viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволеных журналістак Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай

2020 2020-11-24T18:15:51+0300 2020-11-24T22:10:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barysevic_andreeva_chulcova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 24 лістапада 2020 г.

Цягам апошніх дзён улады затрымалі і адправілі ў следчыя ізалятары трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Журналістка партала TUT.BY Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медыцынскай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК ). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасці ў крыві Рамана алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.

Журналісткі тэлеканала "Белсат" Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар'я Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы пераменаў» у Мінску 15 лістапада.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем, што пераслед журналістак з боку беларускіх уладаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – свабоды выказвання свайго меркавання, свабоды слова і права на інфармацыю.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі адвольным і палітычна матываваным, а саміх журналістак палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  • Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  • Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Ініцыятыўнай група "Ідэнтычнасць і права";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА "Прававая ініцыятыва”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства