У Жлобіне пачынаюць затрымліваць актывістаў забастоўкі на БМЗ
У Жлобіне 23 лістапада быў затрыманы і змешчаны пад арышт сябра Беларускага незалежнага прафсаюза слесар-рамонтнік БМЗ Ігар Повараў.
Затрыманне адбылося па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства – арганізацыі забастоўкі на Беларускім металургічным заводзе.
Праваабаронцы паведамляюць, што крыміналка пагражае яшчэ як мінімум траім працаўнікам БМЗ.
"У пастанове аб распачынанні крымінальнай справы паведамляецца, што Яўген Гоман, Павел Магідаў, Аляксандр Баброў, Ігар Повараў разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі 17 жніўня на тэрыторыі БМЗ, «арганізавалі правядзенне незаконных групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады». Яны спынілі рух тэхналагічнага транспарту, які ажыццяўляе дастаўку сыравіны (металашыхты) у сталеплавільныя цэхі, што пацягнула парушэнне працы БМЗ, якое выявілася ў прыпыненні выплаўлення сталі на дугавых электраплавільных печах. У выніку прадпрыемству нанесены ўрон на суму 1088 рублёў 29 капеек.
Следчы Азяўчыкаў пастанавіў распачаць у дачыненні да дадзеных работнікаў БМЗ крымінальную справу па факце здзяйснення сумесна з іншымі асобамі злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх", паведамляе сайт flagshtok.info.