.

Працяг судовага паседжання прызначаны на 4 снежня.

Другі суд за надпіс "Не забудзем"

У гэтым жа судзе паралельна адбываецца разгляд крымінальнай справы супраць палітвязняў Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднаўлення надпісу "Не забудзем". Іх справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк. Дзеянні Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка таксама кваліфікавалі па ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Іх абвінавачваюць у тым, што яны, "дзейнічаючы групай асоб, знаходзячыся паблізу будынка № 21А па вул. Прытыцкага ў Мінску (павільён ля выхаду метро каля мемарыяла Тарайкоўскаму), беспадстаўна, наўмысна здзейснілі апаганьванне збудавання цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці, чым прычынілі маёмасную шкоду ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" у буйным памеры".

2 снежня дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык запрасіла для Максіма Паўлюшчыка два гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Марыі Бабовіч – 1 год 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"), а таксама змяніць ёй меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і вызваліць у зале суда.

Падрабязнасці справы:

Суд за надпіс "Не забудзем": Допыт палітвязняў

У Фрунзенскім раённым судзе Мінску працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднавіць 9 верасня надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Заявы праваабаронцаў аб прызнанні палітычнымі зняволенымі фігурантаў гэтай справы:

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава адвольным і палітычна матываваным, а саміх Марыю Бабовіч і Дзяніса Граханава палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Ігара Самусенкі

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Уладзіслава Гуліса

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства