Першы крымінальны працэс за гвалт да супрацоўнікаў МУС пачаўся ў Віцебску
Першы крымінальны працэс з ліку распачатых у дачыненні да ўдзельнікаў вулічных шэсцяў пачаўся 24 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску. Віцябляніна Андрэя Цімафеенку вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС падчас «Маршу еднасці» 6 верасня.
Паводле "Віцебскай вясны", 46-гадовага рамесніка Андрэя Цімафеенку ўзялі пад варту 30 верасня. Яго абвінавачваюць у злачынстве, якое прадугледжваецца ч.1 арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы). Віцябляніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Першае судовае паседжанне, якое адбылося 24 лістапада, доўжылася ўсяго каля чатырох хвілінаў. Андрэй Цімафеенка не пагадзіўся на замену свайго адваката, і суддзя Сняжана Кіндзеева абвесціла перапынак да пятніцы, 27 лістапада.
Па словах сяброўкі Андрэя Цімафеенкі Таццяны, 6 верасня яна на свае вочы бачыла той момант, які стаў падставай для завядзення крымінальнай справы.
«Шэраг вайскоўцаў перагарадзіў шлях і не дазваляў удзельнікам шэсця рухацца ў бок плошчы Перамогі. Людзі запатрабавалі, каб далі прайсці. Нічога супрацьпраўнага ніхто не рабіў. Андрэй выйшаў на праезную частку, каб абысці вайскоўцаў. Калона рушыла за ім. У гэты момант вайсковец хацеў схапіць чалавека ў белым адзенні. Андрэй убачыў гэта і левай рукой адсунуў вайскоўца. Не кулаком, проста далонню. І ўсё!» – расказала пасля судовага паседжання Таццяна.
Яна сцвярджае, што чалавек у форме не падаў, ён быў апрануты ў латы і ніякай фізічнай болі адчуць не мог.
Віцебская праваабаронца Ірыны Траццякова распавяла, што палітычна матываваных крымінальных справаў у Віцебску і Віцебскай вобласці было заведзена шмат. Інфармацыя пра некаторыя з іх пакуль недаступная для праваабаронцаў, таму назваць дакладную лічбу немагчыма. У 6-ці справах, распачатых у Віцебску, праваабаронцы аказваюць прававую дапамогу.
«Мы разумеем, што прававое поле ў Беларусі на сёння адсутнічае, таму рабіць нейкія прагнозы ў дачыненні заведзеных крымінальных справаў проста не выпадае», – сказала Ірына Траццякова.