Збітага пры затрыманні менчука судзяць за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАП
24 лістапада суд Фрунзенскага раёна горада Мінска пачаў разглядаць крымінальную справу ў адносінах да Е.В. Чарвінскага. Яго абвінавачваюць па артыкуле 364 КК.
КАРТКА ПРАЦЭСА Суд: Фрунзенскага раёна Мінска Артыкул: арт. 364 КК Абвінавачаны: Е.В. Чарвінскі Пацярпелы: Сяргей Сяргеевіч Сяргееў Суддзя: Андрэй Млечка Пакаранне, запрошваемае дзяржабвінавачаннем: чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма |
Чарвінскага абвінавачваюць у тым, што з 23 па 24 верасня ён узяў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на вуліцы Глебкі ў Мінску, а ўцякаючы ад супрацоўнікаў АМАП, распыліў газавы пярцовы балончык. Пацярпелы, камандзір шостага ўзвода, прапаршчык, атрымаў хімічны апёк абодвух вачэй. Пацярпелым у справе выступае Сяргей Сяргеевіч Сяргееў.
Вядома, што пры затрыманні Чарвінскага моцна збілі: зафіксаваныя чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія выцятыя месцы на твары. Зараз абвінавачаны ўтрымліваецца пад вартай.
Пацярпеўшы папрасіў маральную кампенсацыю паўтары тысячы беларускіх рублёў, каб пералічыць грошы ў фонд хвораму дзіцёнку. Пракурор просіць пакараць абвінавачанага пазбаўленнем волі на тэрмін чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыма.
Працяг разгляду справы адбудзецца 26 лістапада ў 15.00.